Выбрать главу
Панок!.. А ты часом не быў, прабач, У тым двары i разам з хлапчукамі Мае дзіця за мову не грумячыў? Чаго ж бо так узяў цябе за рэбры Мой успамін пра той дзіцячы плач?
12.III.1994

* * *

Калі ліхое насланнё Душу мне мучыла І за апірышча сваё Прымаў я чучала,
Калі хацеў мяне хаўрус Купіць падманкаю, Каб быў я «тоже белорус» З душой-балванкаю, —
Я голас маці ўчуў здалёк — З-за вечнай цемрадзі: «А ты любоў маю, сынок, Пусці паперадзе.
Яна не дасць табе пайсці Гнілою кладчынай...» Так і ратуюся ў жыцці Любоўю матчынай.
1994-1995

Лебедзь

На Нарачы, летам, Ішлі мы з табою То хмызам, то лесам Над самай вадой. І там, дзе паўкрутам Трыснёг расступіўся, Убачылі птаха, Занятага вельмі сабой.
На камені чорным, Што выткнуўся ледзьве Над бела-блакітнай Раўнечай вады, Як на пастаменце — Фігурысты лебедзь: Прыгожы, паважны І немалады.
Ён моцную дзюбу Засоўвае ўпер'е І шчыпле, і шчыпле Сябе па пярынцы Ды так апантана, Няўцямна-зацята, Бы ў муках знявер'я, З адчаю, наважыў Без пер'я застацца...
І я не заўважыў, Калі без мяне ты Пайшла па сцяжынцы І ў момант у гэты Застаўся адзін я... На камені чорным. Стаю і зацята Шчыплю па пярынцы — Над люстрам азёрным.
Ужо і к абеду, І сонца ў зеніце, А я ўсё стаю І скубу-выскубаю Даўжэзнае пер'е. Скубу і кідаю, Шчыплю i кідаю, Ды так апантана — Няйначай з адчаю, У муках знявер'я.
Кідаю астаткі Крылатай аснасткі, З падмогі якой Калісьці ўзляцела І доўга лятала Душа над зямлёй.
1994-1995

* * *

Ніякі рахунак, ніякі разлік Ужо мне не страшны: я збыўся, Айчына. Я марна не згінуў, бясследна не знік. Мяне для цябе ўратавала Жанчына.
Ты кажаш, быў варты я лесу свайго? Не знаю... Магчыма... Магчыма... Магчыма... А ўспомню — i жах працінае ўсяго: Даўно ўжо прапаў бы, калі б не Жанчына.
2. IV. 1995

Мой час

Мой час прайшоў. Сышоў ніякавата — І згас... І вось душу бярэ ўціскі Эпоха выхапняў і тарбахватаў, Майстроў у старца адбіраць кускі.
Мой час прайшоў. Сышоў безвынікова. Так кожны раз кажу я сам сабе, Калі гляджу, што робіцца наўкола: Як звер звяруе, а скубач скубе.
Мой час... Чаму ж яго я не шкадую? Таму што знаю: і мінулы, той, Што абяцаў мне долю маладую, Таксама быў не мой, зусім не мой.
Не мне па спадчыне ад бацькі-маткі Дастаўся ён, а прыхадняў гурме, Што насаджала тут свае парадкі І сваю волю дыктавала мне.
Час янычарства быў. Таму і страшны, Што ў вырадкаў ператвараў сыноў. І ён не скончыўся, час учарашні. Хлусня і здрада яго жывяць зноў.
Ну што ж! Я шляху не згублю і ўпрыцем. Каб час змяніўся — непатрэбны ўказ. Мой час наперадзе. Яшчэ ён прыйдзе — Мой запаветны беларускі час!
26. Х. 1995

Наконт свабоды

Свабода прагна перажоўваць Адрыжку наедзі чужой. Свабода ўесці ядам жоўці Душу, не ўзятую іржой.
Што ж, перажоўвай! Справа густу. І жоўцю пырскай. І даводзь, Што гэта так па-беларуску Ідзе свабода ў кроў і плоць.