Выбрать главу
Даводзь, крычы i ўсіх нязгодных Гані-цягні на самасуд. Ты маеш права: ты свабодны І ад віны, і ад пакут.
А я — нявольнік ix давечны. Я — іх закладнік да труны. Бо мой Радзіме ліст даверчы Быў без цынізму i маны.
Мой боль і ёсць мая свабода, Якой найбольш я даражу. Яна — як ціхая пагода, Што супакой нясе ў душу.
26. ХІ. 1995

Стары паэт

Гавораць: Паэт не бывае старым. Сумнеўная мудрасць, Хоць, можа, і з даўніх. Паэт не бывае нядобрым і злым, Калі ён паэт, А не вершаскладальнік.
Старым жа бывае! Калі — дажыве. Старым, і схварэлым, І вельмі самотным. Прыдумае вершык — І тут жа парве. Ат! Дзе яму ўгнацца За новым і модным!..
Сяброў ён растраціў. А новых набыць Не можа. Не здольны. Ён траціць умее. Аб чым ён шкадуе? Аб тым, што пабыць У гэных мястэчках Ужо не паспее.
У гэных, Дзе дух беларускі яшчэ Крыху захаваўся — Над Россю, над Шчарай... Нашто яму гэта? Каб трохі лягчэй Было развітацца З няздзейсненай марай.
27.XI. 1995

Крыху споведзі

Вось і яшчэ на год бліжэй да краю. І хоць зычліва келіхі звіняць — Я вам, сябры, зашмат не абяцаю. Як той казаў: пара і гонар знаць.
Абнедужэла на сяўбе нялёгкай Не толькі цела, а душа найперш. Вазьму пяро — а сэрца так i ёкне: Ці не апошні выплеснецца верш ?
І агартае сум... Як позна-позна! Тады, калі б у самы раз пачаць!.. А ў чортаў млын і сёння ў нас завозна: «Дай! Дай!» — таўкуцца, б'юцца і крычаць.
Хоць і мяне нязводныя турботы, Як сабачня, хапалі за крыссё — Нутром я прагнуў і шукаў самоты, І мне яна была мілей за ўсё.
З любога свята, вэрхалу і тлуму Хутчэй вяртаўся ў дом сваёй душы, Каб зноў і зноў пакутна думаць думу У цішыні — як у лясной глушы.
І дзень і ноч, і дзень і ноч — сам-насам. З адным і тым пытаннем да нябёс: Дык хто ж мы ёсць? Чаму жыццём уласным Мы не жывём? І хто зламаў нам лес?
А па-за гэтым роздумам абложным — Плыла, гула, грымела мітусня. І я таксама ў гул пустапарожны Зрываўся, горка плачучы пасля.
Хадзіў на выпіўкі, хоць і не часта. У трапатні застольнай не маўчаў. Здаралася, бываў сярод начальства, Але іх ласкі штось не прыкмячаў.
Ні крымскіх, ні каўказскіх, ні балтыйскіх, Ні іншых дзесь курортаў для вяльмож — Не бачыў нават. У даверчых спісках Не быў. Душу не прадаваў за грош.
Ну, што ж, у век Гіены і Шакала, Дзе і Радзіму аддаюць за штоф, Не стацца юдам — гэта ўжо нямала, І небу дзякаваць мне ёсць за што.
11.1996

* * *

Сябры мае, я ведаю і сам, Што быў бы сорам — у палоне страху Гадаць, чаго: якіх уцех ці драм Чакаць мне трэба на астатку шляху.
Я шчодрасць лесу ацаніў даўно, Як мог — аддзякаваў. Цяпер, няхцівы, Хачу, каб толькі i ўсяго адно У міг апошні даў мне Літасцівы:
Каб даў пачуць, як пад акном маім, Забавы ладзячы, дзятва-малеча Прыгожа іi нязмушана зусім На мове роднае зямлі шчабеча.
Каб перш чым свет імглою паплыве, Я мог сказаць: «Ну вось, і мне не страшна: Як ні душылі, а Яна — жыве! Жыве, жыве святая Мова наша!»
14.1.1996

Лішні

Сумна мне, Божа!..

Ю. Славацкі
Я ведаў, што лішні тут буду, Зазваны адно для прыліку, — Між гэтага жвачнага люду, Між гэтых аматараў шыку.
Шыкуюць!.. І таннага лоску Прыдбалі на выездах трохі. Хоць цяжка ім родную вёску Хаваць у манерах эпохі.