Выбрать главу
2002, красавік

Запозна, панове…

Як ні прамоўлю — усё неўпапад, Ды так, што ад злосці жыгаламі пораць: Справа — нястомны саліст «дэмакрат», Злева — стагорлы «славянасаборац».
Аж дзіўна — як дружна! Аднак жа — за што? Люблю сугалоссе, спакой i свабоду. З-за чорных шор i карычневых штор На свет i людзей не глядзеў ад роду.
Ні ў форме палкоўнік, Ні ў штацкім маёр Мяне на кручку не трымаў пакрыёма. І хоць у пакутах сумленне маё — Мне ніцая радасць раба не знаёма.
Таму і вар'юе іх вольны мой кліч У матчынай мове, не здадзенай гэрцам. «І ты, галяпуюць, прадайся і ўкленч! І ты адрачыся i станься зняверцам!»
Дарма — галяпуюць. І пораць — дарма. Запозна: мяне ўжо дастаць немагчыма. Я — там ужо, там, дзе няволі няма, Дзе толькі свабода, любоў i Айчына.
2003, люты

* * *

Ведаў: будзеце зноў i хлусіць, І віляць перад праведным словам, А я зноў буду Бога прасіць, Каб яно на здароўе пайшло вам.
Разумею ваш клопат, браткі, — Разумею і крыўды не маю: Гэта лес, гэта вырак такі — Мой, і ваш і няшчаснага краю.
2003-2004

Госпадзе Божа…

Госпадзе Божа, Навошта, Навошта Ты ўзяў мяне ў сведкі — Бачыць, як з роднае Маці Знушчаюцца вылюдкі-дзеткі? Як выглумляюцца, Як ёй у вочы плююць, Супастаты-блюзнерцы, Як намагаюцца, Найбалючэй каб Ударыць няшчаснай у сэрца...
Госпадзе Божа, За што мне, За што мне такая пакутная кара — Каб адыходзіў я З гэтага свету Пад гогат агідных пачвараў? Хай бы я лепей Не чуў i не бачыў, Не знаў i не ведаў такога! Хай бы Ты лепей Забраў да сябе мяне, Божа, З калыскі — малога.
2004, травень

Пра порткі

Між калег, крутых i порсткіх, Я — апошні на паяўцы, Хто насіў са зрэб'я порткі, Фарбаваныя ў рудаўды.
Так, іх шылі мне ca зрэб'я. А каб выгляд мелі файны — Фарбаваць было іх трэба У рудой балотнай твані.
Вось іх мама й фарбавала У імшарным іржавінні. Як я ў іх фарсіў, бывала, — Зразумець вы ўсё ж павінны.
Як ішоў я па дзядзінцы — Мне ўвесь свет тады зайздросціў. Больш, чым вам у новых джынсах У зялёным тым жа ўзросце.
Пэўна, больш. I больш я імі Даражыў. Хаця б за тое, Што другіх не меў. Аднымі Быў шчаслівы пагатове.
Памяць, свенчаная ў горы, — Штука, знаеце, такая, Што каторых-некаторых Аж па смерць не адгіускае.
І дыктуе ўсё ім: густы, Меркі, прынцыпы, пагляды. Бо — датуль i беларус ты, Покуль помніш лёс пракляты.
Ну, a іншых цешыць, жывіць Дух зусім-зусім інакшы. Памяць фарбамі чужымі Перакрэслілі крыж-накрыж.
І шыкуюць, духу продкаў Паспяхова рады даўшы... Я — не з іх. Я — родам з порткаў, Фарбаваных у рудаўцы.
2006, кастрычнік

У ноч на Пакровы

Вось i холад. Скора снег сцежкі зацярусіць. А чаму чуццё віны точыць — не здаўмею. Што я мог, ды не зрабіў дзеля Беларусі? Божа моцны, падкажы — мо яшчэ паспею...
14.10.2006, пад раніцу

Чым больш я на свеце…

Чым больш я на свеце і жыў і мадзеў — ішачыў, цярпеў i змагаўся, — тым болей да праўды дабрацца хацеў, да праўды ўсім духам ірваўся.
З хлусні і з абману, з аблуды сляпой — да праўды, да праўды штосілы! Да самай вялікай, галоўнай, да той, што кожнага лучыць з усімі.