Выбрать главу
К а л i н о ў с к i Загад.
К а п i т а н
Фальшывы... Бачыць бог, Іду дзеля Марысі на падлог, На крок недаравальны афіцэру. Я вызваляю вас, мяне яна Ратуе, як злачынца, за мяжою, Паабяцаўшы жонкай стаць маёю. Як бачыце, нас трох бяда адна Звязала непазбежнасдю адною. Другіх, на жаль, магчымасцяў няма.
К а л i н о ў с к i Узяць Марысю капітан гатовы У рабства?
К а п i т а н
Папікаеце дарма. Не я, яна прадыктавала ўмовы, Я — толькі раб няшчаснай прапановы. Не я цяпер рашаю лес яе,— Заложніцы святой любві свае, Любві, якой не мне даваць парады,— Над ёй адказ ваш мае сілу ўлады. Прымаеце свабоду?
К а л і н о ў с к і
Не прыму.
К а п i т а н
Няўжо Марысю кінеце ў турму? Так, так!.. У манастыр!.. I вам не шкода Красы, якой аздобіла прырода Яе?.. А я — гатоў маліцца ёй, Аб косах марыць, як сляпы аб цудзе!
К а л і н о ў с к і
Зазнаўшы лес нявольніцы, не будзе Марыся ўжо Марысяю былой. А я, аддаўшы глуму i пакуце Усё, што сэрца лічыць дарагім, Хіба не стану для яе чужым? Не!.. Хай даруе мне высакародны Злачынец, толькі ў час перадсмяротны Я за сваю свабоду не прадам Яе свабоду!..
К а п i т а н
Што сказаць мне вам? Я не шкадую, што пабачыў вас, Шкадую толькі — што ў апошні раз! К а п i т а н пакідае камеру. Каліноўскі падыходзіць да закратаванага акна.
К а л і н о ў с к і
Там, за акном — абрыс пятлі мае... Жыцця, што праўдзе я аддаў дазвання, Не шкода... Шкода толькі ў час расстання Мне вол i ў полі, як народ пяе, На небе сонца, на зямлі кахання. (Бярэ са стала ліст да Марысі. Чытае ўслых.) «Марыська чарнабровая мая, Дзе шчасце, доля ясная твая? Усё прайшло i не збылося ў часе. Адна страшэнна горыч засталася I каменем на сэрца смутак лёг. Калі ўжо нас за нашу праўду бог Пачаў караць і, з вісельняй у згодзе, Нам прападаць прызначыў пры ўваходзе У вечны сад, то мы хутчэй загінем, Чым скардзіцца пачнём на марны лес, Хутчэй ад шчасця i саміх нябёс Адмовімся, a праўды не пакінем...» Каліноўскі зноў сеў за стол. Абапёрся на яго рукой... У камеру, пакінуўшы незачыненымі дзверы, увайшоў м а л а д ы ч а л а в е к . . . Але гэта ўжо не ява, а сненне.
К а л i н о ў с к i
Тут адзіночка, а не прахадны Двор... Госць дзвярэй, з падвойнымі замкамі, Не зачыніў.
М а л а д ы ч а л а в е к
Так. Кастуся яны Цяпер з астрога выпускаюць самі. Пайшлі ca мной.
К а л і н о ў с к і
Куды? Я не ўяўляю Хто ты такі. Мяне ты знаеш?
М а л а д ы ч а л а в е к
Знаю I помню Кастуся даўно, з часоў Свайго маленства. Я магу паймённа Пералічыць усіх яго сяброў, Арцёма, i Мальвіну, i Лявона, I іншых... Я па сцежках тых блукаў Над Нёманам, дзе ён гуляў з Марысяй, Вянкі i пальцы, як вянкі, сплятаў. Здзіўляешся? Дарэмна. Не дзівіся.
К а л i н о ў с к і
Адкуль ты можаш ведаць гэта?
М а л а д ы ч а л а в е к
З кніг.
К а л i н о ў с к i А!..
М а л а д ы ч а л а в е к
I яшчэ са следчых пратаколаў. Чаму ты пазмрачнеў ад слоў маіх? Хадзем ад мёртвых продкаў да жывых Патомкаў! Не схіляй на грудзі голаў.
К а л і н о ў с к і
Чакай... Жыццё, на жаль, у нас адно...
М а л а д ы ч а л а в е к
Бяры пяро, паперу, верш прачуты, Што ты Марысі склаў, а за адно Вазьмі з сабою i яе пакуты, Вынось адгэтуль i цяжкі свой крыж, Нічога тут не пакідай... Ты спіш? Паспі перад дарогай... Заўтра рана, Пад гук трубы i пошчак барабана, Цябе канвой на плошчу павядзе. Натоўп расступіцца i прагудзе Трыццацітысячнымі галасамі. Пасля, калі яго бязладны хор Пачне сціхаць, бядзе наперакор, Вясёла страсянуўшы валасамі, Ты смела ўзыдзеш на круты памост I станеш перад смерцю ў поўны рост... Праз мутнае акно сваёй пятлі Зірнеш у вочы людзям, a калі Зямлю асвеціць сонца, што ў засадзе Таілася да гэтае пары, Ты ўчуеш песню жаўранка ўгары, Убачыш мужыка на даляглядзе З канём i сошкай, i шапнеш: «Ары!..» Эпілог 1871 год. Парыж. Вясна. У вестыбюлі гасцініцы, то тут то там, спяць на падлозе федэраты — байды Парыжскай Камуны. Світае. З другога паверха спускаецца М а р ы с ь к а ў апратцы манашкі, з драўляным распяццем па грудзях. Углядаецца ў твары федэратаў, нібы некага шукаючы сярод ix. Заўважыла крэсла, у якім дрэмле чалавек. Адна рука ягоная, як перабітае крыло, звісае долу. Падышла. Гэта Урублеўскі. Адчуўшы на сабе ўважлівы позірк, ён ачнуўся. Глядзіць на Марыську.