Выбрать главу
Адзін аднаму мы шапталі: «Трымайся». А варта гарланіла: «Не вяртухайся!» Затворамі ляскала, вылі аўчаркі, Начальнік сіпеў пасля добрае чаркі: «Хто ступіць направа ці ўлева на крок, Пабачыць, што б'е без асечкі курок».
Сягоння былыя начальнік i следчы Адзін аднаму прызначаюць сустрэчы. Няма ў ix чыноў, ні чубоў, ні зубоў, На плошчы зганяюць яны галубоў Адтуль, дзе стаяў i рассыпаўся помнік.
З ix кожны прыходзіць сюды, як паломнік, Даўнейшае ўспомніць, палаяцца злосна, Што знаюць пра ўсё i гавораць галосна, Бо ix не цікавіла, праў ці не праў ты, Таму i становіцца страшна ад праўды.
Каб толькі вярнуць ім былыя часы, Яны надавілі б на ўсе тармазы, Пасаду адразу б i ўладу займелі, Паставілі б помнік, каб зноў анямелі.
Дарэмна! Не будзе ранейшых пасад, I помніка болей не вернуць назад.

Двое

Беленькія мамы, Чорненькія дзеткі,— Шчасця або драмы Удзельнікі i сведкі.
Пошукі рамантыкі Ці звычайнай страсці Завялі раман такі, Што гатовы ўпасці
У абдымкі ласкі Юнакам з Нігерыі I лічыць за казкі Нават ночы шэрыя.
Змучаныя снамі Ў будні, як у святы, Саграшылі самі Сціплыя дзяўчаты.
Вось i сталі дамамі, Жонкамі часовымі, I гуляюць з самымі Чорненькімі Вовамі,
Песцяць i мілуюдь Кожны пальчык любы I у сне цалуюць Пушкінскія губы.

Стары млын

Не пытаюся, куды вядзе дарога, Калі ёсць, дык некуды вядзе... Пэўна, да млына таго старога, Што даўно не меле, а гудзе
Толькі вецер у кашах i ў скрынях, Зарастаюць мохам латакі, I ляжыць на бэльках, быццам іней, Пыл калісьці змеленай мукі.
Не, не збіўся. Прывяла дарога. Млын дрыжыць адбіткам на вадзе. Пагукаў, але няма нікога, Нават следу не відно нідзе.
На прантах парэпаліся жорны, Пацукоў цікуе кот рабы, На прыступках i ў паддашшы чорным Стогнуць i жыруюць галубы.
А было ж завознікаў памногу, Жорны аж да поўначы гулі, I вазы ў далёкую дарогу Везлі мліва цёплыя кулі.
Паглядзеў на млын, нібы на страту Даўніны забытай i нямой, I сумеўся, разабраўшы дату, Што забыты млын — равеснік мой.

Завялы васілёк

Пісаў за вершам верш. Здавалася, звінелі, Іскрыліся i дыхалі радкі, Здавалася, на стоптанай панелі Павольна расцвіталі васількі,
Гарэлі зіхатлівыя вясёлкі, Туманамі курыліся лугі, Імчаўся стараною вецер золкі, I не было ні гора, нi тугі.
Я высякаў i шліфаваў старанна За словам слова, за радком радок, Ды неспадзеўна i занадта рана Маю душу ахутаў халадок.
A прачытаў напісанае ноччу I разгубіўся раніцай, калі Слязою затумапіліся вочы, Вясёлкі згаслі, кветкі адцвілі,
I ўсё здалося хісткім, нетрывалым, Бясколерным, бязгучным i даўгім, Схіліўся верш, як васілёк завялы, Ад холаду i ранняе тугі.

Сцюжы

Ад сцюжы сэрца халадзела I прамярзала навылёт, Шурпацела, як тарка, цела, Не раставаў на вейках лёд.
Не сунімалася завея, Збівала i валіла з ног, Здавалася, душа сівее, А праведных карае бог
За паслушэнства i бязволле, За непавагу да сябе, За абыякавасць да болю, Да гругана, што лоб дзяўбе.
А сцюжы? Сцюжы лютавалі, Сляпілі вочы ледзяшы, I часам рэбры прыстывалі Да пасівелае душы.
Я так настыў у маладосці, Я навучыўся так цярпець, Што толькі спадзяюся косці У крэматорыі сагрэць.

Трывожная ноч

А мне дасюль кашмары сняцца,— Ніяк збавення не знайду: Не азірнуцца, не суняцца, Ніяк не абмінуць бяду. Яна мяне даўно цікуе: То даганяе, то вядзе, Няўжо ca мною i звякуе, Няўжо сама не прападзе? Шукаў i не знаходзіў выйсця З палону выцвілых папер. Былі даносчыкі калісьці, Ёсць ананімшчыкі цяпер. Яны адной жалобнай масці, Яны адну нясуць бяду. I будзе найвялікшым шчасцем, Калі здалёк ix абыду. Я прачынаюся на золку. Світае. Сонца узышло, Кароткі дождж размыў вясёлку, У шыбы ўдарыла святло. Куды ні гляну — ззяюць дахі I ад дажджу, i ад святла. Усе развеяліся страхі, I ноч трывожная прайшла. Сягоння будзе дзень пагодны, Бо сонца з раніцы пячэ. I я шчаслівы i свабодны I прагну жыць і жыць яшчэ.