Выбрать главу
1999, красавік

* * *

О, мой любы брат Міхась Зарэцкі, Найадданы Крывіі крывіч, Расстраляны за свой талент рэдкі - За любоў крывіцкую ў крыві! Аб адным, мой брат, прашу цябе я: Покуль свеціць мне ў душу надзея Імем Крывіі багаславі!
1998

* * *

Паэту на допыце вырвалi вока, I вока, з далоні, глядзела шырока На нелюдзяў-катаў — яшчэ не сляпое. — Калі не прызнаешся — вырвем другое... Паэта забілі... А я на свой лёс, На ўсё, што ў жыцці перажыў, перанёс, Гляджу i гляджу ўсё тым вырваным вокам.
1998

* * *

Хоць тут, дзе высяцца ў суседстве цесным Бярозы, сосны, ясені, яліны, А ўверсе — неба праглядае просінь, Дзе ўчуўшы подых ветрыку лянівы, Над сцежкай лісцем кратае арэшнік, А сцежка скінуць чаравікі просіць, — Хоць тут укленч i памаліся, грэшнік!
1998

* * *

Скажы, паэт, ты, што з тугой i болем У далячынь, за небакрай глядзіш: Чаму ты ўсё пра смутак пішаш болей? Чаму радком людзей не весяліш? Ты ж гэта ўмеў! Што сталася з табою? І што ты хочаш выглядзець, скажы, На той — між небам i зямлёй — мяжы?
1998

* * *

Прачнуўся, змучаны кашмарным сном, Ад каркання вароны за акном. О Божа! Надта ж неяк падазрона Яна крычыць наўпроць акна майго.
Аж вусцішна!.. Гэй, ты чаго? Чаго Ты гэтак страшна каркаеш, варона? Замоўч! На карканне тут забарона!
1999

* * *

Ты, Крывія, мой даліцвінскі лёс, Ты, слынная Літва эпохі Вітаўта, Ты, Беларусь, уся з крыві i слёз, Уся калючым цернем апавітая, — Хоць назвы розныя, зямля ж адна, Адной слязою безліч раз палітая, Адной крывёй прамоклая да дна.
1999

Калі б не ты…

Даруй мне ўсё, што можаш дараваць, А што не можаш — памалюся Богу, Мо Ён даруе, перш чым скіраваць Маю душу ў апошнюю дарогу.
Мая душа... Якая толькі дрэнь Не сілілася завалодаць ёю! Каб у бязмоўны, безаблічны цень Ператварыць. Каб не была маёю.
І, можа, так бы й сталася даўно, Калі б не ты, мой ангел-выратоўца. Калі б не голас твой i не яно — Табе адненькай ведамае слоўца.
1997, верасень

Вы, пэўна, лічыце...

Вы, пэўна лічыце, што ў гэты свет Я i прыйшоў для баявога чыну. О не, сябры! Мне Божы запавет Быў іншы — славіць сонца i жанчыну.
Але Радзімы ўкрыжаванай лёс, І для самога Бога неўспадзеўку, Маю душу на барыкады ўзнёс, Дзе і трапечацца яна на дрэўку.
2000

Балада пра горкасць

Пасадзіўшы голенькага ў ночвы, Мама мые сына. Любата! Але вось папала мыла ў вочы — Давяла да плачу гарката.
Мусібыць, зайшло занадта шчодра. Мама нагінаецца хутчэй І губамі цёплымі, пяшчотна, Горкасць выцалоўвае з вачэй.
«Вось i ўсё, не плач, ужо не есца», — Сплюнуўшы салёны выцмак з губ, Кажа мама. Памяць малалецтва! Памяць першых горкіх страт i згуб!
На сцяжынках, роўных і крывенькіх, На шляхах з імглы і з цемнаты — Колькі мне заходзіла пад вейкі Да нясцерпу едкай гаркаты!
Колькі блудных крокаў незваротных Зроблена ў жыццёвай мішуры! Колькі любых, дарагіх і родных Адышло ў магілу без пары!..
Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся. Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй. Неба роднае! Пара! Схіліся І мне горкасць выцалуй з вачэй!