— Ты не думай, — нібы прачытала Танюха яго думкі і паспяшалася заступіцца за сваякоў, — яны не злыя. Проста стамляюцца па пятніцах. Пагэтаму я і не люблю прыходзіць па пятніцах дамоў. Ты харошы, і табе трэба жаніцца на такой жа харошай дзеўцы, — раптам загаварыла пра іншае, не зрабіўшы нават паўзы пры пераходзе. — Калі б я была старэйшаю, — працягвала далей, — абавязкова жаніла б цябе на сабе, нікуды б ты ад мяне не ўцёк. Але я яшчэ маленькая, а ты чакаць мяне не згодзішся, ды табе гэта і не трэба. Я табе сама знайду нявесту. А зараз ідзі. Мне тут уходжвацца, ты перашкаджаць будзеш.
Бацька сышоў. Ён не хацеў, дый не меў ніякіх правоў умешвацца ў чужое жыццё. Навязваць сваё разуменне таго, як выхоўваць дзяцей і ў якіх умовах іх трымаць. У лепшым выпадку яго пашлюць куды далей і правільна зробяць. Або параяць завесці сваіх і выхоўваць так, як яму заманецца. Сем’і, падобныя сям’і Танюхі, усе так жылі. Іх была большасць. Ад заробку да заробку, а перад выхаднымі — абавязкова выпіўка. Да таго ж дом гэты, самы доўгі і шматпад’ездны ў горадзе па вуліцы Ленінградскай, напалову заселены быў нешчаслівымі людзьмі з няпростымі лёсамі, пакрыўджанымі, адрынутымі, пакінутымі. Два апошнія пад’езды ўвогуле займалі «хімікі» і адзначаліся кожную раніцу і кожны вечар на прахадной у дзяжурнага міліцыянера. Многія пасля так і застануцца тут, калі «хімію» ў доме адменяць, паспрабуюць наладзіць жыццё, завесці сем’і. Аднак жыццё — не канструктар «Лега», каб яго можна было лёгка разбурыць і гэдак жа лёгка сабраць наноў, ды яшчэ лепшым за папярэдняе. Дабрабыт адных і шэры быт іншых быццам падзяліў дом напалам.
Нязвычна доўгім і сумным падаваўся бацьку адпачынак. У Беларусь да бацькоў ён не паехаў, як і летась, зрэшты, і не збіраўся. Пару разоў з’ездзіў у Караганду да дзядзькі Міколы — аднаго з мацерыных братоў, якога таксама нялёгкая занесла ў Казахстан. Той працягваў вясковае жыццё: адбудаваў ладную хату, трымаў гусей, трусоў і свіней, займаўся шыццём зімовых шапак, самаробным віном і бярозавым сокам. У двары дзядзькі Міколы раслі паабапал залітай бетонам сцяжынкі ад веснічак да ганка адмыслова пасаджаныя некалькі дзясяткаў бярозак, якія напаміналі дзядзьку радзіму. Яны сагравалі яму душу пасля сырасці шахтных забояў і лашчылі ўлетку цяплом лістоты і завушніц, нібы дотыкам рук каханай жанчыны. Замілаванне дзядзькі Міколы вясковымі радасцямі бацька не падзяляў, пагэтаму надоўга не затрымліваўся, вяртаўся ў Шахцінск, дзе гуляў дапазна па парку ці па саланчаках і сопках адразу за горадам, уяўляючы сябе дэрвішам (слаба, аднак, ведаючы, хто гэта такі) у бяскрайняй пустыні. А яшчэ хадзіў у кіно, калі не заходзіла Танюха. Яна знайшла яго праз два дні і пацягнула за сабой у нейкую дзіцячую кавярню, дзе прадавалі адно марожанае і пірожнае з сокамі. Там бацька ўпершыню пабачыў маму. У коле каляжанак ці сябровак мама насалоджвалася марожаным колеру какавы ў папяровай шкляначцы пры дапамозе драўлянай палачкі. На ёй былі вузкія, унізе расклёшаныя чорныя штаны, нейлонавая жоўтая блузка з вялікім стаячым каўняром і скураны пінжак, ногі абутыя ў класічнай формы туфлі. Пышныя чорныя, бліскучыя, нібы ядваб, валасы локанамі падалі на спіну. Мама была маладая, фігурыстая і прыгожая, нягледзячы на акуляры, якія рабілі яе зялёныя з павалокай вочы больш выразнейшымі, чым тыя здаваліся. Яна спадабалася бацьку адразу, асабліва яе разумны выгляд. Чамусьці ён вырашыў, што дзяўчына абавязкова павінна быць разумнай, калі насіла акуляры. Што ж, ён амаль не памыліўся. Аднак падысці не асмеліўся. Палічыў, што не зусім ёмка танкам урывацца ў чужую кампанію. Зрэшты, для першага разу гэта і не патрабавалася. Танюха прывяла бацьку ў кавярню толькі дзеля таго, каб паказаць яму дзяўчыну, як і абяцала. Яна жыла ў тым жа доме, што і Танюха, у першым пад’ездзе, з бліннай па другі бок дома, працавала санітаркай у гарадской бальніцы і сустракалася з нейкім прышчом (нічога сур’ёзнага) з другога пад’езда.
Танюха падзялілася з бацькам падрабязнасцямі, якія нарыла пра маю маму, і пацікавілася ягонымі наступнымі дзеяннямі. Той сказаў, што яму патрэбна больш інфармацыі.
І яны ўзялі маму ў аблогу. Хадзілі за ёй ценямі, высочвалі, падслухвалі, распытвалі пра ейных знаёмых, быццам збіралі дасье ў ЦРУ, на што патрацілі тры месяцы. Пасля Танюха сказала бацьку, што далей цягнуць немагчыма, і ён павінен з дзяўчынай пазнаёміцца, калі, канечне, не перадумаў. Адзінае, што засмучала бацьку — гэта тое, што ён чамусьці забываў увесь час імя будучай жонкі, асабліва тады, калі знаходзіўся побач. Мабыць, насамрэч пакахаў.