Выбрать главу
Пасля ў ярме ўжо шыю гну, Ад пашы адвыкаю, Як чорны вол, цягну трупу Суцэльнага адчаю.
За мной ідуць — за радам рад Ахутаныя горам Гады мае, i ўжо назад Ім азірнуцца сорам...
А як працую за сталом Я днём i часам зорным, То не магу сябе валом Назваць, тым болей — чорным.
Парада сабе самому
Нясу, як ранец за спіной, здалёку я Аж шэсць дзесяткаў спакаваных зім. Важкая гэта ноша альбо лёгкая, Хто знае? Справа не ў гадах зусім. І плённы дзень заважыць пяцігодкаю, І пяць гадоў бясплённых — марным днём.
Не падсумоўвай паквартальнай зводкаю Таго, што вымяраецца радком.
Пастух
Нехта крывіцца, быццам не рады, Што я вершаў даўно не пішу. Мне i твораў чужых пераклады Саграваюць работай душу.
Калі думкі не ладзяць з радкамі, Ці не лепш, чым гібець ад тугі, Чым зайздросціць другім і лакцямі Іх расштурхваць,— пайсці ў пастухі?
Як належыць, у зрэбную кайстру Хлеба чорны акраец кладу, Лясну пугай, даверанай майстру, І ганю на папас чараду.
Днём хаджу па лугах ды па стромах, Што акрэслены плошчай стала, Ноччу, пэўна, хадзіў бы, каб стома, Разам з кайстрай, дазволіць магла.
І з надзеяй, яшчэ невыразнай, Прыхаванай у сэрцы маім, Дагаджаю я музай уласнай Строгім музам, вядомым усім.
Рады я, калі думка чужая, Стаўшы словам жывым пад пяром, Раптам думку маю абуджае, Што, забытая, спіць пад кустом.
Я тады падбіваю рахункі Дням i тыдням, пачуўшы здалёк, Як на голас абуджанай думкі Адгукаецца першы радок.
I, шчаслівы, не верачы цуду, Строгім музам кажу я тады: Большай платы не браў i не буду Браць з дагледжанай мной чарады.
Дзякуй, лес мой, i луг мой зялёны, I агонь, што на ім не патух. Дзякуй! Скончыўся тэрмін сезонны. Спаганяй свае гарды, пастух!
***
Не з горшых той сусед, якога Спрадвеку трунаром завуць. Твой конь прапаў — што тут такога? Але яму прыемна чуць.
Ляжыш ты ў ложку, нездаровы, Ён рад наведаць твой катух. Чакае ўжо, калі гатовы Ты будзеш для яго паслуг.
А як не ўстанеш, то змайструе Табе па мерцы ён труну, Прамову скажа хоць якую, А як папросяць — не адну,— Аб бессардэчнасці той страты, Што час прадухіліць не змог, Аб даўгавечнасці той хаты, Што з дошак збіў не ён, а бог.
Пасля прыляжа, смерці лёкай, З рыдлёўкай разам на траву... «Ну вось — i гэты ўжо далёка, А я працую. Я жыву!»
***
Зайздрошчу я мастам, не іх канструктарам, Дарогам, па якіх да нашых дзён Імчаць саставы з посвістам і грукатам, Не помнячы праслаўленых імён.
Хачу, каб так і слова — не жалезнае, Знаёмае з пакутай і слязьмі,— Ад славы і імёнаў незалежнае, Трымала сувязь з часам і людзьмі.
Хачу, каб слёзы, што ў душы радзіліся, Жыццём сваім асобным зажылі, Каб так, як дождж па шкле,
яны каціліся
І па шчацэ, і па шляхах зямлі.
Хачу, каб не прылізаным i чысценькім Быў сэрца боль, каб пёк ён i смылеў, Каб не прыкрыт быў грэх прыстойным лісцікам, Смех — гулкім рэхам быў, абвалам — гнеў.
А аўтар хто? Дзе рос? Як празываецца? Есць весткі, альбо там яны ляжаць, Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца? Знаць важна, але можна і не знаць.
Вы мне даруйце сёння, суддзі строгія, Што мой і смех і гнеў не быў такім І што, на жаль, пад імі,
як і многія,
Я прозвішчам падпісваўся сваім.
Слова невядомага салдата