Выбрать главу

Сягоньня дождж i калгас сядзiць у хаце. Недзе працуюць толькi на гумнах, на фэрме, або нешта робяць для сябе, радыя дажджу - на поле брыгадзiр не пагонiць. Бацька таксама ў хаце - робiць новыя калёсы, мацi шые, а сястра пабегла да свае таварышкi, радая выхадному.

Я надумаўся пайсьцi да Вяркеева - недзе дзецца. Хацеў было пiсаць, але ня пiшацца - выходзiць ня тое. Як не стараюся настроiць сябе на патрэбны лад лезе самата, яна пераходзiць у адчай i канчаецца бунтам, а хто такое возьме ў мяне? Я гэтым летам думаў напiсаць цыкль вершаў i здаць яго ў "Полымя рэвалюцыi". Ды як ты здасi яго? Самому нават боязна чытаць тое, што выйшла, а ня то што каму паказаць. Вяркееву я не прызнаюся, што я нешта напiсаў. Чытаў толькi Вусьцiну - некаму-ж хочацца прачытаць, i Вусьцiн мяне не падвядзе. Праўда, ён хвалiцца маiмi вершамi, асаблiва, калi бачыць iх надрукаванымi. Тое, што я чытаў яму, ня надта даходзiла да яго. Затое спадабаўся яму мой верш пра наступ на мяне "зялёнай злосьцi". У вёсцы я адчуваю сябе ў зялёным палоне, акружаны бязьлiтасным зяленiвам, што напiрае на мяне з усiх бакоў, займае прастору, ад яго не схаваешся, ад яго няма ратунку, яно, гэтае зяленiва, цягнецца, хоча схапiць цябе. I я хачу ўцячы ад гэтага наступу, ад гэтай "зялёнай злосьцi". Куды? У горад. У сталiцу. Там ёсьць вышэйшыя ўлады i яны мусяць спынiць гэты "разбой нямы", там высокiя дамы спыняць наступ "зялёнай злосьцi". Вусьцiн адразу запомнiў канцовую зваротку гэтага вершу i ўсюды дэклямаваў яе:

Там улады вышэйшыя ёсьць

спыняць гэты разбой нямы.

Там зялёную злосьць

затрымаюць высокiя дамы.

У Вяркеева была якраз Акулiна, i я памкнуўся быў пакiнуць iх адных, але Вяркееў затрымаў мяне i я - застаўся. Акулiна-ж - жывот у яе быў ужо надуты пасьпяшалася выйсьцi. Вяркееў прапанаваў мне паехаць разам з iм у Касьцюковiчы на настаўнiцкую канфэрэнцыю. Пазнаёмiшся з людзьмi. Прадстаўлю цябе начальству. Атрымаеш куды-небудзь у школу прызначэньне. Папрацуеш з год якi, адпачнеш, абабiшся трохi, а там i ў твой Менск. Думаю, усё-ткi ўцякаць табе нiкуды ня трэба. Куды табе гэтак сьпяшацца? Цi мо напiсаў што i сьпяшаешся здаць у друк?

Я нават абрадваўся прапанове Вяркеева паехаць на настаўнiцкую канфэрэнцыю i даў яму сваю згоду.

- Ну вось i добра. Старшыня дае каня i цялегу на зялезным хаду, засьмяяўся Вяркееў. - Выяжджаем рана. Дамовiлiся! Заходзь па мяне.

Да Касьцюковiчаў трыццаць пяць вёрст, i я падняўся досыць-такi рана. Зайшоў да Вяркеева - ён быў ужо сабраны.

"Цялега на зялезным хаду" чакала нас (учора Вяркееў нiчога не сказаў) на Пiлiпавым двары, гатовая да ад'езду. Значыць, Пiлiп павязе нас у Касцюковiчы. Ён ужо чакаў на нас. Забачыўшы нас, прывiтаўся:

- Добра, што не заспалiся. Валаводзiць ня будзем. Будзем запрагацца.

Пад павецьцю стаяў у хамуце стаеньнiк вараной масьцi. Дагледжаны, гладкi, аж блiшчыць, вiдаць, што стаiць на аўсе. На iм езьдзiць толькi начальства, уласна старшыня сельсавету.

"Цялега", ужо падмазаная, стаяла напагатове. На ёй сядзеньне на два чалавекi. Ззаду ў пiхцiры - свежаскошаная трава.

- Усё ўжо на мазi, - Пiлiп выцер рукi вехцем травы i кiнуў яго навотмаш. Сядайце, госьцейкi. Заедзем па "хазяiна".

"Сабака ўсё-ткi Вяркееў. Не сказаў, што з намi едзе старшыня сельсавету "хазяiн". Мог-бы, саскочыў-бы з "цялегi на зялезным хаду" i нiкуды-б не паехаў".

Калi выехаўшы на вулiцу я зiрнуў у бок Пiлiпавай хаты - у рашчыненае вакно, высунуўшыся да палавiны, глядзела Дуся. Усьмешлiвая, махала нам загарэлай па самы плячук рукой.

- Татка, вяртайцеся-ж хутчэй, - крычэла.

Невядома было, цi гэтая просьба была адрасавана толькi "татку", цi й нам. Напэўна, i нам. Я нiколi ня чуў, каб Дуся зьвярталася да свайго бацькi на "вы".

Ранiца пасьля ўчарашняга дажджу выдарылася росная, чыстая з туманам над рэчкай. З агародаў моцна тхне ўкропам, кмiнам, агуркамi, бульбоўнiкам. Хаты сьцiшна, адзiнока стаяць у сваёй дрымоце, як-бы пакiнутыя людзьмi. Пастух яшчэ не выганяў кароў. Як гэта хораша ўставаць рана, першым!

Спынiлiся перад новай хатай старшынi, лепшай у цэлай вёсцы, з вялiкiмi, сьветлымi вокнамi. Старшыня прывiтаўся, здавалася - толькi з Пiлiпам. Мая прысутнасьць яго нiколькi ня зьдзiвiла, значыцца, ён ужо ведаў, што i я буду. Бачу, яму недзе сесьцi, сядзеньне занятае намi. Яшчэ старшыня ня ўзьняўся на падножак, як я, асвабанiўшы для яго месца на сядзеньнi, сеў нiжэй, на мяшок з аўсом.

Рушылi, нарэшце, у дарогу. Конь, адгадаваны, выгуляны, панёс нас, не чакаючы Пiлiпавай прынукi. Ён бег, быццам рады быў, што вырваўся з стайнi. Пiлiп нат стрымлiваў яго, каб ня браў адразу гэтак прытка.

"Цялегу" нашу няшчадна кiдае на бакi, i старшыня з Вяркеевым, каб не звалiцца з сядзеньня, хапаюцца за ляскi. Мне-ж хоць-бы што - я сяджу ня так высока, мне мякка на аўсе. Маўчу, унураны, а яны (Вяркееў i старшыня былi для мяне сапраўды "яны") гавораць i гавораць, перастаюць, толькi, калi iх моцна кiдае на бакi. Заплюшчыўшы вочы, бачу Дусю ў вакне, усю залiтую ранiшнiм сонцам. Яно ўжо ўзышло i трымае Пiлiпаву хату, як у фокусе.

Праяжджаем Жаркi, вёску, дзе я некалi трымаў экзамен за тры клясы пачатковай школы. Калi гэта было? Здаецца даўно-даўно! А якая гэта была радасьць - вытрымаць першы ў тваiм жыцьцi экзамен! Быў такi-ж сонечны дзень, як i сёньня. Разам з сваiмi настаўнiкамi прыйшлi здаваць экзамен вучнi з суседнiх пачатковых школаў. Ня шмат iх было, хлопчыкаў i дзяўчатак, убраных пасьвяточнаму. Нашая настаўнiца, Мiхневiч, рыхтавала нас, як толькi магла - з усёй стараннасьцяй. У Жарках на экзаменах з усiх настаўнiкаў яна - самая маладая i самая прыгажэйшая. Нам здаецца, што яе й найбольш паважаюць здароўкаюцца з ёю, усьмiхаюцца ёй, прахаджваюцца з ёй пад ручку.

Пачынаюцца экзамены. Нас пасадзiлi ў вялiкай клясе групкамi, паводля школаў. Самая найменшая групка - наша. Адзiн з настаўнiкаў, з вусамi i з вiсючым на грудзёх гадзiньнiкам, дыктуе нам паволi, выразна. Дыктоўка - гэта што я люблю. Я не раблю пабеларуску памылак i дзеля гэтага не баюся дыктоўкi. Я баюся арытмэтыкi. Асаблiва задач. А выберуць-жа для экзамену ня самую лёгкую. Але нас выратуе наша настаўнiца. Калi будзе цяжкая задачка, яна ня ўцерпiць - падкiне нам яе разьвязку. I яна, баючыся, што мы ня ўправiмся, гэтак i зрабiла - падкiнула разьвязаньне, хоць задачка была не такая ўжо складная i мы рашылi яе самi.

Пасьля экзаменаў нам адразу-ж выпiсалi на гатовых блянках пасьведчаньне аб заканчэньнi трох клясаў. З якой радасьцяй я паказваў сваiм бацьком сваё пасьведчаньне пабеларуску!

На паўдарозе да Касьцюковiчаў нас сустрэла Машавое сваёй абезгалоўленай царквой. Якая яна цяпер брыдкая бяз купалаў i крыжоў! Тут я ўпершыню прычашчаўся, упяршыню быў у царкве. Прывозiла сюды мяне мая бабка. Мне тады было - ня помню колькi - можа якiх пяць-шэсьць год. Здалёк, калi мы яшчэ пад'яжджалi да Машавога, кiнулася нам на ўзгорку белая царква з запаленымi ўверсе ранiшнiм сонцам крыжамi. Заварожаны iмi, я не заўважыў, калi мы ўехалi ў сяло. Званы сваiм звонам запоўнiлi ўсю прастору i ўзбудзiлi ў мяне нешта незьяснёна-радаснае i адначасна ўзьнёсла-трывожнае - а як гэта я буду прычашчацца? Што гэта такое? Бабка мне тлумачыла ў хаце, але тады я, нажаль, яе ня слухаў. Прыежджыя людзi патокам уваходзiлi ў царкву, i бабця, узяўшы за руку, увяла мяне ў гэты паток i я з ёю i разам з усiмi ўзьнiмаўся па сходках усё вышэй i вышэй, аж пакуль не дайшлi да ўваходу ў царкву - шырокiх, рашчыненых дзьвярэй. Ужо за iмi я апынуўся ў нейкiм нязнаным мне царстве: усё наўкола блiшчыць золатам, з раськвечаных вокнаў струменiцца лагоднае сьвятло, блакiтна-шызая зварушлiвасьць, пахная дымнасьць кадзiльнiцы, сьвятар у нябескай рызе i побач яго - хлопчыкi. Недзе ззаду сьпеў - гэта, прашаптала мне бабця, сьпяваюць анёлы, я азiрнуўся, каб пабачыць iх, а на мяне - з самай вышнi, з купалу - глядзiць Багародзiца, строгая i ласкавая, i я заварожаны, стаю ў замiраньнi, ня ведаю, дзе я i што са мною робiцца.