Выбрать главу

Вяркееў назiрае за ёй. Вяркееў разумее яе. Бачыць яе пакуты. "Пайсьцi? Нiчога няпрыстойнага?" Вылазiць з-за стала. Iдзе. "Куды ён iдзе?", глядзяць на яго. Вяркееў накiроўваецца да Дусi. Яна тут. Да яе недалёка. Iдзе нi на кога не азiраючыся. Падыходзiць да яе. Запрашае. Дуся пасьпешна ўстае i, уратаваная, iдзе з настаўнiкам у круг. Шчасьлiвая, закружылася ў танцы. Азмрочаны было, цяпер ейны твар засьвяцiўся ўсiмi ейнымi прывабнымi рысамi. Вяркееў, будучы някепскiм танцорам, вёў яе ў танцы сьмела, зусiм не бяручы на ўвагу, што яна яго вучанiца, а ён ёй настаўнiк. Зрэшты, яна ўжо цяпер не ягоная вучанiца i ён ня ейны настаўнiк. Яна можа быць з iм свабоднай. Вяркееў, выглядала, i расцэньваў яе гэтак, танцаваў з ёй як з поўнасьцяй дарослай, не саромячыся шчыльна прытуляць яе да сябе, асаблiва калi апыняўся з ёю ў менш асьветленым мейсцы танцавальнай пляцоўкi. "Во гэта якраз тое, што яму патрэбна. Ня тое, што Акулiна", ацэньвалi жанкi за сталамi.

Танец скончыўся i Вяркееў пасадзiў сваю былую вучанiцу на ейнае месца. Пачаўся наступны танец. Зноў Дусю нiхто не бярэ. Цяпер можа-б хто з хлопцаў-выпускнiкоў i падыйшоў да яе, запрасiў-бы да танцу, але яе ўжо лiчылi занятай i не абы кiм, а самiм настаўнiкам. Гэтак i заставалася яна сядзець. I тут Вяркееў не палiчыў нейкай нетактоўнасьцяй - запрасiў Дусю зноў. Танцаваў з ёй з iмпэтам. Яна адказвала тым-жа. I ад iх, абаiх, стваралася ўражаньне як ад якой-небудзь закаханай пары. Вяркееў уже не прапускаў з ёй нiводнага танцу, аж пакуль дырэктар не паклiкаў яго да сябе. Распачаў з iм нейкую гутарку. Не адпушчаў яго, уважаючы, вiдавочна, паводзiны Вяркеева не дастаткова прыстойнымi.

I Дуся, ня хочучы больш заставацца на вечары, пасьпяшалася дахаты. На мосьце яе пераняў Мiкола Бугроў.

- Я цябе чакаў тут. Ведаў, што ў цябе iншай дарогi няма. Вось i спаймаў.

Гэта ён гаварыў нiбы жартам, але Дуся баялася яго - пачне прыставаць, як i ўчора. Ды Мiкола быў сёньня лагаднейшы, не спрабаваў абнiмаць яе, хацеў толькi ўзяць пад руку, i калi Дуся не давалася, успрыняў гэта спакойна, iшоў побач мiрна i зважна.

- Можа пройдземся паўз рэчку? Ты ведаеш, як там утульна iсьцi мiж траў i вербалозу, а якiя пахi! Галава кружыцца ад арамату!

Дуся ўспрыняла паэзiю Мiколы падазрона.

- Я нiкуды не пайду. Я iду дахаты.

У яе цяпер такi настрой - нiкога ня бачыць, нi з кiм ня знацца. Думала, як збавiцца ад яго. Неспадзяванае спатканьне з Мiколам было для яе прыкрым, але яна не хацела даць яму адчуць гэта. Сваю цьвёрдую адмову ягонай прапановы прагуляцца злагодзiла нязручнасьцяй iсьцi мiж траў i кустоўя ў такiм убраньнi, якое ў яе цяпер. Мiколу такое тлумачэньне задаволiла, тым больш, што Дуся ўжо дазволiла яму трымацца аднэй рукой за ейную талiю. Ля свае хаты яна не пабаiцца адкiнуць яе.

I вось яны ўжо каля Дусiнай хаты. Дуся хоча разьвiтацца з iм, але Мiкола не адпушчае яе, трымае за руку, не дае ёй вырвацца.

- Я закрычу, калi ты не адпусьцiш!

- Закрычыш?

I Мiкола адным рашучым узмахам рукi распаласаваў на грудзёх у Дусi ейную блюзку. Павольна, не сьпяшаючыся пайшоў ад яе ў кiрунку хаты дзеда Мельнiка.

Дуся ў сьлёзах цiхенька, каб не пачулi бацькi, увайшла ў хату. Разьдзелася. Падзёртую блюзку схавала, каб заўтра не пабачыла мацi. Дуся ня скажа пра выпадак з Мiколам Бугровым.

Па нейкiм часе Мiкола Бугроў ад некага пачуў, што Дуся перайшла спаць у клець. I ён захацеў пераканацца ў гэтым. Увечары чакаў, пакуль разыйдуцца з прызбы дзеда Мельнiка. Там-жа i Дуся - чуцён ейны голас. Ён толькi падпiльнуе, куды яна пойдзе - у хату цi ў клець. На спатканьне з ёй пасьля ўчарашняга ён не разьлiчваў. Учарашняга яна яму не даруе. Ён хацеў-бы замазаць сваю вiну, папрасiць у яе прабачэньня, але як даступiцца да яе. "Я ня ўлiчыў, што яна дзеўка iншага тыпу, не такая, як усе. Больш далiкатная. А я лез нахрапам. Гэта ня той да яе падыход. Нашых дзевак комкай як хочаш, але не яе. А можа яна i саўсiм ня хоча знацца са мною? Яна, можна сказаць, ужо студэнтка, а я хто? Лапаць. Скончыў тры класы i ўсё. Тады ў нас i было толькi што тры класы. Сямiгодкi ня было. Ды каб i была, куды мне, пераростку, было пхнуцца? Сядзець разам з малечай у вадным класе? Вось i пайшоў у камуну, на лёгкi хлеб. Выбiўся ў актывiсты. Паслалi на курсы. З курсаў вярнуўся камсамольцам. Заняўся культурна-асьветнай работай. Але якi я культурнiк? Адчынiў хату-чытальню ў Мокрым. Прывёз з раёну кнiжак, журналаў. Пачалi iсьцi да нас газэты. Хацеў заманiць моладзь. Дык дзе там? На прызбу да дзеда Мельнiка йдуць, у хату-чытальню - не! Кiнулася мне неяк у вочы яна. Страшэнна спадабалася дзеўчанё! Напачатку саромiўся загаварыць з ёю, такой яшчэ маладзенькай, а сэрцам быў ужо ўлiпшы. Праз якi год цi болей гляджу - яна ўжо, невядома калi ў дзеўкi выйшла. Я й прыўдарыў. Сораму ўжо ня меў - пачаў пiльнаваць яе, а яно ня тут то было. Я й пачаў тады сiлаю браць. Вось i папсаваў гэтым усё".

Мiкола стаiўся за вуглом Дусiнай хаты, чакае, калi яна будзе йсьцi. Ад дзеда Мельнiка ўжо разыходзяцца - вулiца ажывiлася сьмехам i гаворкай. Павiнна iсьцi i яна. А можа-ж будзе йсьцi не адна, з якiм хлопцам? Дык добра ведаць. Я мушу з ёй так цi iнакш скончыць. Думка, што яе нехта можа праважаць, палыснула па сэрцы. Рэўнасьць, i ад таго яшчэ большая любасьць да яе. Яе ўсё яшчэ няма. Яна мусiла-б ужо быць. А можа яе хто павёў у другi бок? Вусьцiн-жа прымазваецца да яе. Гагатаў на прызьбе. Цi мо яшчэ хто? Яна-ж цяпер ужо студэнтка i кавалеры, роўныя ёй, знойдуцца. Ён чуе ейны голас. Яна з некiм гаворыць. Хто гэта? Не пазнаю. Разьвiтваюцца i адлягло. I вось яна йдзе. Мiкола як сам ня свой. Не, ён яе цяпер не зачэпiць. Ведае наперад, што з гэтага будзе. Ён хоча толькi ўбачыць, куды яна пойдзе - у хату цi ў клець. I вось ён бачыць - Дуся падыходзiць да дзьвярэй у клець, што тут-жа, насупраць сянец. Адчыняе. Уваходзiць. Мiкола чуе, як заклаўся засоў: зачынiлася. Пачакаю - няхай уляжыцца. Яна будзе пытацца - хто? Я свайго голасу не падам. Пазнае не адчынiць. Але як я хачу быць там, у яе! Адурманiла мяне, дурнога. Крадучыся, падыходжу да дзьвярэй. Замiраю. Цiха стукнуў. Прыслухаўся. Маўчыць. Яшчэ раз - нешта рыпнула. Але нiякага адказу. Прастукаў дробненька яшчэ. У маiм стуку - просьба, хаценьне. Чую - злазiць з ложку. Тупае. Падыходзiць да дзьвярэй. Пытаецца: "Хто гэта?" Маўчу. Адгукнуся - не адчынiць. Я стукаю яшчэ, ужо больш настойлiва. Ня можа-ж быць, каб яна не адчынiла. Яна-ж ня ведае, хто. Усё-ж яна спадзяецца на некага. Нашто-ж бы яна пераходзiла ў клець? Пераходзяць-жа, каб некага ўсё-ткi пушчаць. Я мармычу, каб не пазнала, шапчу, прашуся. Адкладае засоў. Адчыняе. А мне гэта й трэба было - я ўжо ў клецi. Яна некуды адскочыла. Цямнота - ня ведаю, дзе яна. Ушчыркнуў сьпiчку - седзячы на ложку, пасьпешна накiдвае на сябе сукенку. Кiдаецца да дзьвярэй - хоча выскачыць. А я за яе. Нясу на ложак. А яна ў плач. Малоцiць мяне нагамi. "Ня бойся, - кажу. - Я цябе не зачаплю. Прабач мне ўчарашнюю дзiкасьць". А ў самога iншае на ўме: "Можа як прылашчу i ляжам мiрна". Ад яе йдзе п'янкая пахнасьць, някранутая сьвежасьць, чую дрыготкасьць ейнага цела. У мяне нястрымная да яе цяга. От-бы звалiў i прысмактаўся. А яна ўсё ня сьцiхае, калоцiцца, як птушка ў сiле. Просiць мяне: "Пусьцi!" I мне шкада яе. Да мяне пачала варочацца цьвярозасьць. Я выпусьцiў яе з сваiх рук i яна памкнулася зноў да дзьвярэй. Ды я сiлай усадзiў яе побач сябе на ложку, трымаючы яе за плечы. I чую - перастала ўсхлiпваць, супакоiлася. Думаю, пайшло на лад. Хачу сказаць ёй нешта самае прыгожае, ды ня ўмею - муцiцца ў галаве ад хаценьня авалодаць ёю. Маўчу. Мiжволi тулюся да яе, а яна наадварот - тапоршчыцца, супрацiўляецца ўсёй iстотай. I я зразумеў, што ўсё - надарэмна. Узьняўся хачу пайсьцi. А яна: "Мiкола, ня гневайся на мяне, што я такая. Прабач".

У гэтых словах Мiкола адчуў такую дабрыню, такую ласку, такое спачуваньне да яго, што ягонае сэрца зайшлося ад шчымлiвага болю i адначасна ад нейкай вялiкай любасьцi да яе. Гэта было для яго ўзнагародай за ўсе ягоныя мукi. Мiкола праняўся яшчэ большай шчырасьцяй да яе: "Якая яна залатая!" I ад таго, што яна такая добрая, любая для яго, Мiколу забiрае рэўнасьць: каму яна дастанецца такая добрая, пяшчотная?