Матэрыяльны бок жыцця тагачасных людзей быў прадстаўлены такой размаітай палітрай, што, пэўна, пісарам часам не ставала сілаў перапісваць тыя рэестры і пералікі рэчаў з дакумента ў дакумент. Нерухомая маёмасць, як бы моцна ні была яна ўгрунтаваная на зямлі і занатаваная правам ў натарыяльных дакументах, усё адно рухалася ды змянялася ў планах, якія зараджаліся ў галовах яе ўладальнікаў, гарэла ды спусташалася, прыходзіла ў заняпад. Рухомасць жа рознага гатунку, высыпаная з уяўнага рогу дастатку ды з торбаў галечы, засыпала б пярэстым кілімам тэрэны Вялікага Княства ўздоўж ды ўпоперак…
Зборнік эсэ – спроба прадставіць тагачасны свет такім, якім я ўбачыла і адчула яго дзякуючы непасрэднай працы ў гістарычным архіве з дакументамі актавых кніг. Унікальная мажлівасць штодня дакранацца да рукапіснай спадчыны калісьці жывых людзей нарадзіла жаданне адгукнуцца сваім уласным голасам.
У тэкстах былі скарыстаныя матэрыялы з актавых кніг Менскага гродскага суда канца XVI – сярэдзіны XVII стст. (НГАБ, ф. 1727), Слонімскага гродскага (НГАБ, ф.1737) і Слонімскага земскага (НГАБ, ф. 1785) судоў, Берасьцейскага (НГАБ, ф. 1741) і Віцебскага (НГАБ, ф. 1751) земскіх судоў другой паловы XVI ст. А таксама кніга У. Васілевіча “Зямля стаіць пасярод свету…” Мн. 1996 і “Пережитки древняго міросозерцанія у белоруссовъ” Этнографическій очеркъ А. Богдановича. Гродна 1895.
“Мінулае звязанае з дзеямі (і пакутамі) людзей, блізкіх нам, і таму іх жыццё мусіць быць выратавана ад забыцця, яно патрабуе, каб пра яго было падрабязна расказана. Але ўсё тое, што застаецца ад гэтых мінулых падзей, – адно сляды, якія гісторык разглядае як дакументы, збіраючы і вывучаючы іх. Што датычыць мінулага, то яго ў гісторыі няма” (Поль Рыкёр).
Стары Менск
Стары Менск блукае па цемры архіўнай паперы…
Вуліца Дамініканаў, Габрайская вуліца, Ганчарны завулак…
Дзе тут затойваецца жыццё?
Дзе тут затойваецца смерць?
Мінулым можна ганарыцца, мінулае можна ненавідзець, мінулым можна трызніць… Навошта? Зусім не дзеля таго, каб даводзіць яго вартасці і перавагі ці яго прымітыўнасць, мажліва, не толькі каб вышукваць свае карані. Мінулае насамрэч – навокал. І гэта не толькі рэшткі бруку ды сілуэты і цені помнікаў, праз якія мы крочым, гэта – нашыя твары, рухі, галасы і нават маўчанне. Бо мінулае адраджаецца з кожным новым народжаным, таму што ў яго наперадзе тое ж, што мелі ўсе ягоныя папярэднікі: маленства, юнацтва, сталасць і смерць… Гэты парадак не скрануць з месца Новаму Часу і Новаму Чалавеку.
Набліжаючыся ўпершыню да горада па лясных ці палявых дарогах, падарожны найперш чуйна ўслухоўваўся ў наваколле: ці не памыліўся ён часам? Ці не абмінуў патрэбнае места? Але вось жа і не, бо хутчэй бяжыць конік, чуючы подых жытла, віляе хвастом рудая хорціца, што гэтаксама прадчувае набліжэнне прыгодаў. Змяняецца водар паветра. Цягне дымком, блізкай вадой. Далёкі стук ужо не пераблытаць з дзятлавым, і, нарэшце, вецер даносіць гук царкоўнага звона. Са стромкага пагорка адкрываецца доўгачаканы краявід. Гукі і пахі спакваля ўвасабляюцца ў дамкі і прыбудовы, камяніцы і бажніцы. Дарога, чым бліжэй да места, робіцца ўсё больш утаптанай, спрэс раскрэсленай слядамі ног і калёсаў. І вось, нарэшце, трапляюцца першыя людзі…
У горад лепш прыязджаць засветла, каб не натыкнуцца ў прыцемках на вострыя калочкі кабылінаў, што паўсюль перагароджваюць праезд па вуліцах ды подступ да брамаў, не збочыць у якую лужыну дый увогуле не спаткацца з невядомым ліхам. Бо ноччу – цёмна, вусцішна. Удзень жа нашмат прасцей, асабліва ў такім месцы, як Менск. Падыміся на якое ўзвышша, а найлепш на тое галоўнае, дзе ратуша, дый азірніся на ўсе бакі, пэўна не заблукаеш. Усюды, як дастаць вокам, бачны менскі караявід: рэчкі ў нізіне і стары Замак ў засені земляных валоў, рынкавы пляц, далей татарскі канец з мячэццю ў атачэнні балотаў наўсцяж. Сапраўды канец. Паўднёва-заходняя мяжа. Злева – дамкі, сады, агароды ды дарога на Ракаў. Справа – Траецкая гара. Недзе за плячыма ўрочышча У сосен радовых, што недаязджаючы Ляхавае Лукі, зусім непадалёк ад гораду. Бачная адсюль і Пярэспа.