Сяргей Грахоўскі
I РАДАСЦЬ I БОЛЬ
Вершы і паэма
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Грахоўскі, І радасць i боль. Падзагаловак, — Мінск: Мастацкая літаратура 1988.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
На самоце
Недалюбіў, недакахаў, недаспрачаўся,
Не ўсе спаліў збуцвелыя лаўжы
I вось з аднапляменнікаў астаўся
Адзін на небяспечным рубяжы.
Прыспешваюць гады. Не азірнуцца
На свой бясконцы i цярністы шлях.
Гукаю тых, што ўжо не азавуцца,
Агонь шукаю, што даўно ачах.
Здаецца часам,— i мяне гукае
Знаёмы голас з-за тае мяжы,
Але ніхто нідзе не сустракае,
За міражом знікаюць міражы.
Здаецца часам,— кружыць чорны воран
I над маёй ссівелай галавой,
А сонца разгараецца, як горан,
Душа душы адказвае жывой:
Жыві, пакуль глядзяць удалеч вочы,
Душой нідзе ніколі не крыві,
Не бойся, дык i вораг не сурочыць,
I за сябе, i за другіх жыві.
* * *
Адзіная зорка у небе гарыць,
З кім можна з адкрытай душой гаварыць.
Цябе я з маленства начамі шукаў,
Табе спавядаўся, калі сустракаў.
Ты ведала думы мае i сакрэты,
Я быў да світання табою сагрэтьт,
Табе я даверыў таемныя мары,
А ты нечакана знікала за хмары,
Ты зноў узыходзіла на небасхіле,
Хоць часта ў касмічным гублялася пыле.
Адна ты заўсёды свяціла ў жыцці.
Цяпер на змярканні другому свяці.
Як толькі прыстану ў нялёгкай хадзе я,
Спытаю:
— А як ты завешся?
— Надзея.
Аналогія
Дзе вы, дзе вы,
Нашы дзевы,
Нашы юныя сяброўкі
З Ляхаўкі i з Камароўкі,
У таргсінках
I ў берэтках,
У кароценькіх жакетках
I ў спаднічках да кален?
Вы жылі без важных змен,
Без высокае пасады;
Палівалі палісады,
Раніцай палілі ў печы,
Вечарамі на сустрэчы
Вы ішлі ў адзіны сквер,
Дзе нудзіўся кавалер.
Шчабятухі, тараторкі
Беглі да «Чырвонай зоркі»
I лічылі за удачу,
Што глядзелі «Кукарачу».
Вы анёльскімі вачыма,
Без падводак i акрас,
Што ўтрымацца немагчыма,
Пазіралі i на нас.
Мы хадзілі ўслед за вамі
На Пярэспу, а ж да брамы,
I баяліся прызнацца,
Што хацелі б зноў спаткацца.
Нас лічылі дзівакамі,
Бо ні словам, ні рукамі
Не прызналіся ў той час,
Што усё ж кахалі вас.
Дзе вы, дзе вы,
Нашы дзевы
З той далёкае вясны?
Дзе вы, дзе вы,
Нашы Евы
У карунках сівізны?
Не пазнаю вас ніколі,
Не пазнаеце мяне,
Дык няхай ліхая доля
Назаўсёды нас міне...
Шпацыруюць па праспекце
Прыгажэйшыя на свеце,
Моцна ўзяўшыся за рукі,
Нашы ўнучкі, нашы ўнукі,
Хоць i з лішкамі акрас,
I ўсё ж падобныя на вас.
Лірычнае
Твая мне ласка трэба, як паветра,
Мне ў змроку свеціць ясны твой пагляд,
Я за табою сотні кіламетраў
Прайду, не азірнуўшыся назад.
Не ведаю i сам, якая сіла
Мяне вяла i зноў услед вядзе,
Хоць нада мной завея галасіла
I не было ратунку анідзе.
А ты была, як на пачатку мая,
Такою, як сустрэлася спярша,
I верылася,— зноўку акрыяе
Мая даўно настылая душа.
Твая мне ласка трэба, як паветра,
Мне ў змроку свеціць ясны твой пагляд,
А ты мільгнула, як далёкі ветразь,
I знікла за туманны далягляд.
19 кастрычніка
Здрабнелі зоркі ў тую ноч,
I месяц заблудзіўся дзесьці.
Мяне вядуць у змрок, а воч
Ніяк ад дому не адвесці.
Яшчэ зірнуў апошні раз
I ад пакуты аж заенчыў,
Калі ў маім акне пагас
I без таго слабы агеньчык.
Шумела лісце, дождж імжыў,
У сцены біўся вецер з гулам.
I з гэтае хвіліны жыў
Я не ў наступным, a ў мінулым.
Паўзла дарога, як змяя,
Пранізваў холад мозг i цела,
I знічка ранняя мая
У чорным небе праляцела,
~ 1 ~