Выбрать главу

Балючая памяць

Паэма

Пара сапраўднай праўды

Я, нізавошта пакараны, Даўно прымушаны маўчаць, Залізваю дагэтуль раны, Што ўсё яшчэ кроватачаць.
Прыйшла пара сапраўднай праўды, Якой з маленства даражу. Язык мой, столькі год маўчаў ты. Цябе я ўрэшце развяжу.
Я пасталеў занадта рана, Быў актывіст i гаварун, Агітаваў i быў адданы Любому лозунгу з трыбун.
Насіў юнгштурмаўку i боты, Лічыў сябе мудрэй за ўсіх, Ды шальмавалі абармоты Мяне i родзічаў маіх.
Я за пракосам гнаў пракосы, Цягаў лясіны па спіне, А нехта ўжо страчыў даносы I весела ўсміхаўся мне.
Відаць, я замінаў нямала Сваёю вераю святой, Ды ўдарыў гром: пара настала Мяне прыціснуць пад пятой.
Усё здавалася трызнёю, Кашмарным i часовым сном, Неспадзяванай валтузнёю, I ўсё ж хлусні зрявіўся том.
Круціўся дзень i ноч канвеер, Хоць i не верыў зрок i слых, Што нізашто вышэйшай мерай Караў бяздумна свой сваіх.
Адбедаваў i больш не плачу Hi па сабе, ні па сябрах. Мне лёс наканаваў удачу, Сябры ж развеяліся ў прах.
А я дасюль у снежным шале Ўсё бачу змучаных калек, Што маладымі паміралі На гразкіх сцежках лесасек,
Што на пагрузцы падстаўлялі Пад шпальнік сцёртыя маслы, Што курчыліся на павале Пад свіст лучковае пілы.
Мае сябры, я вас пайменна Збярог у памяці сваёй. Я — сведка ваш, я — ваша змена, Мы доляй скутыя адной.
Не знойдзе самы клапатлівы, Дзе ваш прапаў апошні след, Хоць толькі знікнеце тады вы, Як я пакіну гэты свет.
Лірычных адступленняў годзе. Пакуль відзён былога цень, Я з клятага дзесяцігоддзя Хачу адзін прыпомніць дзень.
Быў i тры тысячы шэсцьсоты, За ім найшоў паўторны круг... А я прыпомніў, як з работы На вахту не вярнуўся друг.
Яго няма. Па ім бядую,— У сэрцы ён i у вачах, Хоць сорак тры зімы зімую Я без таго «уцекача».

Уцякач

Я быў i дужы, i здаровы, Худы, галодны, малады. I да знямогі рэзаў дровы У незабыўныя гады.
Калі лучковаю пілою Крамсаў бярозы дзень у дзень, Ад пайкі поснай i малое Рабіўся доўгі, нібы цень.
A пілаваў. Хоць без надзеі Свой цяжкі крыж цярпліва нёс, Каб толькі у штрафным кандзеі [1] Не завяршыўся горкі лёс.
Я ж не паспеў ні стаць на ногі, Hi завяршыць кірунак свой, Калі казённыя дарогі Таптаць пагнаў мяне канвой.
Тады пайшла на «пільнасць» мода, I ўсё вышуквалі часцей Уяўных ворагаў народа, Ix матак, жонак i дзяцей.
На ўсіх адразу не хапала Аховы, камер i замкоў, Hi перасылак, ні каналаў, Hi лагераў, ні руднікоў.
Тут «вынаходцы» ў захапленні Падалі смела галасы, Што трэба ўзяць у ачапленне Заводы, шахты i лясы.
Ix зверху блаславілі «шышкі». I разгарнуліся ж яны: Цягнулі дрот, стаўлялі вышкі I... палучалі ардэны.
Вось у такое ачапленне, Не знаю, па чыёй віне, Валіць бярэзнік, драць карэнне Зімой прыгналі i мяне.
Вядуць. Пілуй з апошняй сілы, Пот залівае, як рапа, За пайку, лапці, i бахілы, I целагрэйку да пупа.
I я хадзіў вось так прыбраны, На шэрых шчоках мох парос, Гнаіліся на целе раны, Ад сцюжы аблузаўся нос.
Ёсць i ў бядзе свае няшчасці: З'ясі паёк, то — без пайка, Бо можна з голаду прапасці, Калі не маеш кацялка.
Хоць бы які: бляшанка з дужкай, Глячок, з якога пi i eш, Калі здабудзеш лыжку з кружкай. Дык да вясны i дажывеш.
вернуться

1

Кандзей (жаргон) — штрафны ізалятар.