Выбрать главу

Андрэя і Івана Маслянак, аднак жа з умовай штогадовай выплаты грашовага падатку на рускі шпіталь пры Саборнай царкве ў Менску.

Дарэчы, справа з нямігскімі жыдамі, слугамі Льва Сапегі, на тым не скончылася, а мела даволі тыповы працяг. Неўзабаве пасля першага здарэння абодва былі абвінавачаныя тым самым Янам Трацэўскім, які ўсё яшчэ не пакінуў горад, а стаяў гасподаю ў мешчаніна Васіля Чаргановіча на Нямізе, у спробе рытуальнага забойства хлопчыка на той жа вуліцы, ды яшчэ паклікаўшы на помоч многа жыдов. Калі талеранцыя была ўласцівая шляхетнаму Льву Сапегу, то шляхціц Ян Трацэўскі свята верыў у поганство народу жыдовского, которы непрыятелем есть народу хрестиянскому. Менскі суд апраўдаў жыдоў і забараніў Яну Трацэўскаму звяртацца з апеляцыяй да Галоўнага Трыбунала.

У судовых канцылярыях жыды, падаючы скаргі ці апеляцыі, пісалі писмом жыдовским, а ўжо пісар выкладал подпис обрейски на мову звыклую, пры гэтым рука ягоная часам мімавольна крэсліла на паперы кірылічныя ці лацінскія літары на жыдоўскі ўзор.

Татары

З даўніх часоў жылі ў Менску і татары, засяліўшы і засвоіўшы прыбалоткі і балотныя мясціны за Замкам. Але ж татары – «добрыя гаспадары», і ўраджаі ў іхных садах і агародах былі на здзіўленне і зайздрасць тутэйшаму люду. Водгалас гэтага давялося пачуць ад карэннага жыхара, стоячы разам з ім у самым сэрцы колішняга старога Замка ў канцы ХХ стагоддзя. Дзядзька апавядаў пра ўспаміны сваіх дзядоў, што жылі тут, і пра іхную нелюбоў да татараў толькі з тае нагоды, што цыбуля на татарскіх агародах была ўдвая-ўтрая буйнейшай за іхную. Татары асвоіліся ў новай дзяржаве, падпарадкоўваліся яе правілам, служылі ў яе войску, карысталіся яе мовай, але мелі і свой закон татарски, гэтаксама як і свае імёны – Ждан, Айдар, Ахмет, Мустафа, Абдула, Куромша, Зюгра, Гірка, Шчасны, Шынка, Фатма, Гамза, Салтана, Селенбек, Мамай, Давыд, Зелюха… Тутэйшая кабета, пабраўшыся шлюбам з татарынам, змяняла сваё імя. Так, Югашка зрабілася Нетай. А моллу з мячэці Абрагіма Юсуфавіча тутэйшы люд называў попом духовным татарским. Іншымі былі назвы адзення і хатняга начыння. А сярод звыклых упрыгожванняў жабинца, туркуса, рубіна дый дыямента сустрэлася апісанне пярсцёнка-обручки в середине баволий рог, які належаў татарыну.

На разбор судовай справы, якая паўставала паміж татарамі, возны браў з сабой сторону шляхту, паходжаннем менавіта з татараў…пры которой справе на тот час маючы я, возный, стороною людей добрых шляхтичов двух в том князстве великом оселых, кн. Ахмета Шабановича, а другога также татарына кн. Куромшу Адамовича…

Зразумела, што татары таксама рабіліся «героямі» розных здарэнняў, нароўні з іншымі месцічамі і прыбылымі сюды з іншых краёў. Так, менскія жыхары Ісуп Палелеевіч з сынам Раманам пакрыўдзілі не каго-небудзь, а саму бурмістравую з другой белой головой Настассяй Лахаўнай, калі тыя вярталіся до домов своих ад приятеля. Было яшчэ толькі за гадину перед вечером, і, напэўна, галава круцілася ад водару травеньскіх садоў, а сэрца было перапоўненае водгукамі сяброўскай размовы, калі знянацку з тылу да іх падскочыў тыранска, здрадецким способом малады татарын Раман – бесурманин, ды добывшы шаблю, параніў адну з кабетаў у руку. Пра татарскі нораў было вядома са словаў саміх татараў, калі, махаючы са свістам шабляй, тыя выкрыквалі пагрозы: забью, буду мордовать и на крыж разбивать!

Татары называлі сябе князямі і шляхціцамі пачцівымі, служылі магнатам і заможнай шляхце, але і самі мелі (у абыход закону) на службе шляхту, а таксама зваяваных способом жовнерским чужаземнікаў. У рэестры зрабаванай у татараў маёмасці была запісаная чалядніца-маскоўка Феня Пекла.

Замак

Спусціўшыся з Новага рынку на Нізкі – на вуліцу Нямігу ці да ракі Нямігі, немажліва было не заўважыць брацкую царкву Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе на той час служыў святар Васіль Манеўскі, а на цвінтары спачывалі месцічы. Вядома, прынамсі, з тэстамента жонкі Мацея Завішы – князеўны Паланэі Пашкоўскай – пра жаданне быць пахаванай у гэтай царкве. Праўда, у пачатку ХVII стагоддзя не было спакойна пад дахам бажніцы. Яе неаднойчы рабавалі да голых сценаў, цягнучы царкоўнае начынне па мастках праз Нямігу, апанаваныя сваёй праўдай гарадскія мужы (сярод рабаўнікоў значыліся і чальцы менскага магістрата). Захаваліся імёны дзвюх чарніц жаночага манастыра пры Петрапаўлаўскай царкве – ігуменняў Аўгінні Шэмбелоўны і Ульяны Нямцовічаўны, што жылі там ў 1640-х гадах.