Выбрать главу

Ад царквы рукой падаць да пляцу, на якім месціўся Стары рынак, да крамак, да замкавых маста і брамы, праз якія можна было трапіць да самога Замка. Рынак – месца звыклое ў горадзе. Тут таўклася штодня бальшыня месцічаў і сялянаў з блізкіх вёсак ды фальваркаў. Тут можна было злавіць падданага-ўцекача, тут апроч куплі-продажы «купляліся» і «прадаваліся» гарачыя навіны і абвяшчаліся людям многим каралеўскія граматы. Месцы, куды возны прыбіваў копіі каралеўскіх граматаў ці баніцыйных лістоў, былі тыя, якія найчасцей наведвалі месцічы: ля варот крамных на рынку, на браме менскага Замка, у ратушы, у касцёле, у зборы евангелісцкім. Паступова Стары рынак саступіў свой статус Новаму рынку, але яшчэ доўга быў месцам зносінаў, пакуль не здрабнеў і не быў занядбаны сам Замак. Але пакуль тое здарылася, Замак заставаўся цэнтральнай часткай горада, у якой размяшчаліся замкавы суд і храмы, вязніца, дамы ваяводы і старосты, а таксама падданых, мяшчанаў і рамеснікаў. У архіве канцылярыі гродскага суда ў вялікіх дубовых скрынях пад адмысловымі ключамі захоўваліся кнігі і справы Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта сюды, у замкавую канцылярыю, беглі са сваімі скаргамі пакрыўджаныя зямяне ды мяшчане, адносілі рэляцыі возныя, прамаўлялі прысягі сведкі. Тут чакалі сваіх пазыкантаў для разліку, і пісар рыпеў пяром, перапісваючы ў актавыя кнігі квіты і цэдулы, тэстаменты і лісты, выдаючы выпіскі на рукі ўдзельнікам судовых працэсаў. Пісары былі найбольш адукаванымі людзьмі ў судзе ў адрозненьне, напрыклад, ад возных, некаторыя з якіх маглі дазволіць сабе заставацца непісьменнымі. Менскімі судовымі пісарамі былі ў гэты час Стэфан Гладкі, што жыў на вул. Зборавай, Станіслаў Унучка, Геліяш Гурын, Іван Драбышэўскі, а таксама пісар менскай каморы Васіль Масленка. (Хочацца прыгадаць, але не ў зьвязку з Менскам, пісара Рэчыцкага гродскага суда, што жыў на мяжы ХVI—ХVII стагоддзяў, – Фурсіяна Скарыну).

Замак быў аточаны з усіх бакоў земляным валам і апаясаны ровам з вадой, і каб трапіць за яго сцены, трэба было прайсці замкавы мост і ўвайсці ў браму, дзе на варце мусіў знаходзіцца замковый стораж. Па гэтай дарозе з места Нового до Замку і наадварот, з Замку до места, пратупала безліч ног, сціраючы лапцямі, ботамі дый тревиками драўляны насціл Замкавай вуліцы. Пабываў тут у кастрычніку 1616 года і сын вядомага асветніка Васіля Цяпінскага Тобіяш, каб заключыць пагадненне і падпісаць ліст-угоду з зямяніным Юрыеям Драбышэўскім, якая тычылася ягонага сына, а значыць, унука Васіля Цяпінскага – Яна. Колькі разоў сцены канцылярыі і вушы прысутных чулі словы прысягі, прамоўленыя перад судовым урадам рознымі асобамі: “Я, Стефан Лойка, возны, прысегаю пану Богу всемогущому, в Тройцы единому. На чым, если справедливе присегаю, пане Боже мне помажы, а если несправедливе прысегаю, Боже мене забий”.

Але дарэмна ўяўляць судовую святліцу месцам, дзе заўсёды панавалі закон і справядлівасць, бо жывыя людзі ўносілі свае папраўкі, згодна з уласнымі уяўленнямі пра сваё месца ў гэтым свеце. У самым пачатку лета 1600 года дзіўнае відовішча назіралі, пэўна, задраўшы галовы, наведвальнікі Нізкага рынка, бо па замкавым мосце стрымгалоў уцякалі з Замка лентвойт і ўсе бурмістры, райцы і лаўнікі, а па замкавых валах, од страху не потрафивши на мост, несліся менскія мяшчане Іван Чаргановіч і Багдан Філіповіч, абодва ў аксамітных капелюшах, а за імі з аголенымі мячамі беглі невядомыя.

Пагоня скончылася тым, што абодва ўцекачы далі нырца ў Свіслач…в реку Свислоч поутекали и мало не потанули. Так завершылася спрэчка ў судовай ізбе пасля слов ущипливых і поличак паміж менскімі мяшчанамі і зямянамі Наваградскага павету падчас адбывання ў Менску чэрвеньскіх судовых рочак.

Бойка паміж скаржнікамі, якія імкнуліся трапіць у замкавую канцылярыю, каб знайсці справядлівасьць, магла распачацца яшчэ на подступах да Замка. Так і сталася паміж панамі Андрэем Стахоўскім і Самуэлем Есьманам, братамі галоўных удзельнікаў судовага працэсу – Стэфана і Паўла. Спаткаўшыся выпадкова ля сцен царквы манастыра св. Пятра па дарозе з вуліцы Юр’еўскай да Замка, відаць, слова за слова, але счапіліся не на жарт, і да канцылярыі справа ў той дзень не дайшла, бо ў ход пайшлі, апроч словаў неучстивых, доброй славе… доткливых, якімі шляхта лжила и лаяла адзін аднаго, шабля, абух ды чакан.