Выбрать главу

Бацька, перакусiўшы, адкiнуўся на ложак адпачыць, мацi ходалася ля печы, а я з Ягорам вяду, без асаблiвай ахвоты, бяседу, засяроджаны найболей на Дусi, балазе яна цяпер паглынутая размовай Эмы з Дар'яй, i хiба ня прыкмячае майго спасьцiжэньня яе. Але слухаючы iх, яна была настаўлена i на мяне: павернутая да мяне адной стараной, напружаная, яна ўкрадкам пазiрала i на мяне. Здавалася, яна ня вытрымае такога напружаньня i загаворыць са мною. Так яно i сталася: кiнуўшы свой пагляд на палiчку з кнiжкамi, што была прымацаваная побач яе на сьцяне, яна папрасiла ў мяне дазволу паглядзець тыя кнiжкi. Сярод кнiг яна натрапiла i на маю, тоненькую - "Прычасьце". Зiрнула на мяне i ейны твар засьвяцiўся радасна-ўсхваляванай усьмешкай. Запыталася:

- Што ета "прычасьце"?

Пачынаю тлумачыць сваё "прычасьце", але яна не спасьцiгае таго, што я гавару, затлумленая адчуваньнем маёй фiзычнай да яе блiзкасьцi. Палажыла маю кнiжыцу на стол. Гартае. Спрабуе ў ёй чытаць:

Заўсёды ты перада мною,

перад табой заўсёды я.

Занята сэрца ўсё табою,

красуня гордая мая.

Але сказаць табе ня сьмею

я гэтай праўды з прастаты.

Чаго стаю, чаго нямею

перад табой - ня знаеш ты.

- А я знаю - чаго. Ты любiш яе. А хто яна, красуня?

- Яна - нiхто. Яе няма. Гэта я выдумаў яе.

- Няпраўда. Яна ёсьць. Ты саромiшся яе? А дзе яна жывець - тут?

- Не, яе тут няма...

Дуся папрасiла мяне прачытаць нейкi iншы свой верш.

- Во гэты, - паказала ў кнiзе.

Сеўшы за стол, я пачаў чытаць. Нахiлiўшыся над маiм "Прычасьцем", збоку ля мяне, яна вадзiла вачыма па радкох усьлед за мною:

Цябе я ўспомнiў i душою

здрыгнуўся ў радасьцi нямой:

ускрэсла ты перада мною

ва ўсёй прыгожасьцi сваёй.

Цябе я сэрцам адчуваю,

ты ў iм - адвечнаю вясной

Табой тамлюся i сьпяваю

сягоньня я табе адной.

Я сэрцам вырас у каханьнi,

пазнаў я шчасьце i жыцьцё.

Мае глухiя уздыханьнi,

як сон, мiнулi ў нябыцьцё.

I рад, што ў шчасьцi я знываю,

што сэрца мне хвалюе жар.

I як магу, так бласлаўляю

пасланы мне каханьня дар.

- Я люблю ета. Ты дзiўны...

Аблакацiўшыся, яна трымае сваю шчаку гэтак блiзка да маёй, што я чую, як няўцям дакранаюцца да яе шчакi мае ўскудлачаныя валасы. Гэтае прыгожае адчуваньне перашкаджае мне чытаць, i я закрываю сваё "Прычасьце". Яна, пасьмялелая, прызнаецца мне, што адзiн мой вершык "Элькiна радасьць", зьмешчаны ў чытанцы для другое клясы, яны вучылi ў школе, i яна ведае яго напамяць. Яна сумелася, што я нiчога не сказаў ёй у адказ, узяла Эму за руку з выглядам, быццам, пакрыўджаная, яна хоча ўжо пайсьцi дахаты. Тут узьняўся i Ягор, войкаючы, што яны заседзелiся ў нас. Я выйшаў разам з iмi - правесьцi iх. Iду побач Дусi, яна ўсё яшчэ трымаецца за руку ў Эмы. Неспадзявана яна сваю другую руку дае мне, i гэтак мы дайшлi да самага моста. Разьвiталiся.

Сястра сустрэла мяне насьмешлiвым паглядам, што выказваў адначасна дабрыню i зразуменьне майго дзiвацтва. Павячэралi. Я лёг спаць. Ды што я кажу "спаць"? Я ня сплю. Я думаю. Я люблю думаць лежачы. Люблю думаць уначы. Удзень не магу думаць. Каб неяк запiсалася ўсё тое, пра што я думаю ўначы, выйшла-б самая цiкавая, самая багатая, а галоўнае - самая праўдзiвая кнiга з усiх, напiсаных дасюль. Уначы ты прызнаешся ва ўсiм, нiчога не хаваеш, нават сваiх самых патаемных думак, якiмi-б яна нi былi: самымi прыгожымi, цi самымi злачыннымi. Уначы ты нiкога не баiшся, пад аховай ночы ты абсалютна сам з сабою. Цябе нiхто ня можа падслухаць, апрача Бога, i ты баiсься толькi яго аднаго, баiсься перад Iм схлусiць. Удзень ты мог-бы яшчэ сказаць, што Бога няма, уначы - пабаяўся-б. Уначы ты гранiчна чэсны ў сваiм думаньнi. Уначы думаецца глыбей, думка твая ў нейкую мiльённую долю сэкунды можа, як водблiск маланкi, асьвяцiць цёмнае прадоньне, якое знаходзiцца ўжо па-за межамi тваёй сьведамасьцi, сiгануць у другое вымярэньне. Гэтак, я думаю, пазнаецца Бог. Прачнуўшыся ранiцою, Бога ўжо можа ня быць. Дзень закрэсьлiвае твае начныя думы, змушае цябе прыстасоўвацца, iнакш кажучы - хлусiць.

Я не магу ня думаць, лёгшы ў пасьцель, пра Дусю, пра Акулiну, пра Вяркеева, пра самога сябе i толькi ў апошнюю чаргу я думаю пра бацькоў. Я iх шкадую болей за ўсё на сьвеце, але iх засланяе - гэта як грэх - маё асабiстае. Ягор з Эмай выпадаюць з маёй памяцi. Выпадае таксама ўпаўнаважаны. Я ляжу ў ложку, але я не ўсьведамляю, што я ляжу ў ложку, я - то ў Менску, з вершамi ў нейкай рэдакцыi, то тут, дома - кашу, вяршу копы, сьмяюся з дзяўчатамi, стаю на мосьце, гавару з Дусяй, то на нейкiм азораным узвышшы i з яго, з узвышша, нейкiм цудам, нецялесны, узьнiмаюся ў iншыя сфэры, слухаю музыку i, задаволены, вяртаюся, ужо такiм, як я ёсьць, зноў да сябе самога.

Ды ўсё-ткi я не сказаў самага галоўнага, пра што я думаў. Я не сказаў, чаго я хацеў гэтай начы. Я не сказаў услых. Думаць можна пра сябе што хочаш, пакуль твая думка ня выказана ў слове. Але калi ты пераводзiш сваю думку ў слова, хочаш апрануць яе ў слова, надаць ёй выраз, ты ўжо ўкладваеш у яго, у слова, ня тое, пра што ты на самай справе думаў, ты ўжо хлусiш, ты баiшся сказаць праўду. Чалавек можа быць чалавекам толькi тады, калi ён не баiцца сказаць гэтай праўды. Сабе я не баяўся, сказаць, чаго я хачу, не баяўся хацець чаго я хацеў, але цi я магу сказаць вам, чаго я хацеў. Не, я не магу сказаць вам, чаго я хацеш. Вось у чым загвоздка. Вось у чым чалавечая трагедыя.

Я ведаю, калi я прачнуся ранiцою, я буду думаць iнакш, я буду iншым чалавекам, ня тым, якiм я быў уначы. Спраўджаецца чалавек толькi ўначы.

Вяркееў да нас не заходзiць. Бацька пытаецца ў мяне - чаму? У бацькi з галавы ня выходзiць гутарка са мною ўпаўнаважанага. Бацька турбуецца, i ён хацеў-бы пагаварыць з Вяркеевым - можа той што-небудзь праяснiў-бы. Вяркееў-жа блiзкi да начальства, да самога старшынi сельсавета, i ведае ад яго ўсе сакрэты.

Наколькi я магу меркаваць, пра небясьпеку, якая, на думку бацькi, навiсла нада мною, ён яшчэ не гаварыў з мацi, ведаючы ейную заходлiвую душу i клопат аба мне. Калi-б ён ужо сказаў мацi, яна не ўцярпела-б i запыталася-б у мяне. Ад думкi, што са мною можа здарыцца нешта страшное мацi не магла-б нармальна жыць. Ня спала-б. Плакала-б уцiшку. У сваiм уяўленьнi бачыла-б мяне ў самых найгоршых абставiнах, праца ёй ня йшла-б на дум i ўсё валiлася-б з рук. Бацька, шкадуючы яе, трымаў справу ў сакрэце, хоць у самога душа была неспакойная. Я ўжо мог заўважыць зьмену ў iм: ён спахмурнеў, негаваркi наогул, стаў яшчэ больш маўклiвым, схуднеў, работы, як звычайна, не пiльнаваўся i мяне не заахвочваў, казаў - няма патрэбы ў мяне хадзiць з касою кожны дзень, а я, наадварот, знаходзiў у працы, у грамадзе, суцяшэньне, быў рады, што праца паглынае мяне.