Выбрать главу

Аднаго разу ўчыніў буянства ў менскай канцылярыі нават сам земскі суддзя Пётр Зяновіч, калі сустрэў там сына свайго крыўдзіцеля Фёдара Ваўка Міхаіла….нет ведома для какое причины звазнившысе на его, словы неучтивыми… лаял и сороматил як ему упадобало, а пасля паабяцаў помсціць і корбачом неўзабаве правучыць. Бывала і так, калі нязгодная з рашэннем суда шляхта, будучи гневом порушона, пачынала фукать и лаять і справа магла дайсці да палічак і нават да крыві.

Апроч судовых святліц ды ізбы была ў Замку яшчэ изба чорная, где вязни седять, а пры ёй – сторажы, што вязни стерегуть. Усяго ў Менску прыгадваюцца тры вязніцы: у Замку, на Ратушы, у «Ду(ы)боўцы». У замкавай турме сядзелі людзі рознага стану – свавольнікі, злодеи прыличные, крывапрысяжцы, фальшэры, мужазабойцы. Вязенне магло быць тяжкое и строгое, калі вязня садзілі ў калоду, вязалі ў пута ці закоўвалі ў ланцугі (одным ланцугом железным за шыю, а другим по середине), а магло быць і лягчэйшым. Тэрмін сядзення – ад 6 тыдняў да паловы года. Прыгадваюцца везене земляное, у вежы на дне, у лехах вежы, а таксама менскі кат мистр тутошни, які вінаватых брал на муку і выконваў страту. Гэта маглі быць шыбеніца, чвертоване, стяте на горло, взбите накол, якімі каралі выключна за цяжкія забойствы па гарачых слядах. Але ж у вязніцу траплялі і выпадковыя асобы, у кожнай з якіх была свая невясёлая гісторыя…

Гэтак давялося правесці ноч в окрутном везени жаніху Яну Лібаровічу, які заехаў у Менск па сваіх вясельных справах, каб набыць золота, сребра, шат, коберцев и инших потребов, і меў на гэта з сабою ажно 200 коп грошай. Відаць, вырашыў набываць упрыгожванні ды срэбны посуд у менскага залатара Івана [Амазікавіча] і спыніўся гасподаю ў ягоным доме на рынку. Стаміўшыся ад цяжару адказнасці і перадшлюбнай мітульгі, малады чалавек, заваліўшыся ў гасподу праве под час полудневы, а гадине двенадцатой і павесіўшы шаблю з пулгакам на сцяну, рухнуў на ложак. Але прачнуўся ўжо без грошай, без шапкі, без пояса з машною. Учыніўшы гвалт гаспадару, апынуўся ў замкавай вязніцы.

Прыходзіў у замкавую вязніцу заручыцца за свайго падданага з маёнтка Новы Двор кашталян Пётр Монвід Дарагастайскі, бо затрымалі ягонага падданага на торгу добровольном подле крамов на Новым Рынку ў той самы дзень, калі ён прыехаў у Менск і яшчэ нават не паспеў агледзецца. А двое мяшчанаў прыцягнулі да вязніцы зляканага жыда Марка Перутовіча, які, ідучы на рынак, быў улапены, шарпаны …на зелжывот стану жыдовского і ўрэшце абрабаваны. А ўсяго толькі нёс ён на рынак сваю роботу едвабную – гузікі і пятліцы. Хіба ствараў каму непажаданую канкурэнцыю ці ашукаў кагосьці са сваіх ранейшых пакупнікоў? Але ж і птушка не любіць клеткі, а чалавек – несвабоды. З турмы ўцякалі. Хто, пасаджаны в колоду, з калоды ўцёк, хто неяк хітрасцю – фартельна, а часам, робячы падкопы, – выкопанем.

Сюды, у Замак, прывозілі для агляду целы нябожчыкаў, прыводзілі параненых ахвяраў, каб сведчыць на ранах. Пра нябожчыка, якога прывезлі ў красавіку 1618 года, напэўна, казаў увесь Менск, бо тое быў вядомы ўсім суддзя земскі менскі Грыгорый Макаровіч, па-зладзейску забіты ў сваім маёнтку Хатаевічы. 1618 год быў наогул злым часом для мірнага насельніцтва. Нездарма ў пераліку бедаў, якія маглі напаткаць людзей у тыя часы, то бок, Божа уховай, огонь, поветрие моровое, голод, спустошене, ушкоджене – нищене од жовнера згадвалася першым. Перамога войскаў каралевіча Уладыслава над Масквой, перамір’е ды ягоны новы тытул мала змянілі тутэйшае жыццё. Бой, луп, грабеж цярпела насельніцтва ад жаўнераў, якія, паспытаўшы маскальской крыві, вярталіся з маскоўскіх межаў, не маючы на чом и о чом служить, бавячы час немалы ў Оршы без службы, ходзячы па лясах хто пешшу, хто на конях… Менавіта такіх лясных людзей знайшоў непрыяцель суддзі для здяйснення забойства. Прыехаўшы за імі да Оршы з краю Менского, паабяцаўшы грошай і палову нарабаванай суддзёвай маёмасці, паехаў разам з імі назад у Литву, дзе і адбылося тыранское и неслыханое мордерство и забойство… Казалі, што суддзя сам выйшаў да гвалтаўнікоў, трымаючы ў руках шкатулу з грашыма, облігамі на пазыкі, просячы аб міласэрнасці. На што яму адказалі: “И шкатула твоя і скарб твой і ты сам в наших руках”, маўляў, пішы хутчэй свой тэстамент, не ведаючы таго, што стары суддзя даўно ўжо паклапаціўся пра гэта, і тэстамент таксама ляжаў у шкатуле сярод грошай і каштоўных папераў. Апрануты быў суддзя ў свой апошні дзень у люндышовы капеняк, а на галаве была сабаліная шапка. Маёнтак Хатаевічы і ўдаву менскага суддзі злодзеі не пакідалі ў спакоі яшчэ доўгі час, пазбавіўшы здароўя і маёмасці. Пазней, на судовым працэсе з арганізатарамі злачынства братамі Душэўскімі інтарэсы ўдавы прадстаўлялі яе апекуны – паны Пётра Стэцкі і Андрэй Бурба.

полную версию книги