Выбрать главу
А за што?.. Калі беспакарана, Без суда не можа жыць паэт — Дык, відаць, за тое, што зарана Я прыйшоў на гэты белы свет.
Затрымаўся б так гадкоў на сорак — Быў бы сёння мудры, як і ўсе, І як той бязгрэшны пракурорык, Што мяне за лацканы трасе.
1993

Добрыя людзі

Добрыя людзі, Ну будзьце ж вы добрымі! Хіба не бачыце: Я — па-за вамі. Марна вы, марна Турботамі дробнымі Сцежкі да сэрца майго Пазаймалі.
Я — па-за вамі. Не злуйцеся, любыя. Гэта мінецца. Я дзесьці — часова. Потым вярнуся. Жывы. Незагублены. Потым... Як вернецца Роднае слова.
1993

Загадка прыроды

О тая ўночы бліскавіца Над жоўтым зарывам святла!.. Чаму, чаму яна спавіта І стужкай чорнаю была?..
1993

* * *

Ты кпіш з маіх пакут? З маёй бяды вялікай — Маёй і многіх? Што ж! Пасмейся! Пахіхікай!
Цябе не мог праняць Разрыўны боль пякучы. Ты маску зняў — і ўсё: І ўсе твае пакуты!..
1993

Талісман

Талісман, ты мяне беражы, Беражы, талісман, беражы, І на самым крутым віражы Затрымай на апошняй мяжы. Я так веру ў цябе, талісман! Я цалую цябе, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы І мацней да жыцця прывяжы. На зямлі, дзе радзіўся і рос, Дзе паверыў аднойчы ў свой лес, Не аддай у бязвер'е і зман, — Ты адзіны мой бог, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы, Беражы і яшчэ паслужы: На развілку дарог у глушы, Дзе бялее рушнік на крыжы, — Пераймі ад кашчавай ганца — Каб я песню дапеў да канца.
25.XI.1993

З эпасу маленства

Штрых да біяграфіі

Зноў стужку памяці кручу — Гляджу сваё маленства. Як страшна хлеба я хачу! Калі яго наемся? Ці на двары стаіць паўдзён, Ці раніца, ці вечар — Чаму я так яму жадзён? Чаму галодны вечна?
Вось адвячоркам на грудку, Дзе жніўны дух гарачы, Сястра мне сунула ў руку Малюсенькі акрайчык. Хоць пахнуў паранкай праснак І быў зямліста-шэры — Я і дагэтуль помню смак Сіроцкай той вячэры...
Вось у дзічы, пад купай лоз, Ляжу цішком, як мёртвы. А цётка — о, шчаслівы лес! — Дае мне хрушчык з морквы. І я патрошачку зусім Адкусваю з-пад пальца — Каб як мага даўжэй мне з ім, Даўжэй з ім не расстацца...
Куды ні ткнуся ў памяць тых Далёкіх дзён мінулых — Усё адзін і той жа штрых, Адзін і той малюнак. З ім да сівых дажыў гадоў. A ў старасці пачэснай — Здаецца... скора буду зноў Жадзён скарынцы чэрствай.
23.XII.1993

Мой гнеў прарос са слёз майго дзіцяці

Панок, што ў нашы дні (хвала харобрым!) Як дысідэнт падаўся на чужыну, Прылюдна збэсціў крык душы збалелай, Што даляцеў здаля, з шасцідзесятых.
Шасцідзесятыя... Я помню, помню, Як прыбягаў дадому з горкім плачам Малы мой сын: «Там хлопчыкі ў двары Б'юць кулакамі ў твар мяне за тое, Што я па-беларуску гавару!..» Ён мне крычаў з такою крыўдай гэта І так глядзеў праз слёзы на мяне, Як быццам я ва ўсім быў вінаваты.
Я суцяшаў, як мог, малога сына, Як мог, дзікунства хлапчукоў тлумачыў, А на душы ў самога закіпала Святая лютасць: «Ну, чакайце, злыдні, Правадыры шчаслівай Беларусі, Манкуртаў хросныя бацькі! Яшчэ вам Гісторыя належнае аддасць!..»
Мой гнеў прарос са слёз майго дзіцяці. І страшна мне было за лес ягоны. Але да ганьбы, ведаў я, не дойдзе: Бацькоўскай мовы не зрачэцца сын! Табе, панок, не зразумець тых слёз, Хоць i равеснік ты майму нашчадку: Яшчэ з калыскі вызвалены быў ты «От грубого, простого языка».