Выбрать главу
К а л і н о ў с к і
Бясспрэчна, Ёсць рызыка.
П а р ф і я н о в і ч
Гатоў рызыкаваць.
К а л і н о ў с к і
Ад пастак, ад жандарскага этапу Нікога я, на жаль, не ўсцерагу, Таксама, як нікога не магу Зрабіць мядзведзем, каб смактаў ён лапу Зімовых сноў у цёплым берлагу.
П а р ф і я н о в і ч
Я сёння ад'язджаю.
К а л і н o ў с к і
Год стары Мінае. Можа, на маім парозе Адзначым Новы год?
П а р ф і я н о в і ч
Яго ў дарозе Я прывітаю бомамі ў бары. Згадаю Светаянскія муры, Парог далёкі вашае кватэры, Храм гэты.
К а л і н о ў с к і
Што ж, тады я адамкну Касцёла дзверы ў добрыя намеры, У Новы год, i ў новую вясну. Фарсіруйце ж хутчэй Беразіну! Каліноўскі выпускае з касцёла Парфіяновіча. З бакавых дзвярэй заходзіць к с ё н д з .
К с ё н д з
На вуліцах спакойна. Паступова Жыццё старыя рэчышчы свае Знаходзіць, ёлкі дзецям дастае, Танцуе пад аркестры Мураўёва, Наладжвае патрыярхальны быт. Няўжо канец?
К а л і н о ў с к і
Сягоння расстраляны Не пад аркестры, а пад барабаны, Былы паплечнік мой Далеўскі Ціт. Нядаўна ў Коўне смерцю пакараны Мацкявічус.
К с ё н д з
А летам — ксёндз Ішора, Калышка, Серакоўскі. Слёз i гора Не бачыць бог!
К а л i н о ў с к i
Не ўмею суцяшаць. Але магу, пакуль не позна, зняць З таго, хто суцяшае, даручэнне Па справе нашай ехаць за мяжу. Служыце богу, дбайце пра імшу! Ад бізуна патрэбна суцяшэнне Пакорлівай спіне.
К с ё н д з
Я не прашу Збавення для сябе. Адна бяда нас Звязала. За адступніцтва Антанас Мацкявічус мяне б пракляў навек На свеце тым. О, гэта чалавек Вялікі быў! Зямелька паглынула, На жаль, яго. Не верыў ён панам, Не давяраўся членам капітула, Хоць быў ксяндзом. Ён верыў толькі вам. Не раз, не два мой небагаты храм Чуў ад яго: «Каб мільён талёраў Я меў, то, божы занядбаўшы сан, Наймаў бы генералаў, каб сялян Вучылі за мяжой на афіцэраў...» Здагадвацца магу, што даручэнне У Кенігсберг паехаць, дачынення Не мае да маіх духоўных спраў.
К а л i н о ў с к i
Так... Малахоўскі, Длускі Баляслаў Чакаюць сродкаў, неабходных школе Ваеннай.
К с ё н д з
I яны ў маім касцёле Былі не раз!.. Цяпер мы толькі ўтрох Тут засталіся: вы, ды я, ды бог.
К а л і н о ў с к і
Бог, кажаце? Не, пробашч! Я мяркую, Што ён даўно аглух для нашых слоў, Аслеп для праўды нашай, за якую Загінулі найлепшыя з сяброў. Хіба не ix, бязлітаснай рукою З яго дазволу вешаў Мураўёў I засыпаў бязведамнай зямлёю? Цяпер ім — без магіл i без крыжоў, Заказана ў спрадвечны сад дарога. То дзе ж ён, бог?.. Тут, апроч нас, нікога Няма, айцец. Бог з храма выгнаў бога!
К с ё н д з
Калі для нас аглух ён i аслеп, Дык як жа ў Вільні аднаго пакіну Я ваяводу ў чорную часіну?
К а л і н о ў с к і
Якіх выпрабаванняў есці хлеб Мы будзем праз гадзіну ці хвіліну, Хто ведае? Чуваць настойлівы стук у дзверы. Ксёндз зірнуў у акно.
К с ё н д з
Грэх нейкую дзяўчыну На споведзь мне прыслаў. (Адмыкае дзверы.) Дачка мая, Спазніліся. Замкнёны дзверы звонку. Касцёл ужо закрыты... Хто вы?
М а р ы с ь к а
(уваходзячы) Я Хамуціуса жонка. Новы год Асабняк у Вільні. Той жа кабінет. Каліноўскі i Марыська.
К а л і н о ў с к і
Хто б спадзявацца мог, што так сустрэнем З табой мы Новы год?
М а р ы с ь к а
Адны.
К а л i н о ў с к i Але.