Пайду да свайго колiшняга таварыша па школе, да Вусьцiна. Яго калоцiць, не адпушчае, цяцюха, i ён, напэўна, будзе ў хаце. Так i ёсьць - ня толькi ён, але й ягоная мацi i сястра-падлетак, што як толькi ўвайшоў я, схавалася за шырмай. Вусьцiнава мацi кiнулася прыбiраць на стале, запрашаючы мяне садзiцца, радая майму прыходу. Яна толькi што прыйшла з поля падаiць карову - дачка яшчэ ня ўмее. Пастух прыганяе кароў на цэлае абедзьдзе - сьпека. I выганяе толькi калi сьпека спадае.
Вусьцiн зайздросьцiць мне, што я вучуся, шкадуе, што пасьля чатырох класаў не пайшоў далей у навуку. У калгасе працаваць ня любiць, лаецца з брыгадзiрам, сваiм таварышам. Ягоная мацi прыслухоўваецца да нашай гутаркi i, незадаволеная сынам, не магла ўстрымацца, каб ня выказаць мне гэтага свайго незадавалення.
- Ляжыць во дзень-у-дзень, а прыйдзе вечар - бяжыць да сучкi. Прыходзiць дахаты, калi добрыя людзi iдуць на працу. Можа-б ты, Масеевiч, ушчуў яго як?
Вусьцiн не злаваўся на мацi, усьмешлiва пазiраў на мяне. Тое, што гаварыла яму мацi, успрыймаў як належнае i, вiдавочна, думаў, што ў маiх вачох ён не прайграе, а наадварот - выйграе.
Па сваiм прыезьдзе, у гутарках з вясковымi хлопцамi - маiмi аднагодкамi, я заўважыў, што амаль усе яны хваляцца сваiмi перамогамi на жаночым фронце. Я нiяк не камэнтаваў iхных дасягненьняў, хоць i слухаў iх уважлiва. Ад iх веяла на мяне нечым нячыстым, брыдкiм i няпрыемным, такое iхнае адкрытае прызнаньне выклiкала ў мяне нясмак, асаблiва калi яны падлiчалi на пальцах, колькi дзевак яны пазбавiлi цнатлiвасьцi. Я iм ня верыў, ведаў, што яны хваляцца, але разам з тым, недзе ў самым цёмным закутку душы, зайздросьцiў iм. Яны лiчылi мяне не дастаткова адважным, баязьлiвым, далiкатным, iнтэлiгентам, якi не апанаваў мэтадам, што вядзе да авалоданьня i - дзiўная рэч - прапаноўвалi мне свае паслугi ў гэтым, на iх думку, зусiм лёгкiм мастацтве.
- Калi хочаш, я завяду цябе сёньня ўвечары да аднэй - ламацца доўга ня будзе, - цiха, каб ня чула мацi, угаварваў мяне Вусьцiн.
У маiм Мокрым - дый ня толькi ў Мокрым - трываў яшчэ стары звычай "хадзiць да дзевак спаць". На цэлае лета - душна-ж, дый бацькi на перашкодзе - дзеўка выходзiць спаць на двор: у клець, пад павець, або й проста на калёсы, калi яны пад страхою. Застаюцца спаць у хаце толькi тыя, хто не спадзяецца на посьпех: надта няпрыгожыя i няўдалыя.
Гэты выхад з хаты разьлiчаны на тое, каб прынадзiць пажаданага хлапца i, калi ўсё пойдзе на лад - выйсьцi за яго замуж. Дзеўка ня пусьцiць да сябе нанач нiкога, хто ёй не падабаецца, колькi-б ён нi прасiўся, i не паддасца хлопцу - зялезны закон - калi вычуе, што з iм ня будзе будучынi. Канешне, бывае калi дзеўка памыляецца - аддасца хлопцу, а замуж той не бярэ, i тады рэпутацыю чэснай дзеўкi яна трацiць назаўсёды.
Мяне, як свайго, ды яшчэ студэнта, думаецца, пусьцiла-б да сябе любая з нашых дзевак, але я баюся iх: адпусьцiцца каторая, каб забрытаць цябе i тады канец усiм тваiм плянам, у тым лiку i вучобе, будзеш працаваць, каб магчы выплачваць алiмэнты. Але маглi цябе, такога свайго, i ня прыняць, ня пусьцiць у клець: я iм ня пара, а нашы дзеўкi - народ цьвярозы, яны шукаюць роўных сабе, i магло стацца, што, стоячы пад дзьвярыма, ты доўга прасiўся-б, каб табе адчынiлi. Ды, зрэшты, што я гавару - я такi-ж самы, як i яны: просты, адкрыты, дурны, такi-ж самы працаўнiк - на полi, на лузе, на таку, на гумне, у хаце усюды, дзе спатрэбiцца мазолiстая рука. Я толькi адарваўся ад iх i, адарваны, нажаль, станаўлюся чужым для iх.
У кожным разе, я падзякваў Вусьцiну за ягоную гатовасьць дапамагчы мне i зьбiраўся ўжо выйсьцi, як ягоная сястрычка - такога прыблiзна ўзросту, як Дуся - паказалася з-за шырмы i, танцуючы, выпалiла:
- А я чула, што вы гаварылi.
I пабегла зноў за шырму.
Вусьцiна гэта нiмала ня зьдзiвiла, i калi я ўжо ўзяўся за клямку, каб выйсьцi, ён нагадаў мне пра сваю гатовасьць прыслужыцца мне. Няпрыемна ўсiм гэтым уражаны, я рады быў апынуцца на свабодзе, у раздольлi ўсё яшчэ нязгаслага дня. Я не пайшоў дахаты, назад на мост, а павярнуў да добра знаёмага мне закутку-астраўка, што некалi ўтварыла нашая Сьвiнка, абмiнуўшы яго з абодвух бакоў, быццам пакiдаючы нам гэты астравок для схованак цi для адзiнотнага роздуму i адпачынку. На гэтым астраўку, акружаным вербалозам, густа расьлi краскi, гулi над iмi пчолы. Iхны гуд не парушаў той цiшынi, якая панавала тут, наадварот як-бы штосьцi дадаваў да яе, ствараў радасна-патаемную музыку iснаваньня. Тут адчувалася прысутнасьць духу, што няпрыкметна творыць усё. Каб трапiць на гэты астравок, трэба было перайсьцi невялiкi, але досыць хуткi струмень, i мне спатрэбiлася ськiнуць свае бацiнкi. Узяўшы iх у рукi, я пераскочыў струменьчык i бачу - ейныя гусi тут, шчыплюць траву. А дзе-ж яна сама? Аж бачу - сядзiць на палянцы, сярод красак, ўе вяночак, прымервае сабе на галаве. Мяне яшчэ ня бачыць. Такое ўражаньне, быццам, засяроджаная, яна ня ведае, дзе яна. Яна толькi сама з сабой, у нейкiм сваiм асобным сьвеце, i цi варта перапыняць яе ў гэтым ейным iснаваньнi. Цiкава, што яна думае? Нешта-ж яна думае. Як вяночак з красак, снуецца-ж, адначасна i вяночак ейных мар, толькi ёй адной вядомых. Гусi для яе не iснуюць. Яна, мусiць, забыла пра iх. Але яны ведаюць сваю пастушку - даюць ёй магчымасьць пабыць з сабой, у шкоду ня йдуць. Вяночак гатовы. Устаючы, надзела яго на галаву. Папраўляе. Забрала адзаду свае коскi i пералажыла iх на грудзi. Гэта надало ёй выгляд больш дарослай. Яна, канешне, ня раз наглядала, як дарослыя дзяўчаты, стоячы перад люстэркам, запляталi свае косы, перакiнуўшы iх наперад. Кароценькая, як сетачка, ейная сукенка, што не даходзiла ёй да каленяў, усё-ж сьведчыла пра ейную дзiцячую бясклопатнасьць i неспакушанасьць. А вось яна пабачыла мяне i дзiўна - нiколькi не зьбянтэжылася. У нейкi няўлоўны момант твар яе засьвяцiўся радаснай усьмешкай. Гледзячы на мяне, яна заставалася стаяць. Я падыйшоў да яе. Яна хутка зьняла з галавы вяночак. Вачэй не засланяла рукою, як гэта яна рабiла раней пры сустрэчы са мной.
- Навошта ты зьняла вяночак з галавы? Ты такая прыгожая ў iм.
- А без вяночка я няпрыгожая? - спыталася.
- Канешне, ты прыгожая i без вяночка.
- Дык я ня буду й надзяваць яго. Я зьвiла яго для цябе. Я ведала, што ты прыйдзеш сюды.
- Як ты магла ведаць пра гэта?
- Ты-ж ходзiш сюды чытаць. Ляжыш у траве. Я заўсёды бачу цябе тут. I я думала, што ты й сёньня будзеш тут.
- А я цябе нiколi ня бачыў тут.
- Бо я схаваўшыся глядзела на цябе. Таму ты й ня бачыў мяне. Я ведаю, чаму ты й на мосьце стаiш.
- Ну скажы - чаму?
- Каб глядзець на мяне.
- Чаму ты думаеш, што я гляджу на цябе?
- Бо ты кажаш, што я прыгожая.
Я быў зьдзiўлены ейнай сьмеласьцяй, а яшчэ больш - ейнай кемлiвасьцяй. Яна глядзела на мяне ня збочлiва, адкрыта, у ейных вачох гулялi здрадлiва-звабныя iскрынкi малой шэльмы. Мяне ўражала няпрыхаванае iмкненьне паказацца дарослай. У ёй прачыналася смутнае ўяўленьне нечага нязьведанага.
Я стаяў з вяночкам у руках, ня ведаючы, што з iм рабiць. Яна заўважыла маю нерашучасьць, у момант замкнулася, як-бы спалохаўшыся сябе самой. Падняла з долу хварасьцiну, сказала:
- Гусi разыйшлiся. Пайду шукаць i паганю двору.
- А вяночак?
- Калi ня хочаш узяць з сабой, пусьцi на ваду - няхай плывець. Я пушчаю вяночкi часта. Гляджу, дзе яны прыпыняцца.
Адыйшоўшыся, азiрнулася. Памахала мне рукой.
...Чапляюся-чапляюся, i нi за вошта не магу зачапiцца. Нi ў горадзе, нi тут. I там нядобра, i тут нядобра. Новасьпечаны iнтэлiгент! Рамантык! Якому трэба "яна"! Рашчараваны Вэртар! Сумуе ў глушы вясковай! Шукае прыгодаў! Нейкiх нязвычайных сустрэчаў! Эстэт! Паглядзець збоку - адно сьмяхоцьце! I канешне-ж сьмяюцца - Масееў сын запанеў цi з глузду з'ехаў - з дзецьмi забаўляецца.
Я баюся гэтага прысуду. Плюну на сваю рамантыку! Пайду разам з усiмi касiць! Пайду ў гурт! У калгас! Я пакажу сябе ранейшага - селянiна, якi ўмее ўсё: i касiць, i малацiць, i сеяць, i веяць. Ды што там - "пакажу"? Бацька вон як пяклуецца, дык стань побач i "пакажы"! Зарабi працадзень якi - з яго-ж жывуць цяпер усе! Пабыў гасьцём i досыць!
У хаце я не застаў нiкога. Мацi прыходзiла з працы i пайшла зноў. Справiлася з усiм: падаiла карову i справадзiла яе пастуху, згатавала нешта сабе, зьела, панесла абед бацьку i сястры на поле. Яны з нецярпеньнем чакаюць матчынага прыходу з абедам - з гаршчэчкамi ў махрачы. У гаршчэчках на першае суп, на другое - грэцкая каша. У мацi зьвiсае торба, цiсьне плячо. У торбе лыжкi, акрайчык хлеба, сьвежыя агуркi з свайго агароду. Поле тое за тры вярсты, i каб не пазьнiцца, мацi сьпяшаецца, аблiваецца потам. Бацьку-ж ня церпiцца, ён выглядае яе на дарозе, чакае, калi яна пакажацца, злуецца, калi яе ўсё ня вiдаць.