Разьвiтаўшыся, яна паймчалася шукаць Дусю, а мы пасьпяшалiся ў сельсавет: Вяркееў кажа - прыехаў з раёну нейкi ўпаўнаважаны.
Вяркееў адчапiўся ад мяне: нырнуў ў Сельпо, там - я ўпэўнены - ён раздушыць разам з капэратарам паўлiтэрка, балазе цяпер у крамцы нi душы, значыць цэлая раскоша для п'янчужак i iншых прыхлябацеляў, уключна з самiм старшынём сельсавету. Бывае нават, што яны зачыняюцца, каб нiхто не перашкаджаў iм "разгавецца", як яны ахрысьцiлi выпiўку нахаду.
Я застаўся адзiн пасярод вулiцы, ня ведаючы, куды мне пайсьцi. Сельсавет i розныя ўпаўнаважаныя мяне ня надта цiкавяць. Я аглядаюся назад, цi ня гонiць дахаты гусей Дуся. Яна ня мiнула-б гэтай дарогi, дзе я стаю цяпер - гэта якраз дарога да яе хаты. Да Вяркеева - ня ведаю, чаму - у мяне варухнулася няпрыязьнь, а то й варожасьць, i мне трэба было неяк збавiцца ад такога пачуцьця. Я хацеў заглушыць гэтае пачуцьцё стрэчаю з ёю. Я-ж i стаяў на мосьце, узвышаў сябе ёю, каб утаймаваць у сваёй душы разлад, якi я адчуў, прыехаўшы з Менску, разлад, што паўстаў у мяне цi то ад чытаньня розных - у тым лiку забароненых - кнiг, цi таму, што мне ў вёсцы няма чаго рабiць. Я ўжо адарваўся ад яе. Я не гарадскi i не вясковы. Я не магу глядзець на сваiх бацькоў i на сястру, як яны ўбiваюцца ў калгасе на агульных работах. Праўда, як я прыехаў з вучобы дахаты, бацьку ўжо не пасылаюць кожны дзень з касою, даюць лягчэйшую працу - вiдаць, лiчацца са мною.
Бацька з мацi ўвечары валочаць на сабе барану, абрабляюць за хатаю свае соткi. Мяне не чапаюць. Я магу не рабiць, я ўжо госьць, я нiбы ўжо чужы, i мне ад такога адчуваньня не па сабе. Мяне шкадуюць, але вонкава гэтага не выяўляюць.
Чытаньне - я й на канiкулах заўсёды чытаю - чытаньне перарабiла мяне, наставiла на нейкi iншы, больш iдэальны сьвет, на больш прыгожае ў сьвеце i я знаходжуся ў пошуках гэтага лятуценнага сьвету. Адсюль зьявiлася патрэба ў ёй.
Вось i яна сама - мусiць, мацi паклiкала яе на абед, i яна гонiць гусей дахады. Яны, паслухмяныя цяпер, iдуць стройнаю чародкаю самi - iх ня трэба падганяць. Яна йдзе за iмi ўсьлед. На адлегласьцi бачу яе - засяроджаную, спакойную, стройную, з коскамi i банцiкам, у лёгкай сукенцы. Бачу яе, невясковую, нiбы закiнутую сюды аднекуль з больш прывабнага сьвету.
Яна заўважыла, што я стаю на ейнай дарозе. Узрушанасьцi не паказвае - iдзе лёгкай, роўнай паходкай. Гусi, дайшоўшы да мяне, загагаталi, абмiнулi, нiбы якую перашкоду, што трапiлася на iхнай дарозе. А яна сама прост iдзе на мяне збочыць ня можа. Дайшла. Ужо ля мяне. Побач. Думаў затрымаецца, нешта скажа. Не. Лёгка ўсьмiхнуўшыся, пайшла. Я гукнуў яе, i яна, ужо з воддалi, памахала мне рукой.
Невядома адкуль, узьнiкла на дарозе i ейная мацi, з травою ў фартуху наскубла дзесьцi, мусiць, для свае каровы.
- Нясу во сваёй Красульцы. З поля прыходзiць галодная. Рыкае. Глядзiць мне ў вочы, цi ня дам чаго. Сваёй Дусьцы б'ю масельца, каб расла здаровенькая i прыгожанькая. Можа калi табе нявеста будзе. (Засьмяялася.) - Цi ў цябе мо гарадская завялася? Пайду. I стары-ж мой жджэ мяне там. Ага, наш Ягорка прыяжджае. Табе таварыш будзе - вучылiся-ж у школе разам. Заходзь да нас.
З канцылярыi сельсавету выйшаў фiнагент Даўгаль. Каб мацi не сказала, я ня ведаў-бы, што ў нас ёсць такая радня. Здароўкаецца.
- Ведаеш, я коратка. На хаду. Табой цiкавiцца ўпаўнаважаны. Цябе паклiча старшыня ў канцылярыю - будзь асьцярожны.
I схаваўся за дзьвярыма Сельпо - мусiць пайшоў "разгаўляцца". Iх, сяброў па выпiўцы, цэлая шайка - старшыня, сакратар сельсавету, фiнагент, Вяркееў i сам капэратар. Капэратара, кажуць, будуць судзiць за растрату.
Папярэджаньне фiнагента як-бы й ня тычылася мяне. Праўда я ўдаваў, што гэта мяне ня тычылася. На самай справе, паведамленьне агента апякло маё нутро, выклiкала трывогу. Толькi ўсё гэта я адганяў ад сябе. Я хацеў жыць бесклапотна. Хацеў жыць тым узвышаным пачуцьцём, што акрыляла мяне, той радасьцяй быцьця, што штурхала мяне на нейкi ўчынак, але, не знайшоўшы выхаду, згарала ва мне самiм, пакiдаючы ў душы салодкi смутак лёгкага рашчараваньня.
Я позна пачаў складвацца, як асоба. Маленства без якiх-небудзь асаблiвых выгодаў, праца з самых раньнiх год, адсутнасьць належнага школьнага выхаваньня ня вельмi спрыялi майму разьвiцьцю ў пачатную пару. Але ў нашай сям'i ўсё прадвызначаў лёс - ён кiраваў нас i мы сьлепа падпарадкоўвалiся яму. Падсьведамае вычуцьцё наканаванасьцi лёсу спарадзiла ў нас скрайнюю чульлiвасьць.
Лёс прадвызначыў i маю дарогу: хоць i спозьнена, я ўсё-ткi адарваўся ад сахi i пайшоў, скажам так - у навуку.
Але я быў народжаны не для навукi, як нечага рацыянальнага - нада мною запанаваў эмацыянальны пачатак, чульлiвы пачатак. З яго i пачалося афармленьне, складваньне мае душы, ейны рост. Якраз цяпер я i знаходжуся ў працэсе станаўленьня свае асобы, перадусiм ейнага эстэтычнага пачатку. Для яго, гэтага эстэтычнага пачатку, я й шукаю "яе". "Яна" можа быць кiм хочаце. Ну хоць-бы i Дусяй.
Выйшаў на ганак старшыня сельсавету i кiўком галавы паклiкаў да сябе. Калi я ўвайшоў у ягоны пакой, старшыня, нiправошта ў мяне не запытаўшыся, здаў мяне адразу ўпаўнаважанаму з раёна. Той папрасiў мяне прайсьцiся з iм, паказаць яму канцылярыю нашага калгасу - ён хацеў-бы бачыць там старшыню. - Гэта-ж, здаецца, i вам па дарозе. "Па дарозе" цi не па дарозе, а я змушаны быў iсьцi з iм назад праз мост, на другi бок рэчкi. Канцылярыя нашага калгасу знаходзiлася на самым процiлежным канцы вёскi i мне давялося прайсьцi з упаўнаважаным усю яе - з канца ў канец.
Ён не сказаў мне, хто ён такi, а я ня пытаўся - гэта ўсё для мяне было няважна. Мiнулi мост. Паказалася на ўзгорку нашая хата, i калi мы дайшлi да яе, ён запытаўся, дзе я жыву, у якой хаце. Я паказаў яму.
- Чуў, вы - на апошнiм курсе ўнiвэрсытэту. Канчаеце, значыцца. Вельмi добра. Будзеце выкладаць? Расейскую цi беларускую лiтаратуру? Я дазнаўся (ён усьмiхнуўся), што вы на лiтфаку i, пэўна-ж, будзеце выкладаць лiтаратуру - тую цi тую.
I бяз нiякай паўзы, без перадышкi, запытаўся, каго я найбольш люблю з беларускiх паэтаў i пiсьменьнiкаў - Пушчу, Гаруна, Дубоўку, Чорнага, Кляшторнага?
Я быў вельмi зьдзiўлены, што ўпаўнаважанаму вядомыя гэтыя прозьвiшчы. Гэта мяне насьцярожыла. Я вычуў, што ўпаўнаважаны пытаецца пра гэтых людзей ня так сабе - хоча праверыць маю iдэялёгiю. I я пачаў ганiць i Пушчу, i Гаруна, i Дубоўку, i Чорнага i ўсiх чыста, пра каго ўпаўнаважаны пытаўся, а хвалiць Андрэя Александровiча, пралетарскага паэта-камунiста. Упаўнаважаны прыкмецiў гэта было ня цяжка - што я самастрахуюся.
- Добра. Добра. Вельмi добра. I мы ня будзем пра гэта. Ясна ўсё.
I перайшоўшы на другое, спытаўся:
- У якiх вы дачыненьнях з Вяркеевым?
Я адказаў - у самых найлепшых.
- Ну i правiльна. З iм можна дружыць. Бо з кiм болей вы можаце тут дружыць?
Дайшлi да канцылярыi калгасу, i ўпаўнаважаны разьвiтаўся са мною, жадаючы мне посьпехаў, а я падумаў - гэта-ж ён зьбiрае дадзеныя пра мяне - навошта-ж бы спатрэбiўся яму наш старшыня калгасу.
Iдучы назад, я мiнуў сваю хату, пайшоў на мост i, перайшоўшы яго, зноў апынуўся ў "Цэнтры", г.зн. ля Сельпо i сельсавету.
З Сельпо якраз выходзiў фiнагент, па ўсiм вiдаць, добра "разгавеўшыся".
- Я з табою не гавару. Я iду толькi паўз цябе - ты стаiш на дарозе - i не размаўляю з табою: старшыня вунь глядзiць у вакно. Скажу толькi - уцякай! Зьедзь адсюль! Нiхто цябе ня будзе шукаць. Я з табою не гаварыў.
Як iшоў, гэтак i пайшоў, не затрымлiваючыся. Зачынiў за сабою дзьверы ў канцылярыю сельсавета.
Неспакойны, я ня ведаю, куды мне пайсьцi. У душы - несамавiта: эстэтыка мая церпiць крах. Сутыкнулася з рэальнасьцяй. "Яна" з гусямi i банцiкам-аганьком затушавалася наплывам iншага пачуцьця.
У дадатак дадзяе самотнасьць, сонная пустэча вулiцы: на ёй каб хто матнуўся - мёртва. Зiрнеш - толькi дзе-небудзь, седзячы пасярод вулiцы, якое малое сыплiць у сваёй несьвядомасьцi сабе пясок на галаву. Аж жудка.