Выбрать главу
М а р ы с ь к а
Глупства. То замілаванне, Мой любы, а не горыч льецца з воч. Каб ты не бачыў слёз, мы зробім ноч: Акно зачынім i апусцім штору, Насуперак Старжыцкаму Віктору. Сватанне Той жа пакой. Акно расчынена. Марыська i Кастусь сядзяць на падаконніку. Яны развітваюцца.
К а л і н о ў с к і
Звініць паветра ад чмялёў i пчол!
М а р ы с ь к а
Спакой.
К а л і н о ў с к і
Лясная ціхая старонка... У Вільні будзеш, з'явішся ў касцёл, I скажаш: — Я Хамуціуса жонка.
М а р ы с ь к а
Хамуціус! Хто ён такі — латыш? Ці, можа, грэк?
К а л і н о ў с к і
Пад гэтай клічкай знае Ксёндз Кастуся. Табе ён, дарагая, Дасць адрас мой. Прыедзеш?.. Што ж маўчыш?
М а р ы с ь к а
Кастусь!.. Ты чуеш, пошчак барабанны? Салдаты.
К а л і н о ў с к і
Так.
М а р ы с ь к а
Спяшайся, мой каханы!
К а л і н о ў с к і
Я не паспею. Брычка на двары.
М а р ы с ь к а
Бяжы праз сад! Майго каня бяры, За брамкаю стаіць ён, асядланы. Кастусь пацалаваў Марыську. Саскочыў з падаконніка ў сад. Ідзе спакойна. Куляй пагарджае. За брамку выйшаў. Конь яго вітае Іржаннем ціхім, тыцкае ў далонь Вільготнай пысай. Пэўна, чуе конь, Што ўжо — сваім жыццём i новай доляй Тутэйшым нівам не належыць болей. Уваходзіць A р ц ё м. У руках ягоных куфэрак, які ён асцярожна ставіць на стол.
А р ц ё м
Пакінуў нас Кастусь. Марыська, з ім Ты гаварыла?
М а р ы с ь к а
Дзядзечка, аб чым?
А р ц ё м
Няўжо ты выйдзеш замуж за другога?
М а р ы с ь к а
То клопат мой... Граф піша, што ў пятлю Сваёй нязгодай я яго пашлю. Рагнеда, як жабрачка ля napora, Ратунку просіць... Сёння сам жаніх З Геленай будзе тут. Я мушу ix Прыняць.
А р ц ё м
Не схіб. Яны жадаюць долю Тваю распяць на графавым крыжы.
М а р ы с ь к а
Свой крыж нясу. Цягнуць на крыж чужы, Хаця б i залаты, я не дазволю Сябе, Арцём. (Заўважыла куфэрак.) Прынёс куфэрак ты?
А р ц ё м
Як абяцаў... Дар Юрася святы... Жадаў ён, каб вісеў партрэт Анэлі Залогам шчасця на тваім вяселлі. У горкі час такі даваў наказ Мне бацька твой.
М а р ы с ь к а
Арцём, здымі абраз, Павесь партрэт. Бог крыўды на мужычку Не будзе мець. Арцём здымае абраз i на яго месцы вешае партрэт Анэлі. Адыходзіць. Хрысціцца.
А р ц ё м
Абраз!
М а р ы с ь к а
Цяпер, Арцём, Пакуль няма Гелены з жаніхом, Паўстанца Кастуся каня i брычку Ад ix вачэй дапытлівых схавай. А р ц ё м выходзіць. Марыська глядзіць на карціну. Пад засень дрэў зіму зганяе май... Стаіць каханне ў зрэбнай даматканцы! Жыццё мне даўшы, на лясной палянцы, Анэля, ты бязведамнай зямлёй Не стала. Ты жывеш!.. Нібы паўстанцы, На варце хвоі за тваёй спіной Стаяць. Уваходзяць Г е л е н а i ж а н д а р с к і а ф і ц э р Капітан вітаецца, цалуючы руку Марыські.
К а п i т a н
Марыі Юр'еўне сардэчны Праз следчага прывет перадае Віктор Старжыцкі, апякун яе!
М а р ы с ь к а
Як граф?
К а п i т а н
Нішто... Перыяд небяспечны He скончыўся. Але міне, дасць бог. Віктор, нарэшце, трапіў у астрог.
Г е л е н а
Ён вінаваты?
К а п i т а н
Доказаў няма У следчага.
Г е л е н а