Выбрать главу
К а п i т а н
Пісьмо ад Юрася... Так, так... Ступайце! С л у г а выходзіць. Пакуль гарыць камін, я знішчыць вам, Граф, дазваляю падазроны хлам.
С т а р ж ы ц к і
Нішто сабе дазвол. Нязграбна сеці Пляце павук.
К а п i т а н
Шаноўны, мы не дзеці. Я следчы ваш, а вы, я чуў, мастак, Разбяр па дрэву. С т а р ж ы ц к i Дылетант. Аматар.
К а п i т а н
Кіёчкі выразаеце? С т а р ж ы ц к i Ну так. Які ж тут грэх?
К а п i т а н
Не грэх. Сам губернатар Назімаў ix прымаў не раз, як дар...
С т а р ж ы ц к і
Сардэчны дар, па зручнаму выпадку... То ў чым бяда?
К а п i т а н
З кійкамі ўсё ў парадку. Яны сяброўскі дар, пакуль разбяр Пад арыштам. Пакуль не на вяроўцы! A трапіць на вяроўку — па галоўцы Жазлом сваім пагладзіць гасудар Назімава за,слабасць да кійкоў. У тайніках уласнымі рукамі Зрабіце вобыск, граф.
С т а р ж ы д к i
Я тайнікоў Для выпадку такога не завёў.
К а п i т а н
Тым лепш, тым лепш... A пісьмяцо часамі Прынёс не Каліноўскі Канстанцін? Ён i Марыся некалі сябрамі Лічыліся.
С т а р ж ы ц к і
Пакуль гарыць камін, Ліст, што турбуе вас, спаліце самі.
К а п i т a н
Наадварот! Пісьмо, то — козыр наш! Падкінулі паўстанцы... Вымаганне Ад графа — далучыцца да паўстання. Кваліфікую гэта, як шантаж... У следчага ў руках закон, як дышла... Марыся замужам?
С т а р ж ы ц к і
Яшчэ не выйшла. Вы з ёй хіба знаёмы?
К а п i т а н
Вельмі рад Быў пазнаёміцца... Выпадак мелі Шчаслівы... Танцавалі на вяселлі.
С т а р ж ы ц к і
Вось як! Пан не жанаты?
К а п i т a н
Быў жанат, Ды аўдавеў... Так, так... Не галадранцам, Марысі Ямант граф аддаў зямлю. Факт гэты ў следстве будзе новым шанцам Для вас. Марысі зла я не зраблю! Думкі Дом Гелены Ямант. Сад глядзіць у вокны таго пакоя, дзе некалі жыў Каліноўскі. Ён i цяпер тут: нешта піша за сталом. На канапе сядзіць Арцём Яцына.
К а л і н о ў с к і
Зямля!.. Людзей спакою пазбаўляе Яна на гэтым свеце i на тым. Зямлёю стаўшы, на зямлю жывым Свае правы нябожчык прад'яўляе. Вядуць за ўласнасць цёмную вайну Нашчадкі між сабой на свеце гэтым, Сумленне, што пярэчыць прагным мэтам, Шляхетны гонар кладучы ў трупу. Паны зямлю сваім прыгонным хлудам,— Ад мора i да мора даўжынёй,— Зрабілі, падзялілі між сабой. Зямля!.. Адным хіба цыганскім будам Яна яшчэ здаецца нічыёй — Гвалтоўным межам непадлеглым дудам.
А р ц ё м
Здарожыўся?.. Змарыўся?..
К а л і н о ў с к і
Не, Арцём, Мне шлях — не страх. Стамляюць думкі толькі. Ix больш, чым вёрст, пад коламі двухколкі Намерана за тыя дні, што сном Здаюцца неадчэпным... Ноччу, днём Крывёй сцякалі думкі, як атрады, Што даць бядзе сваёй не могуць рады. Не спыніш думак, не пераімчыш...
А р ц ё м
Дзе Яська быў?
К а л i н о ў с к i
Гуляў ca смерцю ў жмуркі, На рызманах паўстання латаў дзюркі То там, то тут... За ўсім не даглядзіш... Наведаў бацьку, родныя мясціны, Магілу маці, брата свежы крыж. Адтуль сюды прыехаў. Да Яцыны. Ці не пара братам яго пачаць Дзяліць на трох зямлю Гелены Ямант? Маўчыш? Не хочаш, каб пачаўся лямант I гвалт?.. Вось акт. Пад ім стаіць пячаць Паўстанцкая.
A р ц ё м
Без гвалту дамагліся Мы праўды.
К а л і н о ў с к і
Як?
А р ц ё м
Гелена i Марыся Братам паабяцалі, што зямлёй Надзеляць іх... Жадаюць за сабой Пакінуць толькі хвою векавую Ды старажытны дом, што я вартую.