Выбрать главу

Трэба сказаць, што дзякуючы актавым дакументам, збіраючы інфармацыю па крупінках, мажліва аднавіць тапаграфію старога Менска. Прынамсі, вядома, што менавіта раён Траецкай гары ў дакументах 1600 г. мае назву Старога места, у процівагу месту Новаму, дзе якраз у гэты час і была адбудаваная менская ратуша. Згадка ў дакуменце пра Старое места паўстала праз інфармацыю пра ўцёкі лёзных людзей, якія ўсчыналі дэбошы ў Менску і, каб пазбегнуць пагоні і затрымання, кінуліся ў раку Свіслач з места Нового на место Старое… в реку вскочывшы, переплынути на гору Троецкую хотели… Ці не сведчаць гэтыя звесткі пра вызначэнне самай старажытнай тэрыторыі на мапе Менска?

Жыды

На Нямізе жылі жыды… Унізе, на Нямізе. Імя аднаго з іх, Езафа Давыдавіча Гафтара, стала вядомым дзякуючы таму, што быў ён слугой канцлера Льва Сапегі і меў уласны дом на Нямізе, а таксама прымаў у сябе другога слугу канцлера, пераеждчего жыда з Магілёва, Самуэля Іляшэвіча. У час, калі ў Менску адбываліся чарговыя рочкі і горад запруджвалі гости, на дом жыда Гафтара напалі слугі аднаго з такіх прыбылых – пана Яна Трацэўскага. Жыды кінуліся ўцякаць да Замка, што быў непадалёк, але на мосце перад брамай былі спыненыя і пабітыя. У выніку з дому гаспадара зніклі два срэбныя кубкі, которые важили чатыры гривны серабра, а ў госця скралі фасцыкул справаў і лістоў пана Льва Сапегі, а таксама шаблю, ладовницу и пишталет. Дарэчы, на магілёўскім госцю быў надзеты жоўты каўпак, падшыты лісой, які знік таксама.

Падобныя гісторыі здараліся найчасцей менавіта тады, калі ў Менску адбываліся судовыя рокі і рочкі, і горад перапаўняўся чужакамі, бальшыня з якіх не зважала на гарадскія законы і скарыстоўвала час для свавольстваў і гультайства. Увогуле, Менску рэдка калі даводзілася заставацца сам-насам, спакойна жыць сваім нутраным жыццём. Тры разы на год па чатыры тыдні адбываліся паседжанні земскага суда: у студзені, пасля Вадохрышча, якое ў каталікоў называецца святам Трох Каралёў; летам, пасля Сёмухі; у верасні, пасля свята Міхала. Паседжанні гродскага суда пачыналіся з першага дня кожнага месяца і працягваліся два тыдні, доўга цягнуліся таксама і кадэнцыі Галоўнага Літоўскага Трыбунала, на якія з усіх ваяводстваў з’язджалася безліч людзей. Шматлікія пасольствы бясконца калясілі з Варшавы ў Маскву і наадварот, спыняючыся ў Менску, а таксама госці-купцы і – што значна горш – лесные люди – жаўнеры, якія бязмэтна швэндаліся па наваколлі пасля якой-колечы шумнай вайсковай кампаніі. Вось чаму гасподы ў менскіх дварах заўсёды былі заселеныя, і мелася патрэба ў новых.

У 1628 г. сям’я Мойжэша Давідавіча і Любы Юзэфаўны набыла дом ў мяшчанаў Чаргановічаў, продкі якіх спрадвеку жылі на Нямізе. Дом стаяў адным бокам да сядзібы менскага бурмістра Івана Якімовіча, другім – да дома Грышкі Краўца, тылам выходзіў на іншую вуліцу. Пасля набыцця грунту да жыдоў пераходзіў абавязак плаціць павіннасць і выстаўляць па чарзе падводы для шматлікіх паслоў і ганцоў.

На Нямізе стаялі не толькі драўляныя дамы, але і камяніцы. Адну такую камяніцу менскі жыд Юда Якубовіч прадаў у 30-х гадах ХVІІ стагоддзя Іллі Гершонавічу і Залману Якубовічу за 5 тысяч злотых. Тэрыторыя каля Замка была не зусім зручная для жытла. Некаторыя пляцы то затапляліся вадой, то некаторы час стаялі пустыя. Адзін такі кавалак зямлі менскі староста і ваявода Пётр Тышкевіч падараваў жыду Марку Яхімовічу і адначасова вызваліў яго на дзесяць гадоў ад усіх гарадскіх павіннасцяў з адной толькі ўмовай – пабудаваць на тым самым пляцы дом. А пасля плаціць адно па 12 літоўскіх грошаў на Замак. Дарэчы, на самой тэрыторыі Замка, на вуліцы насупраць царквы Святое Прачыстае, жылі разам, побач з дамамі Станіслава Залатара і Юрыя Бальвера, жыд Ізраэл Якубовіч з сынам Леўкам и с помочниками своими жыдами и татарами менскими.

Гэтаксама ад раптоўных пажараў цярпелі ўсе насельнікі горада. Вядома, што кароль Уладыслаў IV Ваза выдаў у 40-х гадах XVII стагодздзя глейтавы (ахоўны) ліст жыдам Марку Яхімовічу і Лазару Маркавічу на вызваленне на 3 гады ад выплаты крэдыторам у сувязі з пажарам, бо у их усе згарело, и пришли они да такого убоства праз менски пожар. Той самы Марк Яхімовіч трохі раней атрымаў дазвол ад кіеўскага і галіцкага мітрапаліта Іосіфа Руцкага на карыстанне нівай па дарозе на Лошыцу поводле вячыстай куплі ад мяшчанаў