Так цяжка ў чужой упакоўцы
Душу берагчы ім ад «грэху»,
Што часам i роднае слоўца
Увернуць — для большага смеху.
Ім весела, файна i ўцешна!
Ім добра, дзе хмельна і тлумна...
Я — гэткі ж абсурдны і грэшны.
Чаму ж мне, о Божа, так сумна?
10.VI.1996
Янішчыц Жэні томік...
Янішчыц Жэні томік разгарну
З аўтографам удзячнасці сардэчнай —
І зноў і зноў ад болю застагну,
Бы ад пакутнай раны невылечнай.
Як токам памяць б'е — даткнуся ледзь.
Нібы за іншых больш быў я ў адказе.
Яе адчай так слепа праглядзець
Не мелі права мы ні ў якім разе.
Яна любоў дарыла нам штодня
У родным слове, роўным самацвету,
І ўсё ж была адна — кругом адна:
На ўсю паэзію! На ўсю планету!
Ах, мітусня, праклятая стакроць!
І ў тысячны ты будзеш раз праклята!
Ды што з таго? Ці многіх нас, Гасподзь,
Бліжэй к Табе прыўзнесла гэта страта?
1996, студзень—ліпень
Крыўда
Божа!
Колькі пачвар
На сваім некароткім вяку
Я сустрэў
І сардэчна, з даверам,
Паціснуў руку!
Колькі чорных гадзюк
За жыццё
Прыгарнуў да грудзей!
А ў цябе ж на зямлі,
Божа,
Столькі цудоўных людзей
1996, кастрычнік
* * *
Ізноў палю апалае лісцё
І, падварушваючы качарэжкай,
То з сумнаю, то з блазенскай усмешкай
Перабіраю ў памяці жыццё.
І чую смех, і чую плач-выццё —
То прамаўляе з вогнішча былое.
Якое ж ты, жыццё, было дурное!
Якім цудоўным ты было, жыццё!
1996, кастрычнік
* * *
А мама мяне нарадзіла на сене ў калёсах,
Край бітай дарогі, у восеньскі вечар дажджлівы.
(А раз у дарозе, то, згодна з павер'ем аб лесах,
Ты долі не мецьмеш i век твой не будзе шчаслівы.)
«Усё! Не даедзем, Ляксандр! — гукнула да брата
Знямоглая мама. — Бяды табе будзе са мною...»
Той збочыў якраз ля забытай магілы салдата
І да абгародкі каня прывязаў лейчыною.
Пакуль па гразішчы мой дзядзька, хадзяін падводы,
Бабульку прынёс на плячах з недалёкае вёскі,
Дык мама, без енку, сама прыняла ў сябе роды,
Сама загарнула ў пялёнкі даруначак боскі.
Гаротніца-мама! Святая пакутніца ў Бога!
Даўно ўжо на могліцах нашых знайшла ты прытулак.
А я на паклон табе езджу — той самай дарогай,
Паўз тую ж магілу, дзе першы мой плач ты пачула.
Адлегласць ад гэнай магілы да могліц вясковых
Усё карацее, дарога ўсё болей крыжуе...
І, можа быць, мама, ты ў сына спытаешся скора:
«Ці шчасна ж дажыў ты?..» І што там табе адкажу я?
І што адкажу я, калі і ў растання хвіліну
Убачу ўсё тое ж пад купалам родных нябёсаў:
Няшчасную ў ганьбе, знябытую ў крыўдах краіну,
Няшчасны народ, раўнадушны да ўласнага лесу.
1997, люты
Зёлкі, птушкі i я
Краскі-зёлкі раніцай у лузе
Прачынаюцца раней, чым людзі.
А пяюшкі-птушкі ў лесе волкім
Прачынаюцца раней, чым зёлкі.
Шмат гадоў ужо я прачынаюся
Разам з птушкамі ў кустах, у гнёздах,
І раней, чым зёлкі ў долах росных.
Значыць, скора з імі і зраўняюся,
Перайду ў іх род, у неўміручасць:
Далучу да вечных зёлак цела,
А душа далучыцца да птушак.
Будзе пець, як і дагэтуль пела —
Беларуская душа лясная...
Толькі голас мой ці хто пазнае?
1997, ліпень
Элегія
Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца.
І не трэба, міласна прашу,
На зыходзе дня, пад зараніцай,
Усыпляць мне чарамі душу.
Я да дна свой келіх выпіць мушу.
Мне не страшны ўжо ні яд, ні нож.
І калі, нібы кіта на сушу,
Лес на волю выкіне, — ну што ж!