Тагачасны чалавек выдатна ўсведамляў, што памяць чалавечая вельмі кароткая, калі б писмом падпирана не была. Таму для прудшое справедливости важныя для жыцця падзеі запісвалі ў кнігі, пераносілі з гроду ў земства дзеля тых, каму аб гэтым належала ведаць, нинешнем и напотом будучого веку людем…. Варта згадаць, што відымусы (копіі) з патрэбных дакументаў у актавых кнігах нашчадкі ці тыя, каму гэта было патрэбна, здымалі ажно да ХІХ стагоддзя. Калі ж патрэба знікала, дакумэнты касавалі, умаралі ды внивеч оборочали. Бо інакш атрымалася б, як у сярэдзіне ХХ стагоддзя са старой кабетай з Рагачоўшчыны, маці васьмёх дзяцей, якая, згадваючы сваё жыццё, казала: “Памятаю, калі ражала, стажкі плылі, але каго ражала, не памятаю…”
Час і прастора – вельмі істотныя параметры чалавечай свядомасці, якія ўплывалі на жыццёвую арыентацыю, на светаўяўленне тагачаснага чалавека. Прастору, у якой ён існаваў, чалавек дзяліў, пазначаў, даваў ёй найменні, тым самым набліжаючы да сваіх памераў, то бок “ачалавечваючы” яе. Укараняўся, урастаў у прастору, маркіруючы яе пад сябе, да сваіх патрэбаў. Такім чынам засвойваў, каб пачувацца тут, на лапіку зямлі, сярод бясконцых замглёных пушчаў і балот, сярод роўнядзі і ўзвышшаў сваім і адчуваць яе удоўжкі ды ўшыркі, як сваю. Кожны насіў унутры сябе “тапаграфічную” мапу сваёй зямлі, бо ствараў яе сам, адно што не на паперы.
Адмежаваны часцяком ад астатняга свету ўскрайкам лесу на даляглядзе, тагачасны чалавек меў сваю храналогію часу, арыентаванага збольшага па нябесным і царкоўным календары. Поранку, пополудню, нешпорная гадзина, на заходе слонца, ончас, вечор, година в ноч, свитане, добре у вечор, до нешпору далеко, по полудню година або две, в коротком часе…, Юры святы зимни, Микола вешни, дзень св. апостолов Шымона и Юды, в року дасть Бог прышлом, день… который был и вжо минул, тут на том свете, тепер и завжды….
У той самы час тэрмін ў 10 гадоў быў перыядам, калі захоўвалася памяць, заставаліся свежымі ўспаміны, нягледзячы на адсутнасьць інфармацыйнай прасторы, што бачна ў выпадку з пасмяротнай памяццю пра Льва Сапегу, зафіксаваным ў актавых кнігах. У 1643 годзе каралеўскі зямянін Крыштаф Віцкі мусіў атрымаць грашовую пазыку ад зямяніна Вацлава Шэмета ў пэўныя дзень і месца – на свята Св. Піліпа і Якуба ў Вільні, у двары ў камяніцы памерлага віленскага ваяводы, гетмана ВКЛ Льва Сапегі на вул. Святога Духа. Гэта значыць праз дзесяць гадоў пасля смерці гетмана памяць пра яго захоўвалася ў штодзённасці горада і месцічаў.
Няспешнасць ды нетаропкасць, чуйнасць ды асцярожнасць суправаджалі людзей у будзённасці. Якія гукі чуліся найчасцей у дзень? А ў начы? Пэўна – маўкліня. Таму, мажліва, прастора праз ўяўленні запаўнялася іншымі “галасамі”. Здаўна існавала павер’е, што перад наступленнем вялікіх бедаў сама зямля стогне перад узыходам сонца. Людзі з чуйным слыхам і чарадзейскай ведай чулі гэты стогн і маглі прадказваць розныя напасці – голад, вайну, паморак. Перад неўраджаем ды голадам да стогну прымешваўся плач дзяцей, перад паморкам – пахавальныя галашэнні, перад вайной – тупат мноства ног і капытоў. Некаторыя пасля апавядалі і пра “моравую панну”, якая час ад часу з’яўляецца ў паветры і махае чорнай хусткай. І пры гэтым людзі бачные, то бок мудрыя, ведалі – “...Вось гэта новае…, але гэта ўжо было у стагоддзях ранейшых”. Бо ў любых старых песнях ці паданнях ёсць словы і вобразы, якія здольныя перанесці нас да самых пачаткаў. Да каранёў. Да адлюстравання часу і смерці.
Присмотревшися одменности часов и веков сего света, тагачасны чалавек, жывучы ў сваім часе, поўным турботаў ды небяспекі, выдатна ўсведамляў, што наперадзе галоўнае выпрабаванне, якое трэба сустрэць падрыхтаваным. Бо гэта рэч годная и потребная. Культура тэстаментаў, якая існавала ў шляхецкім і мяшчанскім асяроддзі, пачынаючы з ранняга сярэднявечча, была зафіксаваная ў актавых кнігах, у форме аднаго з найважнейшых натарыяльна-прававых дакументаў, праз які найгучней чуецца голас канкрэтных людзей. У якім чалавек, як, прыкладам, віцебскі гараднічы Багдан Янушкоўскі ў 1597 г. пісаў у сваім акце апошняй волі ад імя кожнага чалавека ўвогуле, …абы будучи здоров, паметал на час смертельный и на то, иж не ведаем, што ютрешний ден принесе, а жебы яко злодей пански не пришол и нас неготовыми не зостал…. “Засненнем” называлі смерць у старабеларускай традыцыі. Бо пакідаючы свет мизерны, адменны, прывидны, надзны, аблудны, нерозны, чалавек свята верыў у абуджэнне, у вясёлае Змёртвыхвстанне, у сустрэчу адроджанага цела і вечнай душы. (Цікава, што панятак “душа” знайшоў зафіксаванне і ў судовай дакументацыі пры апісанні возным чарговага пацярпелага, маўляў … убоства его забрали и пашарпали так, што сам ледь з душой утек…).