Выбрать главу
Цябе, былая маладосьць, Вітаюць памяць і ўспаміны. Але і сёньня сілы ёсьць, Я маю палкія хвіліны.
Я З ТАБОЙ ПЯЮ
Я гляджу на мілую маю I чульліва край мой пазнаю; У цябе бялявая каса, А я ў думках кужаль расчасаў.
Мне здаецца, у вачох тваіх — Сіні цьвет валошак палявых. Ты ўзбудзіла песьняй мой пакой. Дзе-ж мая цьвярозасьць і спакой?
Я хмялею ўцешна бяз віна. Ці ня ў гэтым ёсьць твая віна? Я укленчыў... Я з табой пяю. Бацькаўшчыну ў мілай пазнаю.
МОСТ
Я пазнаю ў вачох тваіх Мой сьмех далёкай маладосьці, Той сьмех яшчэ ў грудзёх Ня сьціх. Ты памятаеш? Там — на мосьце...
Мы там на Случчыне, калі Вясны зьвіваліся каралі, Лакцямi поручні гнялі I ў рэчцы нераст назіралі.
Цьвіла няўрымсьлівая сінь, Яна здавалася густою. Там зіхацелі карасі Сваёю срэбнаю лускою.
I мітусіліся ў вадзе. I тая хваляў таямнiца Аж праз гады да нас ідзе I Случ З дзяцінствам нашым Сьніцца.
I не забыцца як і мой I твой На мосьце сьмех гайдаўся. Была ад рыбiны нямой У рабаціньні скрозь Вада ўся.
Мы мелі свой утульны кут, Хаванку хітрую між паляў. Ня зналі Злыдняў і пакут, Нырца давалі Супраць хваляў.
Плылі, плылі I даплылі... А берагі цяпер ня тыя. Дзе гоман роднае зямлі? Дзе нашы звычаі сьвятыя?
I толькі сьмех яшчэ ня сьціх, Ён на чужым, На іншым мосьце... Я пазнаю ў вачох тваіх Мой сьмех далёкай маладосьці.
ДЗЬВЕ КРОПЛІ
Вось ізноў загучэлі Струны віялянчэлі. Напамiнам званчэлі На далёкай чужыне
Мне аб роднай сьвятыні, Аб пакінутым краі. На хвіліну здалося мне, Што вясна ў нашай восені Нам санату іграе.
У блакітныя вокны — Дажджавыя валокны. Ды на шыбінах Завіваюцца, Раздрабняюцца, Разьлятаюцца Дыямэнтамі-кроплямі... Вобраз мякка пантоплямі Шамаціць па падлозе I чаруе паэта... Гэта — Радасьцi сьлёзы Адсьпяванага лета.
Хай надвор'ем пахмурым Павявае над мурам, — Мне выбраньніца Усьміхаецца Добрай раніцай. I тараніцца Маё сэрца пачуцьцямі... Шмат вады ўскаламуцілі. А паэзіі мала. Сёньня мроіцца-сьніцца Залатая навала, Звонкіх слоў навальніца.
У блакітныя вокны — Дажджавыя валокны: Кропля падае, На шкло падае, Сьлёзы радасьці Мне нагадвае. З іншай коціцца кропляю — Павялічанай, Цёплаю... I радкі на паперы, Нібы сонца праменыні. Бяз любові і веры Не гарэць у натхненьні.
Ты са мной, дарагая! I паэма другая Нараджаецца, Афармляецца, Разьвінаецца... Вунь зьліваецца Кропля з кропляю дробнаю... Штосьці вечна-падобнае... Гэтак я, ты і словы — У адзіную вязку. Выйдзе верш адмысловы, Ператвораны ў казку.
УДВАЁХ
Мой вечар сноў і ўцех, Дажынкі з роднай нівы! На пешчах плешча сьмех, Твой сьмех гарачы, кплівы.
Сьмяешся ты, што лёс Малодзіць наша цела. Пачуцьці ўсе ўнахлёст, — Гарэзіць закарцела.
Гарэзьлівым хвала! Я зноў табой угрэты... Ці краска адцьвіла? Ці адзьвінелі леты?
Ці згінула руно Астрыжаных авечак? Няўжо і нам адно Паліць агаркі сьвечак?
Ды сьмех твой, як шамкі, Рассыпаўся па хаце. Гады — не жабракі, Ня згублена багацьце.
Як быццам і цяпер Тых вёснаў васемнаццаць Аберуч ашчапер, Каб мог і я сьмяяцца.
I ў тзлескоп гадоў Глядзець на сонца толькі, Ды сьцерці пыл сьлядоў Старой самоты-болькі.
Зьвярок жаданьняў лёг На радасьцi, на мукі... Нам соладка ўдваёх Пасьля даўгой разлукі.
ТВАЯ ЎСЬМЕШКА
Крыўда болем выводзіць крывую, Пакрываючы шчасьце журбою. А я слова бяру і чарую, Ходзіць сонцам яно над табою, Каб скрозь сьлёзы сьмяялася ты, Каб твой позірк быў чысты, сьвяты, З цяплынёю жаночай, з мальбою.
Тое слова ў пакрыўджаным сэрцы Можа выпрастаць, згладзіць крывую. На канцэрце яно. I ў канвэрце. Гэтым словам цябе я чарую. Весяліцца прамень на сьцяне. Твая ўсьмешка ў высокай цане, Яна ў песьні. I я трыюмфую.
* * *
А няўжо я жаданьнем запозьненым Пазіраю у вочы твае? Iскры сьмеху красаеш ты позіркам, З гэтых іскраў пажар паўстае.
* * *
Я веру ў чыстае каханьне, Яно і ў справе і ў забаве. З табой мядовае спатканьне У снох, у думках і наяве.
АРФА ДУШЫ
За сілу пачуцьцяў, за сонечны сьвет Эротыку лае сухі пустацьвет.
Нікчэмная лірыка! Сьпеў дзікуна Аб тым, што за цёмнай фіранкай вакна!
Паклёпы растуць і рыхтуюць турму. I людзі маўчаць, не пярэчаць таму.
Здаецца паўстала сьляпая пара — Яны пагарджаюць свайго песьняра.
А нехта ўздыхае ў галоднай цішы: Ты — наш адгалосак. Ты — арфа душы.
НА ВЯТРЫ
Гэта ўсё, што ня мог і ня сьмеў я сказаць, Накіпела ў маёй неспакойнай душы. А ці варта імя дарагой выразаць На бярэсьце чужой і бязьлюднай глушы?