Здараліся і карнавалы.
Раз-пораз сюды зазіралі акторы Лепшага тэатра, звычайна пасля рэпетыцыі, а часам нават і перад спектаклем. Іх было бачна адразу. Яны заходзілі ў Хвілінку, як на сцэну, весела і святочна, нават крыху па-цыганску. І радасна — цяпер яны ладзілі свой уласны спектакль і маглі гаварыць сваімі галасамі.
Але ўсё было не так проста. Іх галасы існавалі, як быццам, па-за іх уладальнікамі. Інтанацыі, эмоцыі, словы — усё гэта ўцякала ад іх, аддзялялася, хацела быць асобным і самадастатковым.
Напачатку я разгубіўся.
Усё было не так, як выглядала. Усё блытала, падманвала.
Нават знешняе: самы эфектны, з вусамі, як у Сальвадора Далі, быў сціплым асвятляльнікам, а іншы, просты, амаль незаўважны, — геніяльным акторам.
Яны гуляліся ў адмысловую гульню.
Прымервалі маскі. Мянялі іх. І нават мяняліся імі.
У гэтым было штосьці дзіўнае: сёння ты Праспера ў містычнай п’есе Шэкспіра, а заўтра — сакратар райкама партыі ў вытворчай аднадзёнцы невядомага савецкага аўтара.
Я так і не змог зразумець да канца, што з імі адбывалася.
Не змог прачытаць іх сапраўдныя твары. Тыя, якімі яны былі ў рэальнасці. Ці маглі б быць.
Іх маскі не проста прырасталі да твараў, яны і былі іх тварамі.
Трэба сказаць, што ў жыцці ўсё было наадварот. Усе хацелі стаць кімсьці. Выбраць сабе толькі адзін твар — адразу і назаўсёды.
Там, у тым жыцці гэтая гульня называлася “знайсці сябе”. У яе гулялі сур’ёзна і апантана. Часам усё жыццё.
Яны ж ішлі ў адваротным кірунку. Гублялі сябе, растрачвалі сябе на розныя жыцці, прымяралі — і прымяраліся — да розных твараў.
Я ўжо тады адчуваў, як гэта было небяспечна. Бо чым больш масак ты прымяраеш, тым менш здольны ў іх верыць, лічыць іх сваімі.
І тым менш верыш, што п’еса мае хаця б які сэнс.
І яшчэ адно пытанне ўсё ж вярэдзіла і цікавала.
Што адбывалася з імі позна ўвечары, калі яны здымалі маскі? Калі яны заставаліся сам-насам з пустэляй? Што яна ім гаварыла ў гэты момант? Што нашэптвала? Чым спакушала?
Прызнаюся шчыра, гледзячы на іх, мне самому захацелася пра гэта даведацца. Выйсці на сцэну са сваёй маскай. Ці, можа, са сваімі маскамі. Стаць часткай карнавала.
Але аднойчы ранкам я прачнуўся і ўцяміў, што нікуды не трэба выходзіць. Што я і так ужо на сцэне.
І што спектакль ідзе даўно і напоўніцу.
***
Самая цікавая кампанія збіралася ў далёкім куце.
Чулася штосьці пра Ўсход, гучалі дзіўныя, незнаёмыя словы — сатары, самадхі, дзэн патрыярхаў... Я не проста слухаў гэтыя дыскусіі з захапленнем, я пражываў разам з імі важныя рэчы.
Разам з імі адкрываў — для сябе — Бенарэскі парк, спатканне, невялікую кампанію, што сабралася там аднойчы для размовы, рэха ад якой дасюль гучыць у свеце.
Альбо са здзіўленнем даведваўся, што пад імем Хаяма хаваецца насамрэч цэлая традыцыя, у якой былі дзясяткі паэтаў. І што віно ў ягоных вершах — не тое самае віно, што прадаецца праз дарогу, ва ўніверсаме Цэнтральны.
Там я ўпершыню пачуў пра суфіяў і пра хасідаў, пра алхімічнае вяселле і містэрыю ўз’яднання.
Пасля адной з такіх дыскусій я раптам усведаміў, што меў на ўвазе Нагарджуна, гаворачы пра адсутнасць альбо пустэчу, з якой усё нараджаецца.
***
Менавіта там, у Хвілінцы маё жыццё раптам адкрылася мне як кветка: у яго празрыстай няўцямнасці, загадкавай і незразумелай прысутнасці in-der-Welt.
Як гэта здарылася, я памятаю і цяпер: я стаяў за высокім столікам. Была позняя восеньская раніца 1982 года. Сонца ледзьве прабівалася праз хмары.
Я замовіў падвойную, як звычайна, і стаяў за далёкай стойкай, адзін. Горад распачаў працоўны дзень, і цяпер, пасля ранішняй мітусні, крыху аціх, затрымаўся — ці то ў чаканні абеду, ці то ўжо ў прадчуванні вясёлай вечаровай ілюмінацыі.
І тут за вакном адбылося штосьці надзвычайнае. Я адчуў гэта ўнутры, усёй сваёй істотай.
Усё раптам знікла.
Я прысеў на падвоканне, мне стала млосна. Але гэта было не проста фізічнае пачуццё, а штосьці больш складанае і насычанае. Амаль неадсюль. Штосьці накшталт сартраўскай nausea. Памятаеце, у ягоным рамане галоўны герой патрапляе ў гэтую пастку.
Усё, што было такім важным, усё што так ганарылася сваёй трываласцю, імкнулася быць назаўсёды — усяго гэтага больш не існавала.
Свет павольна адыходзіў ад мяне, згортваўся ў клубочак, знікаў. Гэта было дзіўнае пачуццё: я адчуваў сябе так, як быццам бы свет завіс у маёй свядомасці, нібы навагодняя цацка на святочнай ялінцы. Яе можна было пагойдаць, можна было пахадзіць вакол, прыгледзецца.