— Шчасця табе хачу, — не разгубілася цётка Груня. — Дзяўчаты ўсе правераныя...
— Кім правераныя? — незалюбіў бацька.
— Часам правераныя, — зноў не разгубілася цётка Груня. — Чалавек не павінен быць адзін...
— Я не адзін, — запярэчыў бацька.
— У глабальным сэнсе, канечне, не адзін, — падтрымала цётка Груня, але збіць, як кеглю, з дыстанцыі яе разлічаны на вынік манеўр па ачалавечванні пляменніка, было немагчыма. — Ты малады прыгожы мужчына, — працягвала яна, — які павінен мець чароўны тыл у вобразе прывабнай жанчыны знешне і гейшы ў пасцелі.
— Каго? — не зусім зразумеў бацька.
— Да таго ж, адукаваны ў патрэбных месцах, — дадала цётка.
— І ўсе яны, выбраныя вамі, мне падыходзяць? — зрабіў выгляд, што задумаўся, бацька.
— Без выключэння, — пераможліва ўсміхнулася цётка Груня.
— Але выбраны яны не мной, — цвёрда сказаў бацька тады. — Не трэба, цётка, больш мяне ні з кім знаёміць! — голасна заявіў. — Няхай яны хоць будуць нават каралевамі Мазамбіка! Я сам знайду сабе нявесту. Мо памылюся, але тое будзе мая памылка. Маё шчасце — справа маіх рук, а не вашых, хоць такіх родных і блізкіх.
Цётка Груня ледзь не праслязілася ад такіх бацькавых слоў.
— Разумнееш на вачах, — прамовіла яна. — Як працуецца? — пацікавілася, імгненна пераключыўшыся на іншае, быццам тэлевізар, цётка Груня.
— Добра, — усміхнуўся бацька.
Яму падабалася на шахце, асабліва заробак. У Вёсцы яму б давялося ўкалваць як валу паўгода, каб зарабіць тую суму, якую ён зарабіў на шахце за месяц, стоячы на расслабоне на люках. І гэта ён яшчэ ў забой не хадзіў. Адзіная прыкрасць — шахта мокрая, шмат грунтавой вады.
Недзе праз год бацька пазнаёміўся з маці. Але перш, чым зрабіць крок насустрач, тры месяцы сачыў за ёю, і ў гэтым яму дапамагала дванаццацігадовая сяброўка, якая жыла ў тым жа доме, хоць і ў іншым пад’ездзе. Яна, між іншым, і паказала, літаральна пальцам, бацьку яго будучую жонку. Можна сказаць, дзякуючы гэтаму маленькаму шпіёну, бацька з маці і сустрэліся. Калі б не малая, наўрад ці што б у іх выйшла. Яна адгукалася на імя Танюха. Танюхай сябе і называла заўсёды, калі з кім-небудзь знаёмілася. Бацька выратаваў дзяўчынку, калі тая танула. Малая паслізнулася на самаробным плыце з вечка ад вялізнай драўлянай бочкі з-пад будаўнічай аліфы і звалілася з яго ў ваду кар’ера, утворанага паводкай і бясконцымі даждждамі побач з новабудоўлямі Трыццаць першага квартала. Пройдзе час, і на падобных плытах, створаных, аднак, не з бочак, а з будаўнічых кабельных катушак, у такіх жа кар’ерах будзем гойсаць мы з братам, уяўляючы сябе то Рабінзонамі, то піратамі, то гераічнымі абаронцамі Севастопаля, нават прымем удзел у сапраўднай марской баталіі паміж прадстаўнікамі нашага дома і суседняга. На шчасце, у той вайне ніхто не загіне, хоць кожнага яе ўдзельніка надоўга прыкуе да ложка ангіна ці свінка.
Дзяўчынцы пашанцавала, што бацька ішоў паўз новабудоўлі, побач з кар’ерам. Калі б не бацька, Танюха ўтапілася б. Ужо цямнела, да таго ж месца, у якім яна апынулася, было бязлюдным. Бацька яе і не бачыў. Ён яе пачуў. Яе здзіўлены ўскрык, калі тая боўтнулася ў ваду. Дарэчы, брудную, мутную, з вясёлкавымі разводамі ад мазуту.
Наглытацца гэтай дрэні Танюха не паспела. Бацька выхапіў яе рыўком, быццам з кракадзілавай пашчы, што клацнула зубамі ўхаластую. Яму таксама не прыйшлося лезці ў ваду. Каля берага хапала іншых самаробных плытоў, з якіх бацька выбраў самы вялікі і павеславаў да тапельніцы. Заміж вёслаў выкарыстоўваліся доўгія (метры за два) драўляныя шасты, таксама самаробныя і нават габляваныя. Глыбіня кар’ера была ўнушальная. Пры веславанні бацькаў шост пайшоў пад ваду ці не ўвесь, ён нават спалохаўся. А дзеці ж, без усялякага прыгляду з боку дарослых, таўкліся пасля школы ў гэтым штучным моры — і нікому ніякай справы.