А што вясной? Вясна-красуня
Падсцеле цёплае травы,
Падкіне шчаўя, грыб падсуне,
З'ясі, глядзіш,— яшчэ жывы.
A ўзімку строчыць зноў заявы
I скардзіцца тутэйшы люд,
Што ix судзіць не мелі права
Hi тройка, ні закрыты суд.
Але ж з «яжовых рукавіцаў»
Не вылузацца, хоць памры...
Заявы ж нашыя ў сталіцу
Ідуць да гэтае пары.
А каб дайшлі, дык хто б заўважыў,
Сумленна хто б разгледзеў ix?
Адзін найбольш на свеце важыў
I вырашаў усё за ўсіх.
A ў нас надзеі не згасалі,
Бо верылі яму усе,
Ды аптымістаў тых спісалі
За вахту з біркай на назе.
I я пісаў сабе i людзям,
Бо ўсе надзеямі жылі,
Што некалі нарэшце будзе
Закон i праўда на зямлі.
A найвялікшы між вялікіх
Усіх народаў i вякоў
Гартаў дакладныя падлікі
Яму адданых мердвякоў
I толькі не звяртаў увагі,
Што там пісаў жывы шкілет,
I пакідалі дахадзягі
З надзеяю агорклы свет.
Калі ж вайна бядой крывавай
Ішла па нашай старане,
Я кожны дзень пісаў заявы,
Каб узялі на фронт мяне.
Прасіўся я ў штрафную роту
I марыў днём i уначы
Пра тую страшную работу,
Дзе гінуць, каб перамагчы,
Каб у крутой віхуры бою
Усім паклёпнікам назло
Мне змыць уласнаю крывёю
Віну, якое не было.
Але аслеплі i аглухлі
Даўно за сценамі муроў.
Надзеі светлыя патухлі
Ў мяне i у маіх сяброў.
Ніхто ні разу не паверыў
I не зрабіў насустрач крок.
Наадварот,— на нашы дзверы
Другі павесілі замок.
А мы усе для Перамогі
Сіл не шкадуючы жылі,
Пракладвалі ў тайзе дарогі,
Калолі тоўстыя камлі
На шпальнік i на ружбалванку,
Забыўшы ўласную бяду,
Грузілі з вечара да ранку
I засыналі на хаду.
Спытаеце: «Ці не кляпаеш?
Навошта тая даўніна?»
Не, калі крыўду не зламаеш,
Цябе зламае зноў яна.
Былі ў нас вера i цярпенне,
Але мне сняцца i цяпер
Развод, канвой i ачапленне,
Аўчарка дзікая, як звер.
Пілую,— чуркі, чуркі, чуркі,
Кладу паленіцаў рады,
З дзесятнікам гуляю ў жмуркі
За міску поснай баланды:
Саскроб адмеціны з паленняў,
Душу запляміўшы сваю,
Часова страціўшы сумленне,
Што здаў учора, зноў здаю.
I ўсё ж не раз бяда страчала:
Сачыў дзесятнік з-за куста,
Тады кандзей, ды выручала
Часамі i мяне туфта.
Туфта — для кожнага удача:
У зводках множацца нулі.
Вось за такія справаздачы
Начальству прэміі былі.
Без круглых лічбаў не пахваляць,
Без гучных рапартаў — скандал,
Дзялянку без туфты не зваляць,
Не пракладуць нідзе канал.
Туфта усім была патрэбна:
Начальства прэміі грабе
I, быццам дыфірамб хвалебны,
Загад чакае на сябе.
Так кар'ерысты i дзялягі
Займалі важныя пасты,
Ад лесасекі да ГУЛАГа
Былі ўсе творцамі туфты.
Туфта туфтой, а ты ў брыгадзе
Для ўсіх папіхач i халуй:
Знясілены пад штабель сядзеш,
A ўжо крычаць: «Фіціль, пілуй!»
Відаць, i праўда,— дагараю,
Нібы фіціль; увесь апух,
Як ачмурэлы, пазіраю,
Пакуль зусім не выйшаў дух.
У рэйку б'юць: «Канчай работу.
Выходзь на вахту, як адзін!»
Мы ж завіхаліся да поту
Амаль што тузіну гадзін.
Гараць кастры у ачапленні,
То датляваюць, то гудуць,
У мітульзе жывыя цені
На вахту з ліпамі брыдуць.
Палічаць там усе галовы,
Скамандуюць: «Шарэнгі здвой!»
Калі ўсё сыдзецца, гатовы
Начальнік паздымаць канвой.
Але марудна нешта лічаць
Па тры разы ад краю ў край,
Сабачніка чамусьці клічуць...
Выходзіць, хлопцы, загарай
На лютым ветры i марозе,
Снег i душу, i твар сячэ,
I з лесу па такой нягодзе
Ніхто нікуды не ўцячэ.
I ўсё ж кагосьці не xaпae.
Трывогу б'юць: «Уцёк! Уцёк!»
Аўчарка рвецца, снег капае,
Трашчыць сырычны павадок.