Выбрать главу
Чаму ж тады турма?
К а п i т а н
Граф сувязь меў, гаворачы між намі, З даволі падазронымі сябрамі, Так, так... Быў пад наглядам асабняк... A хатні арышт, то не ўвагі знак Да графа, а капкан, падрыхтаваны Для доказаў магчымых, ад якіх Своечасова граф ізаляваны Законнай мерай, што ў руках маіх. Цяпер, калі Назімаў Мураўёву Здаў справы, нам — не да сяброў былых.
Г е л е н а
Пайду. А вы працягвайце размову. Г е л е н а выходзіць.
К а п i т а н
Марысі дваццаць. Мне ўжо трыццаць пяць. Ёсць розніца ва ўзросце. Разумею. Але прашу, пакіньце мне надзею. Хоць год, хоць два гатовы я чакаць...
М а р ы с ь к а
Пытанне можна, капітан, задаць?
К а п i т a н
Прашу.
М а р ы с ь к а
Кар'ера следчага ў зеніце... Навошта рызыкуеце?
К а п i т a н
Лічыце, Што я люблю вас болей, чым цара.
М а р ы с ь к а
Даўно?
К а п i т а н
З тых пор, як пасярод двара Сялянскага ў шалёнай каруселі З Марысяй мы кружылі на вяселлі. Ні дождж спыніць не мог нас, ні віхор. Калі маланка асвятляла двор, Я вочы бачыў, што з тугой глядзелі У змрок... Не кропелькі дажджу на ix Былі, а слёзы.
М а р ы с ь к а
Той віхор не сціх Дагэтуль.
К а п i т а н
Знаю, знаю... Ах, Марыя Свет Юр'еўна, абранцу вашых мар Зайздросціў я тады, хоць i жандар. Але, паверце, грозных дзён стыхія Усё змяце. Яму не абмінуць Дарог, дзе косіць дрэвы навальніца. Магчыма, потым будзе ганарыцца Ім свет, аднак не зможа свет вярнуць Таго, што пад сабою пахавае Дрыгва, дзірван, бур'ян, халодны жвір. Няўжо Марыся спадзяванне мае На нейкі цуд?
М а р ы с ь к а
О не! На манастыр.
К а п i т а н
Прашу вас: маладосці не губіце! Як любіце другога, то любіце. Я не рашэнне выслухаць прыйшоў, Пабачыцца... Як раб, чакаць гатоў Я волі неба, што кіруе намі.
М а р ы с ь к а
Надзей няма ў вас, ведаеце самі. Другому слова я дала даўно На ўсё жыццё. Не зменіцца яно. Бывайце, капітан!
К а п i т а н
Ну, што ж, прызнанне Чыстасардэчнае перад судом Суровае змяншае пакаранне. Як i раней, пакорлівым рабом Я застаюся. К а п i т а н казырае i выходзіць. З'яўляецца Г е л е н а.
Г е л е н а
Што ты нарабіла!
М а р ы с ь к а
Адмовіла.
Г е л е н а
Ён змрочны, як магіла, Быў з выгляду. Віктора пагубіла Твая нязгода, жорсткі твой адказ. Граф наш сваяк. Мы хлеб ягоны елі, Так, так... Ты не дачка мне!
М а р ы с ь к а
На абраз Зірніце.
Г е л е н а
Божа мой! Партрэт Анэлі...
М а р ы с ь к а
Купляюць, прадаюць маю душу. Я чалавек? О не! Я — горш, чым быдла. Не плачце, маці. Вам самой абрыдла Глядзець на гнюсны торг. Я адпішу Маёнтак вам. За гэта папрашу, Не крыўдзячы крыжы сваіх бацькоў, Пакіньце ім для вечнага спакою Язьмін i бэз, i гучных салаўёў, A жаўранкаў над даллю палявою — Маім дзядзькам: Арцёму i братам...
Г е л е н а
А ты?
М а р ы с ь к а
Бог знае, ды не скажа нам. Сустрэча з генералам Куча хворасту на краі ляснога балота. З супрацьлеглага берага далятае страляніна. Пасецца ў бары конь. Хвоя. Да яе прывязаны Каліноўскі. На паляну выходзяць р у с к і я с а л д а т ы i а ф і ц э р П е р ш ы с а л д а т Балота непралазнае...
Д р у г і с а л д а т Чароту, Дрыгве — канца i краю не відаць.
П а р у ч н i к Ад хвоі чалавека адвязаць!
П е р ш ы с а л д а т Ёсць адвязаць! Салдаты выконваюць загад.