Выбрать главу

Немагчыма

Мне часта шкодзіць мой язык, Таму ўдваіх з бядой кручуся, Што праўду гаварыць прывык, А лгаць ніяк не навучуся.
Хлусіць вучылі i не раз Ліхія людзі i пакуты, Але ніяк ілжывы сказ Не мог звязаць язык прыкуты.
Не ўсё мы ўмеем шанаваць I бачыць яснымі вачыма. Без праўды можна існаваць, А жыць без праўды немагчыма.

Забаронца

Чыноўнік спакойна давесці умее, Што белае чорным уявіш i ты. «Народ,— ён тлумачыць,— не зразумее Занадта дачаснай тваёй праматы. Народу патрэбны інакшыя песні, Згадзіся, а ix у цябе i няма. Пішы, каб вясною здалося прадвесне, А восенню — лютая наша зіма. Пішы для народа патрэбную праўду, А ты калупаешся ў дробнай брыдзе, Таму нават звання дасюль не прыдбаў ты, Таму не вядомы нікому нідзе. Я ведаю цвёрда, што трэба народу, На варце яго інтарэсаў стаю, Каб укараціць крытыканаў пароду I ўзяць на цыгундар адвагу тваю». Даслухаў яго — i як токам затрэсла: «Народны заступнік» абедзве рукі Да хрусту ўвагнаў у высокае крэсла, Каб толькі не страціць рублі i пайкі. Не, не абаронца ты, а забаронца. Цябе нарадзілі за праўду раней, Гатовага Месяц закрэсліць i Сонца, Бо лічыш сябе за усіх разумней. Сумленне i праўду табе не закрэсліць. Магчыма, пакруцішся трохі яшчэ I вылеціш коркам з утульнага крэсла, Як знізу i зверху табе прыпячэ.

Балючае

А хто з нас не ашукваў сам сябе? Хто слепа не ішоў на дапамогу Таму, што толькі ўсё сабе грабе I гучна паднявае дэмагогу?
Хто з нас абы-чаго не плёў, У што i сам не вельмі верыў? Хто з нас не падстаўляў нулёў У зводках дзеля ўласнае кар'еры?
Хлусілі часта аднаму адзін,— Дакладвалі, рапартавалі: Ад рання да дванаццаці гадзін Спакою людзям не давалі.
A паглядзіш праграму «Час»: На ферме, фабрыцы, заводзе Грыміць авацыя ў рабочы час, Нібыта ўсе мы на агульным сходзе.
Яшчэ там-сям ліпяць «кіраўнікі»,— Упартыя чыноўныя служакі, I тузаюць па звычцы ў дзве рукі, A кіраваць ужо няма кім.
Круцілася, як тая карусель, На месцы тэхніка слабая, I боўтаўся ружовенькі кісель, Што i дасюль ніяк не расхлябаем.
Не, расхлябаем лайдакам назло, I ўсё паправіць наша пакаленне, Бо кожнай рэвалюцыі залог — Адвага, Праца, Праўда i Сумленне.
Адзіны шлях выразна нам відзён, I ўжо не перашкодзіць больш нішто нам, I верыцца, што будзе наш закон Для кожнага i ўсіх адным законам.

Аднагалоснасць

Становіцца часамі млосна, Калі прымаюцца аднагалосна Шматслоўныя i нават куцыя Рашэнні або рэзалюцыі.