На схіле дня
Ліловым дымам сцелюцца па ўзгорках
I шапацяць таемна верасы,
Мільгаюць у арэшніку вавёркі,
На дол сцякаюць кропелькі расы,
Сівы туман курыцца над лугамі,
Дзяўбе далёкі дзяцел цішыню,
Буслы плывудь шырокімі кругамі
I плаўна набіраюць вышыню.
На хвоі дагарэў вішнёвы промень,
I небасхіл паволі дагарыць,
Рабіна ледзь трымаецца на строме
I золатам, i полымем гарыць.
Далёкі пах бярозавага дыму
I развітальны голас журавоў
Мяне заўсёды клічуць на радзіму,
I я спяшаюся дамоў.
* * *
Знікалі з крыкам лебедзі ў тумане,
З настылых мальваў асыпаўся цвет.
Ніхто не ведаў, што ў такое ранне
З'явіўся я на белы свет.
I вось ужо канчаецца дарога,
Сплылі, як здані, i мае гады:
За што ні браўся — не паспеў нічога,
I знікну непрыкметна назаўжды.
Аптымістычны фінал
Не распускайся нават перад смерцю —
На безнадзейнай i крутой мяжы.
Няхай ад злосці зарагочуць чэрці,
А ты найлепшы гальштук завяжы,
Зрабі прычоску, як у маладосці,
Адзень адпрасаваны гарнітур,
Збяры сяброў на развітанне ў госці
I не кажы, што блізка да хаўтур.
Не ўспамінай ніколі аб хваробе,—
Ніхто не дапаможа ўсё адно,
I знікні, як марак у чыстай робе
Знікае разам з караблём на дно.