Няўжо ў паўтысячы галоў
Не знойдзецца сумленных слоў,
Каб выказаць дакладна думкі,
А не цягнуць, як пасак, гумкі
Або збуцвелыя вяроўкі,
Банальныя фармуліроўкі.
Мы ж па інерцыі пасуем
I механічна галасуем
Аднагалосна ўсе за аднаго,
Не ведаючы нават за каго,
А то за цэлую абойму...
А думаць хочацца па-свойму.
У імя дабра
Гавораць: праўда вочы коле
Таму, хто не казаў ніколі
Суровай праўды проста ў вочы
I гаварыць ніяк не хоча.
Хлусню ён можа апраўдаць,
Сказаць,— нібы яму відаць
Такое, што ніхто не бачыць,
А сам ён вельмі многа значыць,
Бо знае, што забараняць,
Кагo, i як, i дзе суняць,
Каб толькі спакайней жылося,
Каб добра елася, пілося.
Не лаюць тых, хто не дазволіў,
Хадайніцтва не задаволіў,
А хто адважна даў дазвол,
Той можа страціць важны стол.
Таму да пэўнае пары,
Што думаеш, не гавары.
Чыноўнік зразумеў i ў школе,
Што праўда толькі вочы коле,
Таму ён так стаіць за коснасць
I безгалосую галоснасць,
Але даўно прыйшла пара
Для Праўды у імя дабра.
Купалаўцы
У гэтых вузкіх калідорах
Каторы год i нездарма
Сумуюць сцены па акцёрах,
Якіх ужо даўно няма.
Усе яны глядзяць з партрэтаў
З усмешкамі ў жывых вачах,
Нібы з грымёрных i буфетаў,
Яны з нябыту па начах
Пустою залаю на сцэну
Паміж запыленых куліс
Ідуць адны другім на змену,
Нібы па выкліку на біс.
Пярэчыць Ржэцкая Галіне,
Ім Глебаў падае руку.
Адна ў шырокім крыналіне,
Другая — у андараку.
I Уладамірскі безупынку
Смяецца, плача i пяе,
Пa волі Чорнага на рынку
Зноў камізэльку прадае.
Пяюць дзяўчаты «На купалле»,
Вядзе «Паўлінка» карагод.
Начамі для пустое залы
Ідуць спектаклі круглы год.
I сэрца юнага акцёра
Дрыжыць страдой на цеціве,
Бо ў гэтых сценах, як i ўчора,
Душа Крыловіча жыве.
Купалаўцы! Жывы Купала
Да вас ідзе з крутых дарог,
I ружа ўдзячнасці упала
Паэту да стамлёных ног.
Даўно акцёры i актрысы —
Краса бацькоўскае зямлі,
Без воплескаў не за кулісы,
A ціха ў вечнасць адышлі.
Ізноў ідзе на змену змена,
Не моўкне воплескаў раскат.
Нябачныя вядуць на сцэну
Купалаўцы купалянят.
Споведзь
Знікаюць сведкі шчасця i пакут,
Завея замятае след за следам,
А я дасюль вяршу суровы суд
Сам над сабою, без прадажных сведак.
Дапытваю сябе пра кожны крок,
Пра кожнае зняваяшівае слова,
Пра тых, каго пакрыўдзіў незнарок
I з кім не прывітаўся выпадкова.
Сябе суджу.
Цябе заўжды хвалю,
Хоць прызнаюся ў гэтым i не многім,
Табе заўсёды літасці малю,
Апраўдваю перад людзьмі i богам.
Мяне сумленне джаліць, як асцё,
Але дайсці да сутнасці не ўмею:
Сябе не разумею ўсё жыццё,
Цябе — за тры жыцці не зразумею.
Над Кержанцам
Над кручай Кержанца з табою
У роснай i густой траве
Адчулі раптам мы абое,
Што нехта трэці ў нас жыве.
Ён клікаў i прывёў на кручу,
Смугою вусны апаліў,
I шчасце абяцаў, i мучыў,
I даць яму жыццё маліў.
Шумелі травы над ракою,
Маргалі свечкамі скіты,
А нам ён не даваў спакою,
Яшчэ не знаны i святы.
Гарэлі вусны, як суніцы,
A слоў патрэбных не было...
З тае пары дагэтуль сніцца
Тваё пяшчотнае цяпло.
Даўно з табою мы не тыя:
Згінаў нас i выпростваў час.
Мы толькі грэшнікі святыя,
I ўсе падобныя на нас.
Развітанне з Нараччу
Ноччу Нарач, як зорнае неба:
Выплыў месяц, i вецер заціх,
I прыпала такая патрэба
Да світання пабыць удваіх.