Выбрать главу
М а с о л а ў
Вы знаеце прысуд свой, безумоўна?
К а л i н о ў с к i
Але.
М а с о л a ў
Я разумею, не тактоўна, Ды i не час пытанні задаваць. Я скромны нарысіст. Хачу пісаць Пра час наш успаміны.
К а л і н о ў с к і
Мне ўсё роўна. Прывык да следства. Можаце пытаць.
М а с о л a ў
Наш час — арэна боек... Як пасмелі Вы, раб яго, не бог, а чалавек, Аддаць жыццё юнацкае на здзек Уладару вядзьмарскай каруселі? Дужэйшыя скарыць яго хацелі, Ды не змаглі. Не выйгралі вайну.
К а л і н о ў с к і
Я ім не стаўлю гэтага ў віну. Яны ляглі ў зямлю, мы следам ляжам. Ды нехта ж прыйдзе, стаўшы мсціўцам нашым, І скруціць д'яблу рог, як барану. Не раджу адпяваць нас канчаткова. Чакае зерне наша на ўзыход З раллі.
М а с о л a ў
На ўвазе маеце народ?..
К а л i н о ў с к i
Яшчэ свайго не вымавіў ён слова.
М а с о л a ў
Але чаму?.. Пакуль з Варшавай вы Спрачаліся за ўладу, за правы Сярмяжнай Беларусі i Літвы, Па вёснах, пад наглядам Мураўёва, Цар касаваў прыгонныя правы.
К а л i н о ў с к i
Страх касаваў. Тут не цара заслуга: Збаялася сякер мужыцкіх пуга Прыгонніцтва. Праз мутны Рубікон, Не цар, паўстанні страшны след праклалі. Яны крывёю фарбавалі хвалі Ракі, пад назвай д'ябальскай — Прыгон. Ён многіх паглынуў. Мы можам згінуць, Кат можа нам заткнуць зямлёю рот, Але сякеры, пушчаныя ў ход, Ужо з крутога берага не скінуць, Не сцерці наш, на ім прыкметны, знак.
М а с о л a ў
Яшчэ хачу спытаць. Хто вы? Паляк Альбо літвін? Ці беларус, якога Не ведае ніхто, апроч лясоў, Ды лесуноў, ды курнага парогa?.. Хто будзеце?
К а л i н о ў с к i
Мне дваццаць шэсць гадоў. Край беларускі, з матчынай калыскі Да гэтых дзён, мне дарагі i блізкі. Я сын яго i ганаруся тым, Што з ім паветрам дыхаю адным. Я знаю, маюць права ўсе народы На ўвагу праўды, шчасця i свабоды. Я зычу ўсім дабра.
М а с о л a ў
A рускім, нам?
К а л i н о ў с к і
Я прыяцель Pacii, той, якая Дабра жадае нам, а не панам Сваім i польскім, той, што не жадае Свайму народу згубнага жыцця, Бурлацкіх стогнаў, катаргі кандальнай. Яшчэ пытанні ёсць?
М а с о л a ў
Не!.. Спавядальнай Размовай, бачу, злоўжываю я. Хто вы — я зразумеў. Вы — сацыяльнай Сусветнай рэвалюцыі дзіця.
М а с о л a ў выходзіць з камеры.
Каліноўскі садзіцца за стол, дзе для яго патрэб стаіць чарніліца, ляжыць папера. Бярэцца за пяро. Піша. Незаўважаны ім, у камеру ўвайшоў к а п i т а н.
К а п i т a н
Дазвольце прывітаць!
К а л i н о ў с к i
A! Капітан!
К а п i т а н
Пазналі?.. Не заслаў яшчэ туман Стрэч нашых вольных светлыя хвіліны?
К а л і н о ў с к і
Няўжо i ў вас таксам a выспеў план Пісаць аб днях мінулых успаміны?
К а п i т а н
Крый бог!.. Славеснасць, кажучы банальна, Супрацьпаказана са школы мне.
К а л і н о ў с к і
Прыйшлі ў былой пакаяцца віне, Што скончылася для мяне фатальна? Прыйшлі, каб дакараць? Не трацце слоў. Як i раней, магу я капітану Сказаць, што не прасіў, прасіць не стану У суддзяў пажыццёвых ланцугоў. Ці, можа, што суду няясна?
К а п i т а н
Ясна Усё. Даўно. Ствараючы зямлю, Бог даў на гора людзям адначасна Дабро i зло, каханне i пятлю... Прыйшоў, каб вызваліць, пакуль не позна, З астрога Кастуся... Марыся слёзна Прасіла. Я адмовіць ёй не мог.
К а л i н о ў с к i
Не веру.
К а п i т а н
(паказваючы прадпісанне) Што ж, зірніце на паперу. Загад?