Выбрать главу
І толькі ён не рос на той дзялянцы, Дзе не работу дзеляць, а харчы... На подзвіг, а не танныя заробкі Ішоў зямляк наш, кнігі кладучы На шалі часу, нібы самародкі, З пластоў глыбокіх вымытыя працай...
14
I прыкладу таму рэкамендацый Маіх не трэба. Як не трэба ix Hi для чытацкіх сфер, ні для рэдакцый. Пішу аб ім я згодна праў другіх... Не для таго размова, каб часова Развеяць зразумелую тугу Нам блізкай страты: не скажу я слова Цяпер — пасля, не знаю, ці змагу. Пасля, пасля!.. А як яго не стане, А як не будзе гэтага пасля?..
Пішу цяпер, пакуль я на паляне, Пакуль яшчэ са мной мая зямля, Пакуль яшчэ пры мне мае цяпельца І часу прысак на яго не лёг... А дагарыць агонь, прашу цябе я, Мой шлях, — ты не падпісвай некралог, А новы раскладзі агонь пад Доўскам... І без мяне з вандроўнікам другім Пагавары аб часе, аб Твардоўскім, Як мы з табой, пры вогнішчы жывым, На месцы тым, дзе бушавала бітва...
Няхай, як памяць вечная аб ім Твая, як да цябе мая малітва, Ідзе ўгару, далоні склаўшы, дым.
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА
Я знаю, ты, мой шлях, перажывеш Мяне, мой верш.
Дык знай, калі рубеж
Ты не мінеш, які завуць вайною, Апошняй бітваю дабра са злом, З тым злом, што мы пад Брэстам i Масквою У сорак першым нішчылі з табою,— Знай: дзень, што судным выбухне агнём, Той дзень і нашым будзе судным днём.
Тады мяне ты ўспомні, як салдата. А за грахі, калі яны былі, Не дазваляй пад дулам аўтамата Злу верш мой гнаць на мінныя палі. Ты не дазволь, каб за маёй спіною Зло з крыкамі злараднымі ішло. Дазволь, каб верш мой мінай стаў тваёю Там, дзе крывёю захлынецца зло.
У судны дзень дазволь радку ўзрывацца, Сабе самому выракаць прысуд, Дазволь загінуць для таго, каб тут, Дзе я жыву цяпер, ты мог застацца. Каб тут, на месцы векавых пакут, Каб тут, дзе не загіне наша праца, Ты, сын Зямлі, мог абдымаць Зямлю... Варшаўскі шлях, аб тым цябе малю!

3

Хамуціус

Паэма

Ствараючы аблічча свету новага,

Ствараем мы i новае аблічча

Тым, хто загінуў,

М. Бакуш

«Мой родны брат! Я пакідаю свет.

Пішу табе не ліст, а запавет...

Узняўшы бунт, народу-жабраку

Мы камень падалі, а не руку.

Мы гінем ад таго, што абяцалі

Зям'лю яму, а не далі ні цалі.

Калі затрубіць новай бітвы рог,

Паўстанец пакладзе на твой парог

Мой запавет, a ў ім — зямлю магната:

Тваю, маю... Раздай жа долю брата

Тым, хто яе арэ. На гэта права

Не я табе даю, а наша справа».

З ліста Юрася Старжыцкага
Пад вячыстай хвояй
Год 1862. Гасціная ў засцянковым доме. Летняя раніца. Хвоя за акном. Гаспадыня Г е л е н а Я м а и т услухоўваецца ў яе вячысты пошум. Уваходзіць сястра Гелены — Р а г н е д а С т а р ж ы ц к а я , маладая, зграбная жанчына.
Г е л е н а
Рагнеда, ты? Hi свет i ні зара...
Р а г н е д а
Навіны ёсць... Геленачка, сястра, Як маешся?
Г е л е н а
Як верны пёс руіны, Вартую дом, дзе мы з табой раслі, Крыжы бацькоў ды ўласныя ўспаміны.
Р а г н е д а
Здароўе як?
Г е л е н а
Тапчуся па зямлі. А дзе ж твой муж?
Р а г н е д а
Пацеха! Пан маршалак Не страціў спрыт да выразання палак, Прабач яго за гэтыя дзівосы — З карэты злез i паімчаўся, босы, У твой ляшчыннік. Я трымаць не стала.
Г е л е н а
А,што, яму сваіх лясоў замала? — Не выхадзіш за тыдзень.
Р а г н е д а
Гэты кут Ён любіць. А яшчэ — сцяжынкі тыя, Што некалі таптаў ca мною тут.