Выбрать главу

— Давай! — падштурхнула Танюха бацьку.

Яны стаялі каля яе пад’езда. Бацька курыў, не зводзячы позірку з мамы, якая за дваццаць крокаў ад яго размаўляла аб нечым з жонкай свайго старэйшага брата Аляксандра і былой аднакласніцай Люсяй. Абедзве абапіраліся спінамі аб жалезную трубу, што замяняла сабой плот, якой была абнесена, нібы абвязана, як святочны падарунак, уся вялізная дзіцячая пляцоўка ў двары і палісаднік, размешчаны побач з першым пад’ездам.

Свяціла сонца. Яго прамяні, быццам падковы, высякалі з снегу іскры і цэлілі людзям у вочы. Снежань нябачным дзядулем адпачываў пад елкай у палісадніку, але нішто і ніхто не магло ўцячы ад яго пільнага вока. З ледзяной горкі, пабудаванай дарослымі і залітай на ноч вадой проста пасярэдзіне дзіцячай пляцоўкі, з віскатам і задаволенымі ўсклікамі каталася дзятва. Крыху ўбаку, на высокай драўлянай горцы валтузілася малеча. Скатвалася з горкі і яшчэ доўга ехала па адмыслова залітай сцяжынцы ад горкі да палісадніка.

Мая стрыечная сястра Наташка — чатырохгадовая прыгажуня і Люсіна дачка — таксама хацела на горку і захоплена пазірала ва ўсе вочы на шчасліўчыкаў, амаль нерухома седзячы ў санках побач з мамкай і цёткай, шчыльна ўхутаная, каб не змерзнуць, у пуховую хустку і цёплую коўдру.

Яе бацька і ўхапіў. Дакладней, не літаральна яе, а санкі, у якіх сядзела малая. Заціснуў вяроўку ад санак у кулаку і пабег, не аглядаючыся. Наташка запішчала мышанём, але не ад страху, ад неверагоднай сілы задавальнення, падобнай на шчасце, звычайнае дзіцячае шчасце. Малой ажно заняло дух ад хуткасці, аднак яна патрабавала яшчэ і яшчэ хутчэй везці яе! Наташка забылася і на мамку, і на цётку. Яе героем быў мой бацька, якога яна не ведала і ніколі не бачыла раней, ды толькі ён у той момант, здавалася, апынуўся найраднейшым чалавекам.

Бацька бег уперад, цягнуў за сабою санкі з дзяўчынкай і цешыўся таму, як рэагавала на яго ўчынак малая. Ён нібыта дзеля яе гэта і зрабіў, каб парадаваць кнопку. Каля першага пад’езда павярнуў налева, абмінуў дом і куляй панёсся далей. Міма праляцеў дзіцячы садок «Айжан», цырульня, набліжалася перакрыжаванне, што вяло з аднаго боку да школы № 6, з другога — да дзіцячага садка «Снягурка», у які бацькі будуць вадзіць мяне ў хуткім часе.

Мама ні разу не аклікнула яго. Бегла за ім зацята і моўчкі. Дзіўна, што менавіта яна пабегла, а не родная маці дзяўчынкі. Бацька і разлічваў на тое, што пабяжыць яна. Ён вылічыў гэты псіхалагічны ход пры дапамозе Танюхі, чыёй ідэяй, дарэчы, з’яўляўся і нявінны кіднэпінг.

Бацька паслізнуўся. Знарок ці выпадкова — неістотна. Ён распластаўся на снезе, санкі балюча ўрэзаліся яму ў бок, а проста на яго перакулілася праз санкі мама і закалаціла кулачкамі па яго грудзіне, не прараніўшы ні гуку. Яна ж не на жарт спалохалася за пляменніцу. А ён пасміхаўся, засланяючыся ад яе ўдараў, пакуль гэта яму не надакучыла. Тады бацька паймаў маміны рукі, прыціснуў іх да сябе і пацалаваў яе ў вусны. Ад нечаканасці мама нават адказала на яго пацалунак падобным, а потым з’ездзіла яму па фізіяноміі.

— Цілі-цілі-цеста, жаніх і нявеста! — захоплена запляскала ў ладкі Наташка.

Мама падхапілася са снегу, падабрала вяроўку ад санак, пашыбавала назад.

— Я ж люблю цябе, дурніца! — выгукнуў ёй у спіну бацька.

Мама спынілася, павярнулася, усунула вяроўку пляменніцы ў рукі, хутка падышла да бацькі, пацалавала ў вусны, адштурхнула ад сябе і прамовіла:

— Ну і любі сабе ціхенька. Навошта гарлапаніць на ўсю іванаўскую, га?

Пайшла да Наташкі. Каля пляменніцы павярнулася да бацькі, быццам нечага забылася.

— Сам дурань! — выгукнула яна з лагоднай усмешкай.

Яна чакала нечага падобнага, бо заўважыла, што за ёй сочаць. Спачатку спалохалася, але вырашыла ніяк не рэагаваць, да таго ж бацька нічога дрэннага ёй не рабіў. Глядзець жа не забараняецца і хадзіць следам хвосцікам таксама. Мама нават прывыкла да незвычайнай увагі з боку незнаёмага маладога чалавека, ён пачынаў ужо ёй і падабацца. Здаралася, што і засмучвалася, калі раптам заўважала яго адсутнасць. Аглядалася вакол, вышуквала ў натоўпе, не знаходзіла — і ўвесь дзень як быццам сапсаваны атрымліваўся. А бачыла — і настрой узнімаўся, хацелася спяваць і танчыць, не баючыся быць успрынятай дзівакаватай дурніцай. Яна, не задумваючыся, кінулася ўслед за бацькам, калі той падхапіў санкі з пляменніцай і давай уцякаць, бо адчула, што зрабіў ён гэта дзеля яе, бо стамілася ўжо чакаць. Магчыма, што яна не вытрымала б і першаю што-небудзь прыдумала, каб неяк зблізіць іх абаіх, але бацька ўсё ж апярэдзіў яе. Хаця, не з’явіся Танюхі ў бацькавым жыцці, наўрад ці яны б сустрэліся калі.