Выбрать главу

Карацей, выбраліся бацька з дзяўчынкай на сухое. Тая, рудая і канапатая, адразу зарумзала, як агледзела сябе, бо яе ж айчым прыб’е, калі яна з’явіцца дамоў у такім выглядзе. І бацька Танюху павёз на таксоўцы ў інтэрнат, ні на хвіліну не задумаўшыся, што пра яго могуць прыдумаць, калі пабачаць разам з мокрай дзяўчынкай. Ім кіраваў, бясспрэчна, здаровы розум. Хоць яшчэ было досыць цёпла, верасень толькі пачынаўся, дзяўчынку неабходна было атуліць цеплынёй ад шоку і ўнутранага холаду: яе трэсла, што паралітыка. Ён нічога пра яе не ведаў, але яму хапіла слоў пра айчыма, каб прыняць адзінае правільнае рашэнне. Танюха ж даверліва ўткнулася ў бацькаў бок, быццам той быў яе родным бацькам. Яна не захацела нікуды ад яго адыходзіць у інтэрнаце, ён меў намер папрасіць дапамогі ў знаёмых жанчын, а давялося ўсё рабіць самому. Добра, што душавая кабіна знаходзілася ў кожным блоку, куды бацька ўпіхнуў Танюху і загадаў неадкладна стаць пад гарачую ваду. Яна запатрабавала, каб бацька застаўся каля дзвярэй з другога боку і размаўляў з ёю, дакладней, расказваў што-небудзь цікавае. Бацьку давялося паслухацца.

Ён распавёў дзяўчынцы пра сем самураяў, фільм пра якіх глядзеў у кінатэатры на тым тыдні. Першую палову стужкі, зразумела, праспаў, але, прачнуўшыся, адзначыў, што нічога цікавага не прапусціў, нібыта і не спаў зусім. Заснуў бацька, між іншым, у знак пратэсту. Ён хадзіў у кінатэатры толькі дзеля таго, каб глядзець кіно ў колеры, а трапіў на чорна-белае, да таго ж старадаўняе, а ў прыдачу яшчэ і японскае. Чорна-белае можна было глядзець і па тэлевізары, не выходзячы з дому і не плацячы рубель за сеанс. Бацька ўвогуле не любіў замежнае кіно, за выключэннем французскіх стужак з Бельмандо, і на «Сем самураяў» трапіў выпадкова, за кампанію.

Думаю, Танюху гісторыя пра самураяў не закранула, зрэшты, як і бацьку. Мабыць, і расказваў ён пра іх нецікава, бо сам не быў захоплены аповедам. Распавесці ж якую-небудзь чароўную казку ці легенду не мог, бо ніколі не чытаў кніг, гэтаксама не мог нічога прыдумаць свайго па той жа прычыне. Аднак дзяўчынка не сердавала на бацьку. Яна і без таго была яму ўдзячная. Асабліва калі патанула (такі) у яго фланэлевай кашулі і ўлеглася ў яго ложку пад яго коўдрай, напоеная гарачай гарбатай з малінавым варэннем ад цёткі Груні і наетая галубцамі ад той жа цёткі, якімі бацька яе пачаставаў. Ён хацеў, пакуль дзяўчынка будзе есці, памыць яе рэчы і павесіць сушыцца, аднак Танюха ўсё паспела зрабіць сама, пакуль знаходзілася ў душавой. Тады ён проста развёў рукамі. Паслаў сабе на суседавым ложку. Той недзе прыжаніўся і не паяўляўся ў інтэрнаце, але і не пазбаўляўся ад яго.

Трэба было, мабыць, завесці будзільнік, каб падняць раніцай малую ў школу, а перад гэтым адвесці дамоў. Танюха пасмяялася з бацькавага заклапочанага твару і паведаміла, што заўтра субота і школы не працуюць. Але калі яму трэба рана ўставаць на работу, то яна не супраць будзільніка. Аказалася, што і бацька з раніцы нікуды не спяшаўся. Ён увогуле знаходзіўся ў заслужаным месячным адпачынку.

— Мы як вольныя птахі! — запляскала ў ладкі Танюха.

Пасля яны пажадалі адно адному добрай ночы, а затым, калі бацька толькі-толькі дабраўся да соннага двара і ледзь паспеў датыкнуцца да клямкі веснічак, каб увайсці туды, Танюха перабегла з выдзеленага ёй ложка на ложак, заняты бацькам, і прытулілася пад ягонай падпахай, скруціўшыся абаранкам.

— Не палохайся, прыставаць не буду. Проста там страшна, а з табой не, — толькі і сказала. А праз хвіліну ўжо салодка пасопвала.

Бацька ж доўга не мог заснуць, баючыся міжвольна патрывожыць сон дзяўчынкі. Як жа ёй, мабыць, дрэнна, думаў ён, што яна не захацела дамоў, а пайшла невядома куды з абсалютна незнаёмым чалавекам.

Ні айчым, ні Танюхіна маці нават не заўважылі яе адсутнасці. Яны ўвогуле нікога не маглі заўважыць, валяючыся покатам на старой прадушанай канапе з іголкамі-спружынамі вонкі, пасля пятнічнага балявання. Слабенькі стол у кухні, што хістаўся ад кожнага дотыку, засланы старажытнай з выгляду кляёнкай у разводах ад пралітага спіртнога і шнарах ад нажавых парэзаў, з апошніх высілкаў, здавалася, трымаў на сабе пустыя фаўст-патроны з-пад таннага пладова-ягаднага віна і быццам абгрызеныя па краях талеркі з недаедзенымі салёнымі гуркамі, салам і сялёдкай.

На дзіва, Танюха не спалохалася, не разгубілася і не абурылася ўбачаным. Яна падсела да маці, паклала яе галаву сабе на калені і пачала разгладжваць маршчынкі на твары соннай жанчыны, прыгаворваючы пры гэтым нешта пяшчотнае і прыгожае. Бацька ж ледзь не званітаваў ад відовішча.