Выбрать главу
Галёкаюць, крычаць, страляюць, Бягуць лавіць уцекача, А хлопцы ціха разважаюць: «Калі няшчаснага спаймаюць, Улепяць «вышку» згарача».
Кастры у змроку дагарэлі, А ты на ветры скавычы. Відаць, з адчаю ачмурэлі Ці звар'яцелі ўцекачы.
A колькі ix? Што за прапажа? I хто падаўся ў белы свет? Пра гэта нам ніхто не скажа, Бо гэта тайна i сакрэт.
Але куды ўцячэш у лютым? Відаць, здурэў, калі пабег, Галодны i амаль разуты, Калі вышэй папружкі снег.
Мы ўсе заходзімся да ночы I лапцямі чачотку б'ём... Аўчарка рвецца i якоча, Папружку цягне ў буралом.
Няўжо знайшлі? Ці не зашыўся, Каб ноччу ўрэзаць лататы, Але дзівак, відаць, забыўся,— Куды ні сунешся,— пасты.
Яны i ў лесе, i на полі, На вышцы i каля кастра... Як нас ахоўваюць, ніколі Так не ахоўвалі цара.
Тваё засведчана аблічча На картцы ў профіль i анфас, Цябе, нібы каштоўнасць, лічаць На дзень, бывае, дзесяць раз.
Калі храпуць на голых нарах На ўсе лады i галасы, Ізноў падлічваюць па парах Галовы, пяты i насы...
Да нар прыпнутага папружкай Дні па чатыры мерцвяка Хавалі часам пад дзяружкай Сабе для лішняга пайка.
«Сюды!» На кліч сабакавода, Грузаючы, па хмызняках Ужо спяшаецца падвода З лекпомам у старых пімах.
Гадаюць хлопцы: «Зацкавалі. Знявечылі, а можа, горш. Вось так не аднаго спісалі Hi за панюшку, ні за грош».
Рассунуў конь дугою вецце, Атросшы іней з галавы, «Калі прыбыў памочнік смерці, Дык, значыць, уцякач жывы.
Хоць бы хутчэй яго прывезлі», I хлопцы лаюцца усмак, Бо кішкі да кішок прымерзлі I заігралі кракавяк.
Вязуць! Няма, выходзіць, страты. Ён без наколак i прыкмет, Сягоння спісаны з брыгады У лепшы бесканвойны свет.
Ён паўтары адолеў нормы. Hi ў чым яго не дакарай, I ўсё ж, нібыта збіты штормам, Падаўся ў пекла або ў рай.
Ну, вось i ўсё. Адбой канвою, Настылі пілы на плячах, I конь з панылай галавою Павёз у зону «ўцекача».
...Ну, i трывушчы ж мы народ! За што? За нечыю памылку Адбухалі па дзесяць год I трапілі «навечна» ў ссылку.

Спакойныя ночы

За годам год дзесяцігоддзі З бядой i радасцю прайшлі, Таму ёсць прымаўка ў народзе: «Нішто не вечна на зямлі».
Не вечны боль, кумір не вечны, I мне не вечна гараваць, Але за здраду небяспечней Несправядлівасць дараваць.
Не забываў я аніколі, Hi ясным днём, ні па начах, Hi ў радасці, ні ў горкай долі Нятленны вобраз Ільіча.
Ён мне свяціў у долі горкай, I сёння ў радасным жыцці Ён свеціць пуцяводнай зоркай, Каб да канца за ёй ісці.
Перагартаўшы памяць зноўку, Для шчасця ўнукаў i сыноў Не змоўк раней я i не змоўкну, Каб час той не вярнуўся зноў,
Каб праўды, розуму i згоды Агонь у сэрцах не ачах I каб сумленныя заўсёды Спакойна спалі па начах.
Каб не палохаў гул машыны Апоўначы, i стук, i звон, Каб нават i на паўхвіліны Кашмарны не вярнуўся сон.
Іду да фінішу паволі I ўсё выпростваю душу, I шчаслівейшы, што ніколі Я не схлусіў i не схлушу.
1980—1987

Вершы

Рэквіем рукапісам

Казалі,— рукапісы не гараць, А я аднойчы бачыў, як гарэлі У печы Галубковы акварэлі, Як вершы адпраўлялі паміраць, Сагрэтыя яшчэ жывым дыханнем, I ласкаю, i трапяткім каханнем, А кажуць,— рукапісы не гараць.
I як яшчэ гараць! I колькі ix згарэла У печах патаемнага двара, Што зеўралі, як д'яблава нара, Душа паэм за дымам адляцела, Што так дайсці да кожнага хацела Пасланцам весялосці i дабра, Ды знікла ў полымі казённага кастра.