Выбрать главу

Хвілінка

Ігар Бабкоў 

(Пяцьдзясят два крокі ў полацкіх лабірынтах)

Раман

Літаратурна-мастацкае выданне

Дызайн вокладкі Артур Вакараў

© Бабкоў І., 2013

© Выдавец Логвінаў І. П., 2013

Гісторый усяго чатыры

Хорхэ Луіс Борхес

Партрэт мастака, нябачны ў сутонні

1.

Францішак любіў казаць, што ён нарадзіўся ў гэтым часе і гэтым месцы толькі дзеля таго, каб пакаштаваць добрай кавы ў прыстойнай кампаніі.

Было, праўда, няясна, жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна: інтанацыя, з якой вымаўлялася фраза, заўважна мянялася ў залежнасці ад гадзіны, пары года, месца, а таксама ад колькасці выпітага каньяку.

Гэтая фраза магла гучаць ціха і спакушальна, у каляровай раскошы восеньскага сутоння. Магла роспачна — як званок у хуткую дапамогу. Магла гучаць сціплай канстатацыяй: так, сапраўды, больш анічога не застаецца рабіць у эпоху непапраўнай дэградацыі свету, у часы Калі-Югі, як толькі прыйсці ў кавярню і замовіць гэты кубачак з густой, цёмна-духмянай вадкасцю. І потым доўга сядзець, гледзячы кудысьці далёка, працінаючы позіркам сцены і эпохі.

Таксама не было ясна, што значыць “прыстойная кампанія”: усе ведалі, што Францішак любіў піць каву адзін.

***

Зрэшты, я дакладна ведаю, што Францішак зусім не жартаваў. Ён гаварыў чыстую праўду.

Было такое месца ў Менску ў халодныя часы. Нават цяпер, калі ўсё змянілася, некаторым людзям — і ў асаблівыя моманты — я прызначаю там спатканні.

Назва была дастаткова простая для эпохі, зачараванай пластыкам і сіліконам: Хвілінка.

Адкуль яна паўстала, было невядома. Некаторыя думалі, што так пераклалі французска-расейскае бістро, іншым чуліся метафізічныя ноткі. Хвілінка, казалі яны, — гэта само чалавечае жыццё, у якое мы патрапляем зусім не велічна, без фанфараў. З няяснымі мэтамі. І дзе кожны спрабуе знайсці штосьці сваё.

Так, сапраўды, для большасці: смачныя пахі, прадчуванне магчымасцяў, спроба выбраць. Потым доўгая чарга. Потым каса, дзе трэба за ўсё заплаціць. Потым...

Але не гэта было галоўным.

Сюды можна было прыйсці, — так мы тады казалі.

Гэта было дзіўнае месца.

Уласна кажучы, гэта была зусім і не кавярня. Там не было асобнага ўвахода, гардэроба з люстэркам, не было залы са столікамі і афіцыянтамі. Толькі невялічкі барны закуток з трыма стойкамі, — напрыканцы адной з першых менскіх піцэрыяў. У гэтым закутку стаяў каўны апарат, на якім рабілі эспрэса — таксама адзін з першых у познесавецкую эпоху — і, напэўна, найлепшы.

Зрэшты, і гэта яшчэ нічога не тлумачыць. Ясна, былі й іншыя месцы. Былі сапраўдныя кавярні, былі ціхія куточкі ў гастраномах, дзе стаялі каўныя апараты, і ў некаторых кава была някепская. Пад гадзіннікам, альбо на Чырвонай. Часам усе скіроўваліся туды — у пошуках чагосьці новага, незвычайнага.

І тады знаходзілі сябе ў іншых дэкарацыях. Напэўна, проста таму, што доўга сядзець — стамляе (так сказаў адзін наш добры знаёмы, калі яго запыталі, навошта ён пацягнуўся ў Кітай з Індыі, адзін, у шостым стагоддзі нашай эры).

Сапраўды, былі розныя магчымасці. Была Халодная кавярня, у сутарэннях пад Палацам Мастацтва, дзе каву гатаваць не ўмелі, але дзе можна было чытаць і гаварыць гадзінамі, пакуль не змерзнеш. Была Звар’яцелая кавярня ў Траецкім, на другім паверсе, дзе гатавалі толькі па-ўсходняму, і дзе весці размову было немагчыма — бо там гаварылі адразу ўсе, голасна, амаль крычалі.

І ўсё ж такі гэты закуток быў асаблівым.

Перш за ўсё, асаблівай была прастора.

Гэта было ўзвышша, самае высокае месца горада. І да таго ж, месца разлому.

***

Тут на паверхню выходзіла штосьці вельмі важнае.

З левага боку ад праспекта, на якім стаяла Хвілінка, пачынаўся Верхні Горад. Паўзруйнаваны, ён адразу ж абрываўся ў Нямігу, метафізічную раку з крывавымі берагамі, з якой пачалася тутэйшая гісторыя. Яна цякла ў шматлікіх тэкстах і ўжо адтуль патрапляла ў нашую свядомасць. Рака бяссоння, так яе называлі старыя балты.

Людзі, якія жылі тут, былі неяк выкінутыя са звычайнага радаснага колазвароту мільённага горада, з ягонымі тралейбусамі і аўтобусамі, выставамі і кінатэатрамі, новымі мікрараёнамі, дзе горда луналі духі часу. Яны выглядалі так, як быццам пражываюць ужо не першае жыццё і проста крыху стаміліся ад яго навязлівага карнавалу.