Ён дагнаў яе на рагу дома, калі яна заварочвала побач з палісаднікам, ідучы следам нішкам і пакурваючы.
— Я — Мішка, — назваўся, быццам аклікнуў.
Мама азірнулася, але не спынілася, хоць і сказала сваё імя ў адказ, якое бацька ведаў, аднак не памятаў, якое тут жа забыў, не зусім, ды ўсё ж надоўга. Пакуль не прачытае яго ўласнавочна ў кнізе рэгістрацыі падчас роспісу ў загсе, калі будзе браць шлюб з мамай.
— Можа, — губляючыся, адчуваючы, як пераймае дыханне кожнае прамоўленае слова, працягваў наступ бацька, не пазнаваў сябе і хваляваўся, — куды-небудзь сходзім?..
Мама гэтага не заўважала, таму што бацька ішоў ззаду. Яна адно чула яго, не бачыла. І тое, што чула, падавалася ёй упэўненым і нават дзёрзкім. Але больш за ўсё падабалася, што бацька нікуды не сышоў, а настойліва, на маміну думку, дамагаўся свайго.
— Можа, і сходзім, — какетліва паўазірнулася яна.
— Калі? — запытаў бацька. Яму падалося, што ён ледзь выціснуў слова з сябе, што яго не пачулі. Аднак мама ўсё цудоўна пачула. Бацькаў запыт ёй уявіўся патрабавальным загадам.
Між тым яны параўняліся з Наташкавай маці, якая гэтак жа нязмушана стаяла каля трубы і ляніва пазірала на неба. Здавалася, што яе зусім нічога не тычылася з таго, што адбылося. І ці адбылося што?
— Дык я зайду вечарам? — нібыта ўжо ўсё было вырашана паміж імі, удакладніў бацька, абмінуў і дзяўчынку на санках, і маму, і Люсю, пасля чаго марудна, чакаючы пацвярджэння, рушыў наперад.
— Заходзь, — паціснула плячыма мама.
— А шостай каля твайго пад’езда, — апошнія словы пакінуў бацька за сабой, павярнуўся спінай да дзяўчат і хутка пашыбаваў прэч.
— Чакай, адкуль ты... — хацела было запыніць яго мама, бо не зусім зразумела яго апошняй фразы, аднак своечасова ўспомніла, што бацька мог пра яе ведаць калі не ўсё, то вельмі шмат, ён жа сачыў за ёю так доўга. Ёй гэта не спадабалася, і яна вырашыла не выходзіць да бацькі на прызначанае спатканне.
А той, калываючыся, як на хадулях, у ботах з высокімі абцасамі, якія нацерлі яму мазалі на пятках, марыў хутчэй дайсці дадому і зняць абутак, нават не падазраваў, што наконт яго вырашыла мама. Бацька спадзяваўся на цёплы прыём, трэба толькі зняць, у рэшце рэшт, гэтыя боты, і ўсё будзе. І чаго ён толькі ўздзеў іх? Зарысавацца? Дык мама і не паглядзела на іх ні разу. Затое яна заўважыла яго вочы — валошкавыя беларускія азёры, у якіх вельмі хутка і патоне.
Мама была малодшай дачкой Героя Савецкага Саюза, больш за тое — Героя Вялікай Айчыннай вайны Яўгена Пятровіча Украдыгі. Дзед Яўген прайшоў усю вайну і дайшоў да Берліна ў званні капітана другога рангу Ваенна-Марскога флоту. У лютым 1943 года на яго катарах дэсант, які ўзначальваў маёр Кунікаў, высадзіўся на Малой зямлі і з жорсткім боем адбіў яе ў немцаў. Маёр Кунікаў і дзед Яўген атрымалі за гэтую аперацыю па Залатой Зорцы Героя. Адзін пасмяротна, другі ледзьве ачуняўшы. У дзеда Яўгена пасля той калатнечы была навылет прастрэлена грудзіна, а таксама паранена галава і перабіта рука. Рука, у якой былі пашкоджаны ўсе сухажыллі, з цягам часу ўсохла. Дзед Яўген не дазволіў адняць яе яшчэ ў 1943.
У Казахстан дзед прыехаў уздымаць цалінныя землі па загадзе партыі, бо да канца жыцця заставаўся сапраўдным камуністам (па асноўнай версіі). Папраўдзе усё было нашмат складаней. Яго жонка, мая бабуля Еўдакія, у часы вайны была вывезена ў Германію, працавала на немцаў. Дзед Яўген, беручы з ёю шлюб, ведаў пра гэта. Асабісты лёгка б даказалі віну перад Радзімай абаіх, нягледзячы на дзедаву Зорку Героя. Яму прапанавалі з’ехаць з родных мясцін, куды ён і баба Дуся вярнуліся пасля вайны, каб не мазоліў вочы, ці ў Карпаты дабіваць «бандэраўцаў», ці на цаліну, і дазволілі суткі падумаць. І як бы дзед Яўген ні любіў сваю Украіну, сваю родную Цішкоўку, што на Кіраваградчыне, давялося пакідаць іх, бо трэба было жыць. Асабіст трапіўся сумленны, не іначай.
У Казахстане ён працаваў спачатку прарабам, пасля дырэктарам «Заготзерна». Пакуль Шахцінска не было, жыў з сям’ёй у пасёлках Нурынскага раёна Кіеўцы, Шакаі і Шахцёры. Калі пачалося будаўніцтва новага горада, прымаў у ім непасрэдны ўдзел, бо да таго часу скончыў завочна Львоўскі будаўнічы інстытут, пасля з’яўляўся пачэсным жыхаром пабудаванага горада, у якім дзеда вельмі паважалі і шанавалі, аб чым сведчыла бясконцая чарада людзей, што прыйшлі развітацца, калі ён памёр, і дзве кватэры ў новым шматпад’ездным доме. Двухпакаёвую ў другім пад’ездзе ён аддаў старэйшаму сыну, які на той час ажаніўся, чатырохпакаёвую ў першым пад’ездзе засялілі астатнія.
Мама расла ў вялікай сям’і, з трыма братамі і сястрой. Старэйшы Аляксандр нарадзіўся без слёзнага мясца ў вачах (гэта ружовае рэчыва, якое мае кожны чалавек у кутках вачэй каля носа), і яго мацеры сказалі, што сын не жылец на гэтым свеце. Аднак ён дажыў да трыццаці гадоў і, цалкам магчыма, што пажыў бы яшчэ, калі б... не яго жонка Люся. Ён шалёна яе кахаў, ды Люсі не хапала аднаго ягонага кахання. Яна прагла іншых. Зразумела, што за дзядзьку Сашу яна выйшла замуж па каханні, але, мабыць, у яе жылах цякла кроў павеўны і яна нічога з гэтым зрабіць не змагла. Напэўна, і не супраціўлялася прыродзе. Дзядзька Саша страшэнна раўнаваў, здаралася, збіваў жонку да паўсмерці. На ёй зажывала ўсё як на сабаку, ці, хутчэй, як на сучцы, і яна зноў кідалася камянём у прыгоды. Відаць, з-за нерваў і перажыванняў у дзядзькі Сашы абвастрылася страўнікавая хвароба, якая, між іншым, нібы спрут, запусціць свае шчупальцы ў кожнага з маміных сваякоў, не абмінуўшы і яе самую, і якая, быццам кеглю, збіла дзядзьку Сашу з ног. Ён трапіў у рэанімацыю, затым у кому. З Шахцінска яго перавезлі ў карагандзінскую лякарню, бо мясцовыя ўрачы не ведалі, як ратаваць хворага і ад чаго. У Карагандзе дзядзьку Сашу вярнулі да жыцця, якое падтрымлівалі апарат штучнага дыхання і сістэма жыццязабеспячэння. Мама з бацькам бачылі яго перад самай смерцю. Дзядзька Саша жартаваў, прасіў прывезці дачку. Пасля іх у палату зайшла Люся. Яна прабыла там хвілін дваццаць. Пра што размаўляў дзядзька Саша з жонкай — ніхто так і не даведаўся, а Люся нікому не расказвала. Ды пасля яе візіту дзядзька Саша пазрываў з сябе ўсе катэтары і капельніцы. Уратаваць яго не паспелі. Магчыма, ён і не хацеў, каб яго выратавалі. На жаль, я не памятаю дзядзьку Сашу, бо памёр ён, калі мне было гады два. З фотаздымкаў жа старэйшы мамін брат выглядае вясёлым і шчаслівым, высокім прыгажуном артыстычнай знешнасці.