Заходжу.
- Ну дык чаго гэта ты зьбег? - замест, каб адказаць на маё прывiтаньне пытаецца ў мяне Вяркееў, злазячы з ложку. - Ты мне напсаваў. Перад нашым райано я размаляваў цябе ў самыя прывабныя фарбы. Той думаў, што ты й сапраўды тое, што трэба яму, а ты г... скажу я табе. Райано чакаў нас, гатовы быў выпiсаць табе прызначэньне ў дзесяцiгодку, а ты й носу свайго, паскуднага, не паказаў. Ня годна гэтак, браток. Я страцiў на табе шмат. Якая цябе дрыстачка пагнала? Я й дзеўку ўжо для цябе знайшоў - на канфэрэнцыi iх хапала - а ты, пся крэў, зьбег.
- Слухай, я прыйшоў разьвiтацца з табою. Я еду.
- Твая справа, - памаўчаўшы, адказаў Вяркееў.
Пачаў надзявацца, зiрнуў у вакно i, пабачыўшы Акулiну, паскардзiўся:
- Нiяк не разьвяжуся з ёй. Хацеў, каб ськiнула, дык дзе там. Спаймала. Ну, але я не пра гэта. Кажаш - едзеш. Адгаварваць ня буду. Кацi! Я спраўлю табе й праводзiны. А як-жа? Ёсьць паўлiтра. Бачыш - i цэлая кашолка правiянту прыпёрла мая ненаглядная (Вяркееў паказаў на кошык, што стаяў на стале, накрыты рушнiком). Дзень бачыш якi цудоўны! Пойдзем на сасновыя шышкi, на чабор, у сасьнячок. Сьпяку яешню ў твой гонар, вып'ем i забудзем пра нашых акулiн.
На невялiкай воддалi ад школы стаяў, уласна, не "сасьнячок", а прыгожы бор з стагоднiмi гонкiмi соснамi, i мы пайшлi туды. Я нават быў рады пайсьцi туды. Цi пабуду яшчэ калi ў iм? Гэта - месца маiх адзiнотных блуканьняў. Прыгадалiся некалi складзеныя ў гэтым бары радкi:
Са спакоем адвечных палян,
добры дзень, мой зялёны бор.
Я прыйшоў на твой мяккi дыван,
на густы i пахучы чабор.
Захавай ты ад сьпёкi мяне,
дай напiцца з крынiцы вады.
Мая стома тады прамiне,
харашэй стане сэрцу тады.
Вяркееў у посьпеху сабраў у грудок сухiя з шышкамi сасновыя галiнкi i не пасьпеў ткнуць у iх сярнiчку, як яны дзьмухнулi полымем, узьняўшы ўгору агнiстыя трэскi. Грудок хутка прагарэў да дна i на ягоных спапялелых вуглёх Вяркееў паставiў патэльню з разьбiтымi на ёй жаўткамi-вочкамi. Нарэзаў з бохану ськiбак, расклаў iх на распасьцёртым белым настольнiку, дастаў з кашолкi соль, агуркi, вiдэльцы i паставiў дзьве шклянкi. У iх ён разьлiў свайго паўлiтра.
- А тымчасам i цалкавуха ўжо гатова - сьпяклася. Ну дык, браце, за тваё!
Узьняў шклянку i дзынкнуў аб маю.
- Праводжу цябе ў тваю дарогу, якой-бы яна нi была. Трымайся! Гартуйся ў бядзе! Весялiся ў шчасьцi! Я табе ня вораг. Наадварот! Дык дзёрнем, браток!
Гарэлка ўзяла сваё. Вяркееў яшчэ ня сьнедаў i ўзяўся за "цалкавуху" не на жарт: жэр, як у прорву. Мне не хацелася напачатку паганiць душу гарэлкай, але калi яна разьлiлася гарачай хваляй па ўсяму целу, мне стала добра, i тая трывога, што была запанавала мною, зьмянiлася цяпер утульнасьцяй, лагодным спакоем i прыемнай цяплынёй. Есьцi я не хацеў, закусiў толькi маласольным агурком з хлебам. Вяркееў адзiн апустошыў Акулiнiну кашолку.
Палянка, на якой мы разьмесьцiлiся, i якую абступалi выносiстыя сосны, выглядала цяпер, пазалочаная ранiшнiм сонцам, як нейкi алтар з соснамi-сьвечкамi.
- Малiся! Ты-ж эстэт! - адкiнуўшыся на мох, нi то сур'ёзна, нi то зьдзеклiва зьвярнуўся да мяне Вяркееў. - Такога мо болей ня ўбачыш.
У мяне варухнулася да яго няпрыязнь. Я блiзу ненавiдзеў яго, гледзячы як ён, лежачы, травiнкай калупаў у сваiх зрыжэлых зубах. Ды хутка мая нянавiсьць да Вяркеева перайшла ў рашчуленасьць, у жаласьць да сябе самога. Я ледзьве стрымлiваў сябе ад нэрвовага струсу. Ацiхласьць наступiла толькi тады, калi ў душы выступiлi сьлёзы. Я не хаваўся ад Вяркеева, хацеў чамусьцi, каб ён бачыў маю неўтаймаванасьць, але той, ня доўга думаючы, пачаў мяне сячы:
- Разьвесiў нюнi. Хочаш, каб цябе нехта пагладзiў па галоўцы. Не, браце, спагады няма на зямлi i на яе не спадзявайся. Бяры жыцьцё ў рукi сам, як быка за рогi, калi можаш. Але, бачу, ты ня можаш. Прырода такiх плаксаў, як ты, ня любiць. Прыроду трэба браць. Тады яна будзе твая. А ты ад яе нiчога не бярэш, ня ўзяў i едзеш во, засьмяглы i сухавейны. Ды я не хачу цябе квялiць. Я раджу табе быць цьвярозым, тады будзе i табе i iншым лепей. Тыя iншыя будуць бачыць у табе чалавека, а не сьлiмазару. Ты нейкi затуманены, нявыразны. I гора табе, нявыразнаму i затуманенаму.
Iншым разам я мог-бы абурыцца на Вяркеева, але цяпер, слухаючы яго, я прызнаваў, што ён гаворыць праўду i ад гэтага мне станавiлася яшчэ цяжэй, душэўная мiтусянiна не давала мне супакою.
- Паглядзi, чым ты жывеш? Нiчым! Вершамi? Але гэта пустое. Яшчэ каб пiсаў парасейску. Бачу, як у тое сiло i ў Менск ты едзеш дзеля тых сваiх вершаў. Дзеля нечага эфэмернага ты ахвяруеш сабою. Скажу табе праўду - мне шкада тваiх бацькоў. Ты мог-бы ашчасьлiвiць iх, а не ўбiваць iх. Яны ўклалi сябе ў цябе, спадзяючыся на цябе. А таго хiба яны ня ведаюць, што для iх ты - толькi няшчасьце. Яны мо й шкадуюць цябе дзеля таго, што ты - нягеглы. Выбачай, што я выварачваю цябе, як тыя штаны навыварат. Выварачваю, каб ты бачыў, якi ты. Я табе нi сват i нi брат i не мая справа цябе вучыць. От здурэў, дык i гавару. Я ад цябе нiчога не хаваю. I ты ня крыўдуй. Скажу больш - на разьвiтаньне з табою: я на тваiм месцы не варочаўся-б у Менск. Упаўнаважаны нiчога такога мне не сказаў - я для яго не таварыш. I цябе я не хачу настрашыць. Але я крутнуў-бы куды-небудзь на бок, а не паехаў-бы ў тваю пастку - Менск. Твой бацька (я люблю твайго старога) прасiў мяне пагаварыць з табою, дык я вось i гавару. Але цябе, як вiдаць, не пераробiш. Сьлiмазара i застаецца сьлiмазарай. Як ты не адзьдзёр Агапкi, што налазiла на цябе, дык якi ты ў прыродзе чалавек. Ты недзе вонках гэтай прыроды. Я знарок гавару груба, аголена, каб ты ўясьнiў, што трэба трымацца законаў прыроды, а не парушаць iх, што жыцьцё - суровая рэч, але ў гэтай суровасьцi яно прывабнае. Але толькi тады, калi ты сам суровы настолькi, каб падпарадкаваць яго сабе. Жыцьцё прывабнае, калi ты бярэш яго. Ты не бярэш! I мо калi-небудзь жыцьцё перакуе цябе, хоць мне штосьцi ў гэта ня верыцца. Такiх, як ты, не перакуеш - адразу, без супрацiву паддасiся молату, як сьлюнька. I ня будзе чаго гартаваць. З перакоўкi атрымаецца дрэнь. Загартаванай сталi не атрымаецца. Ведаеш закон супрацiўленьня мэталаў?
- Можа-б ты спынiўся, нарэшце? Табе - каб перакаваць! Учынiць гвалт! Я не хачу твайго гвалту! Пакiнь мяне такiм, якiм я ёсць! Пакiнь мяне наогул! Ня вучы!
- Глядзi ты - паказаў сябе! Ня думаў! Нейкi рэзiстанс у цябе ўсё-ткi ёсьць. А я думаў - ты абсалютна безнадзейны. Маладзец!
Я ня мог больш цярпець насьмешак Вяркеева i, падзякаваўшы за праводзiны, пачаў разьвiтвацца з iм. Разьвiтаўшыся, ён пайшоў ад мяне рашуча, нi разу не азiрнуўшыся.
Дахаты я не пайшоў, павярнуў да нашага Махавога балота, зарослага багуном. Я хацеў яшчэ пабыць у лесе, адумацца, сьцiшыцца, прыслухацца да сябе. З аднаго боку Махавога рос беразьняк, яго называлi ў нас чорналесьсем. Тут усе бярозы глушкi. Калi патрэш iхны лiст аб лiст, белай мукi не пакажыцца, венiкi з гэтых бяроз нядобрыя.
На другiм баку балота, на выхадзе да поля, расьлi ўжо прыгожыя, белыя бярозы, курчавыя, з гнуткiм вецьцем i мяккiмi лiсточкамi. З iх я вязаў некалi венiкi, злучаў iх у пары, чапляў на шыю каню i з iмi ехаў дахаты. А то - як ганяў вясною цялят - лупiў з бярозаў кару - пад ёю смачны, сакаўны мязок. Я скаблiў яго i з захлёбам глытаў. Мязок, бывала, я закопваў i ў зямлю, каб ён не псаваўся, быў сьвежым на даўжэйшы час, да самага лета, калi бярозы мязгi ўжо не даюць.