Выбрать главу

Дзядзька Жэня, як пабачыў цётку Груню ўпершыню, — забыўся, што ён салдат і ідзе шараговым байцом у агульнай калоне. На мулкіх нагах ён выйшаў з калоны, нягледзячы на выкрыкі старшыны вярнуцца ў строй і пагрозы гаўптвахтай. Цётка Груня стаяла пад разгалістай чаромхай, што расла каля двара і непадалёк ад дарогі, па якой праходзілі войскі, праводзячы позіркам ці не кожнага з тых, хто ішоў па дарозе, уяўляла, магчыма, сябе гераіняй ваеннага кінафільма, якая чакала пад чаромхай свайго каханага, героя-пераможца фашыстоўскай хеўры. Дзядзька Жэня падышоў да яе нячутна і бухнуўся каля яе ног проста на калені. Цётка Груня нават спалохалася спачатку, запатрабавала, каб ён зараз жа ўставаў. Аднак дзіўны салдат не варушыўся і нічога не казаў, адно пазіраў ва ўсе вочы на яе. Ёй спадабаўся яго позірк, яна апусцілася на калені побач з ім, узяла за рукі. Так яны пазнаёміліся. Затым да іх падбеглі старшына і два салдаты і адцягнулі ад цёткі Груні дзядзьку Жэню. Але ён ужо ведаў яе імя і тое, што жыве яна ў двары за гэтай цудоўнай чаромхай.

Дзядзька Жэня з’явіўся праз некалькі тыдняў, прыехаў у Вёску на веласіпедзе. Дзе ён узяў так званы транспарт, не прызнаваўся. Яны пачалі сустракацца. Пасля цётка Груня выйшла за яго замуж, іх распісалі ў мясцовым сельсавеце. У дзень вяселля дзядзьку Жэню давялося зняць вайсковую форму і апрануць штаны дзеда Івана, якія на ім выглядалі як шорты (дзед Іван быў такога ж росту, як і мой бацька, а дзядзька Жэня падпіраў галавою столь і нагадваў белабрысага Пятра Першага ў маладосці). Адслужыўшы, ён забраў маладую жонку з сабой і звёз у Тэнтэкскі стэп.

Тэнтэк — рабочы пасёлак, які ўзнік у 1955 годзе ў сувязі з асваеннем Тэнтэкскага месцанараджэння высакаякаснага каксуючагася вугалю, адкрыццё залежаў якога адбылося ў 1949 годзе геолагамі Фішманам і Думглерам у раёне рэчкі Тэнтэк на глыбіні 250 метраў. У 1961 годзе пасёлак перайменавалі ў горад і назвалі яго Шахцінскам, які паступова набыў статус райцэнтра. Акрамя чатырох шахт — Казахстанскай, Шахцінскай, Тэнтэкскай і імя Леніна, размешчаных вакол горада, у ім меліся Домабудаўнічы камбінат, Пасажырскае аўтатранспартнае прадпрыемства, два будаўнічыя камбінаты бытавога абслугоўвання, Электрамеханічны завод, Завод сінтэтычна-мыючых сродкаў (СМС), тэхналагічны і горна-індустрыяльны тэхнікумы, тры кінатэатры, тэатр, Дом культуры гарнякоў, зразумела, бібліятэкі, бальніца, паліклінікі, школы і дзіцячыя сады. Падзелены на кварталы і мікрараёны, Шахцінск ветліва ўсміхаўся кожнаму жыхару высокімі новабудоўлямі, гасціннымі крамамі, чыстымі тратуарамі, вялікімі і багатымі дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах. Ад Караганды Шахцінск аддзялялі пяцьдзясят кіламетраў па ўсходне-заходняму кірунку, ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі Карабас — дваццаць восем кіламетраў на захад. У склад горада ўваходзіла таксама чатыры населеныя пунк­ты: Шахан, Навадолінскі, Долінка і Паўночна-Заходні.

Бацьку тут спадабалася ўсё з першага позірку, асабліва шматнацыянальнае насельніцтва. Яму нават падалося, што Шахцінск — сэрца Савецкага Саюза, бо ў горадзе жылі прадстаўнікі ўсіх савецкіх рэспублік, больш за тое — народнасцей. Побач адзін з адным суіснавалі чачэнцы і рускія, абхазцы і грузіны, немцы і беларусы, казахі і карэйцы, яўрэі і арабы, армяне і таджыкі, казахі і татары, украінцы і малдаване, мардвіны і ненцы, дагестанцы і чувашы... І яны не варагавалі паміж сабой, не дзялілі тэрыторыю і не падстаўлялі, злараднічаючы за спінай. Гэты горад падаваўся адзіным згуртаваным калектывам друж­бы і ўзаемаразумення. Усе дапамагалі адзін аднаму, кагалам спраўлялі вяселлі, дні нараджэння і дзяржаўныя святы, тым жа складам памерлых праводзілі ў апошні шлях. Незнаёмы хвіліну таму чалавек тут праз колькі секунд размовы рабіўся лепшым сябрам да канца жыцця.

Бацька адчуваў сябе нібы нанова народжаным. Да таго ж цётка Груня з дзядзькам Жэнем прынялі яго як роднага сына і шчыра паўдзельнічалі ў далейшым лёсе пляменніка. Дзядзька Жэня працаваў шафёрам на аўтабазе, ведаў патрэбных людзей, і тыя ведалі яго. Па пятніцах у ягоным гаражы часта абмывалі ўдалы працоўны тыдзень бутэлечным, а калі-нікалі разліўным бачкавым півам. У адну з такіх пятніц ён пазнаёміў пляменніка з сябрам, які працаваў не апошнім чалавекам на Шахцінскай шахце, і той узяў бацьку да сябе ў брыгаду. Але спачатку бацька адвучыўся тры месяцы на слесара-мантажніка. Ад шахты выдзелілі пакой у інтэрнаце, і ён перабраўся туды, хаця цётка Груня з дзядзькам Жэнем не супраць былі, каб пляменнік заставаўся ў іх. Бацька б застаўся, але адчуваў сябе няёмка ў двухпакаёвай кватэры, дзе жылі, акрамя цёткі з дзядзькам, яшчэ іх два сыны-старшакласнікі. Зразумела, яму ніхто нічога не шкадаваў і любілі яго не ў пазыку, а ўсё ж, атрымаўшы інтэрнат, уздыхнуў з палёгкай. Самастойна жыць — яно заўсёды лепш. Канечне, бацька не забываўся на цётку з дзядзькам, наведваў часта, цётка Груня ж і накорміць, і напоіць, а сталоўская ежа не ішла на карысць і выклікала пякотку. Нярэдка цётка Груня адмыслова запрашала бацьку ў госці і знаёміла з якой-небудзь абавязкова незвычайнай, разумнай і працавітай красуняй. То немку прапануе — перспектыўнага хірурга з млявым позіркам, то бібліятэкарку з раскосымі вачыма і безліччу доўгіх косак да падлогі, то лейтэнанта з дзіцячага пакоя міліцыі — рыхтык здобную булачку, а то гімнастку-аматарку з мясцовага тэатра — гутаперчавую і рудавалосую. Бацьку ўвесь час здавалася, што канца-краю не будзе гэтым знаёмствам, а цётка Груня, мабыць, пераканана і напрамкі пёрла, як танк, на рэкорд па перавыкананні плана зводніцтва. Неяк бацька не вытрымаў і папытаўся ў цёткі, навошта яна гэта робіць.