Выбрать главу

Мiкола ўсё-ткi знайшоў сiлу ў сабе пакiнуць яе. У заходлiвасьцi сэрца, у раздвоенасьцi душы выйшаў з клецi. Пайшоў у свой пасёлак за Мокрым, празваны Камунай.

Дуся зачынiлася зноў i лягла, але заснуць ужо не магла. "Хто яму сказаў, што я ў клецi? Я нiкому не гаварыла. Мне хацелася выйсьцi з хаты, як i ўсе выходзяць. "Выйсьцi" - у гэтым ёсьць нешта цiкавае, нейкая тайна, нешта невядомае. Што сустрэне цябе? Гэта-ж першы крок у тваiм выхадзе, нясьмелы крок, але i адважны. Выйсьцi з хаты - гэта як выйсьцi ў жыцьцё. Выйсьцi насустрач жыцьцю. Кiнуць яму выклiк. Усё роўна як сказаць яму: "Я iду. Я гатова. Я аддаюся табе. Я твая". Але цi гатова я? I як-бы нехта ўнутры мяне: "Гатова!" Але я баюся гэтага голасу, такога падманнага i здрадлiвага. Я ўжо была гатова. I як гэта ўсё абярнулася! Так, ён адчуваў, што я была гатова i хацеў узяць мяне, як гатовую. Бяз усякай асьцярогi. Няўжо гэта так бяруць? Няўжо гэта так сустракаюць твой выхад? Тваю гатовасьць? У гэтым таямнiца выхаду? Няма нечага больш звабнага? Гэтак усё проста? Толькi гэта i ўсё? Мiкола хацеў толькi гэтага? I я адштурхнула яго. Можа гэта была памылка з майго боку? Ня буду я каiцца? Прыйдзе ён зноў?

Сьвет звабнасьцi пачаў даўно мяне трывожыць. Я пачала разумець гэта толькi цяпер. Тады-ж, у маю гусiную пару, мне было прост добра, прыемна i ўсё. Тады мне было прыемна, што ён глядзiць на мяне, гаворыць са мною. I мне сумна было, калi я ня бычыла яго. Калi ён не стаяў на мосьце, або калi я ня бачыла яго, як чытаў, лежачы ў траве ля рэчкi. А найболей, калi ён сядзеў у нас са мною за сталом, гэтак блiзка, што ад той блiзiнi мне было млосна, сэрца знывала ў салодкай стоме. Дзiўна, пры iм я заўсёды хацела быць у лёгкай сукенцы i абавязкова, каб мае рукi былi голыя. А калi чыталi, схiлiўшыся над кнiжкай, я хацела, каб мой лёкан дакранаўся да яго твару. Мне было прыемна ўсякае ягонае датыкненьне, такое далiкатнае, лёгкае, узварушлiвае. Сапраўды, я баялася грому. Баюся i цяпер. Але тады... тады я хацела, каб ён мяне суцяшаў, каб ён падыйшоў да мяне. I ён падыйшоў. А я накрылася. Я хацела, каб ён раскрыў мяне i ўбачыў мяне, якая я прыгожая. Я хацела нават, каб ён лёг каля мяне, мне было-б тады сьцiшна i прыемна i я ня чула-б тады грому. Ён ня лёг каля мяне i я ўскочыла тады яму на рукi. Як гэта было добра! I я хацела, каб ён заставаўся ў нас, жыў у нашай хаце. Помню-помню маю гусiную пару, нязвычайную. А брацiкава вясельле... Я ўсё бачыла тады. Як ён пайшоў з ёю. Я пабегла за iмi. I знайшла iх... у кустох. Чаго яны хавалiся? I што яны рабiлi? Яна, тая другая, была гатовая? I ён браў яе? Гэтак як хацеў узяць мяне Мiкола? Я магла тады забiць тую жанчыну. Яна адбiрала ў мяне яго. Але дзе яна дзелася? Я ня бачыла яе. Куды яна зьнiкла? Ад нейкай уявы таго, што яны там рабiлi, па ўсiм маiм целе прабегла дрож, скалынула мяне ўсю, тое, невядомае, таямнiчае, што было ў iх там, завалодала мною нагэтулькi, што калi ён ужо ўцякаў ад яе, я, iдучы яму напярэймы, скочыла яму на грудзi, каб ён схаваў мяне ў сабе, так, як тую жанчыну, каб я была з iм, як адно, каб мяне ён нёс некуды.

Ня пушчала мяне мацi ў клець. Прасiла. Малiла. Але я выйшла. Я хацела чамусьцi выйсьцi ў суботу. Пад нядзелю. Я хацела, каб гэта было, як сьвята. А сьвята не наступiла. Можа яшчэ яно будзе?"

Змора, уяўленьнi перамаглi Дусю i на сьвiтаньнi яна заснула глыбокiм сном.

У калгаснай канцылярыi, што насупраць Лявонавiчавай хаты - граюць. Нядзеля, i старшыня дазволiў моладзi танцы, тым болей, што пагода дрэнная i сена зграбаць не пашлеш яе. Танцы ў канцылярыi - адзiным прыгодным для гэтага быдынку - пачалiся яшчэ папаўднi i зацягнулiся аж да вечару. Дуся думала, пайсьцi ёй на танцы, цi не i ўрэшце вырашыла пайсьцi. Пасьвяточнаму адзелася i рушыла. Калi яна ўвайшла ў канцылярыю, на сярэдзiне салi пабачыла Лявонавiча, абступленага з усiх бакоў моладзьдзю. Гармонiк ня йграў, у бубен ня бiлi. Стаяла затоеная цiшыня. Лявонавiч - вiдаць па ўсiм падвыпiўшы - трымаў у руках газэту. Моладзь ужо ведала - ня раз яна бачыла яго тут з газэтай - што Лявонавiч мае нешта сказаць, як заўсёды - нешта надта сьмешнае, цi - калi пра сына - надта журботнае, жаласьлiвае. Лявонавiч просiць моладзь ня крыўдзiцца на яго, няпрошанага госьця, што ён сваiм прыходам перапынiў усю iхную "музыку". Гаворыць, што ён доўга ня будзе тут. От, учуўшы музыку, ня ўцерпiў i прыйшоў аддаць чэсьць. Адразу-ж i пойдзе. Скажа толькi якое слова. Ня будзе iм замiнаць. Стаiць, сьсiвелы i засмучаны. Нясьмелы, хвалюецца, быццам ня ведае, з чаго пачаць цi саромiцца той увагi, якую ён тут напаткаў. Паднёс блiзка да вачэй газэту - дагары, загалоўкам унiз:

- Тут во ў мяне сьвежая газэта. Палучыў з Менску. Краска яшчэ ня высахла. Калi дазволiце, дык прачытаю вам пра тое, што ў сьвеце праiсходзiць i як нам у тым сьвеце вядзецца. Дык вы гатовы?

- Гатовы! Гатовы! Чытай, Лявонавiч!

- Дык вапервых - мiжнароднае палажэньне. Нападзець Гiтлер на Сталiна, цi не? Нападзець! Стаiць чорным па беламу. Вялiкiмi буквамi. Хто ўмее, той можа прачытаць сам. Я-ж чытаю для тых, хто ня ўмее чытаць. Ага, нападзець. Але стаiць вапрос, хто каго пабядзiць. Гiтлер Сталiна, цi Сталiн Гiтлера? У газэце стаiць, што пабядзiць Сталiн. Пра другую вазможнасьць тут маўчаць. Ну вот. Я прыйшоў да вас сюды ня сам. Мяне прыслалi Касьцюковiчы - раён. Загадалi правесьцi з вамi бяседу. Сам палiтрук загадаў. Ён сказаў: "Лявонавiч, ты добра знаеш там сваiх людзей, разам з хлопцамi i дзеўкамi, ведаеш усё пра iх, нават, чым яны дышуць (а я, яй-Богу, ня ведаю, чым вы дышаце). Сратва гэта (ён так i назваў вас) таўчэцца-ж у цябе пад носам (гэта ён так таму, што я вас у вакно бачу, як вы тут перад клубам гуляеце i ўсё такое), дык, кажа, каму-ж, як не табе, наставiць яе, сратву гэту, на пуць iсьцiнный. (Гэтага ў газэце няма. Гэта ён мне так гаварыў.) Паглядзiм, што пiша газэта далей.

- Лявонавiч, досыць пра вайну. Вычытай нам, што пiша газэта пра твайго сына.

Лявонавiч змоўк. Стаяў i нiчога не гаварыў. Толькi глытаў сьлiну. Худы яго "кадык" спазматычна рухаўся, выпiраў скуру. Вочы блiшчэлi - у iх туманiлiся сьлёзы. Ды Лявонавiч перамог сябе, адказаў таму, хто прасiў яго вычытаць пра сына:

- Пра ета ўжо на другiм баку газэты. Там усё сказана. I пра майго сына.

Лявонавiч пачаў шукаць тое месца ў газэце, дзе, ён казаў, напiсана пра яго сына. Разгарнуў газэту на ўсю шырыню, закрыўшы такiм способам свой твар. Слабым голасам пачаў "вычытваць" пра свайго сына:

- Прайшло ўжо пяць год, як яго забралi. Ета цяпер ён дужа далёка. На самай Калыме. Ета яшчэ далей, як Амур. Ета за Амурам. У газэце во стаiць, што ён гукае нас адтуль, але яго голас не даходзiць сюды - далёка. Просiць, каб яго выручылi. Але голас яго разьбiваецца аб скалы. Вяртаецца да яго назад водгульлем. У тым водгульлi ён чуе ня свой, а нейчы iншы голас: "У-у-у-у. Гу-гу-гу-гу. Жы-жы-жы. У-у-а-а-а. Памрэш тут. Нiхто цябе не пачуе. Нiхто ня будзе ведаць, дзе ты падзеўся. У-у-у. У-у-у-а-а". Сын мярцьвее ад гэтага голасу. Ён чуе яго i ўначы. Ня можа заснуць: "У-у-у-у-а-я-я-я". Ранiцою тое самае: "У-у-у-у-а-я-я-я-жых". Сын бяжыць на гару - можа адтуль яго пачуюць. Просiць ратунку. Гукае. Ды водгульля няма - голас яго паглынае прастора. Ды сваёю душою я чую той голас сына. Мне няма дзе дзецца. Выбягаю з хаты ўначы. Крычу: "Ратуйце!" Ды нiхто не ратуе. Нiхто нас ня чуе. Толькi зоры ў небе перамiргваюцца. А голас яго ўсё носiцца па паверхнi зямлi. Ня сьцiхае. Я чую яго ўсюды: у хаце, на двары. Што не вазьму ў рукi, чую яго голас, журботны, адчайны. Лыжку паднясу - i тая крычыць. Во й цяпер, мае дзеткi, прыбег да вас пажалiцца перад вамi, каб вы ўчулi гэты голас-роспач. Ён зьвернуты i да вас, мае любыя. Паспагадайце яму...

Газэта ўпала на падлогу. Лявонавiч цiска накрыў сваiмi далянямi вочы i стаяў нярухома ў зьмярцьвеньнi - плакаў.

Дуся хацела падыйсьцi да Лявонавiча, паспагадаць яму, сказаць нейкае слова ўцехi, але не адважылася, чамусьцi не магла гэтага зрабiць.

Нехта з хлопцаў падняў з падлогi газэту:

- Вазьмi, Лявонавiч. Калi-небудзь нам прачытаеш пра сына яшчэ.

- Даруйце, мае любыя. Грайце. Гуляйце. Ета ваша время.