Дуся сьцiшылася. Заснула на маёй руцэ. А я не магу заснуць. Нi разу не варухнуўся, каб не пабудзiць яе. Мне прыемна адчуваць яе вобак.
Месяц ужо за стогам. Па другi бок. Збляк. З паўзмроку - бачу - праступае мажара: ранiца. Дуся пракiдваецца: "А ты спаў, Юзiк?" "Спаў". Цалую яе. Пешчу. А яна: "Ты ўжо будзеш цяпер маiм Юзiкам... Я перахрысцiла цябе на Юзiка".
Мне падабаецца ейнае "Юзiк". Гэта яна вымавiла ў забыцьцi, у стане нейкай асаблiвай пяшчоты i любасьцi. "Юзiк" у яе атрымалася як нешта падзiцячаму лагоднае i далiкатнае. Гэта нагадвала мне Дусю ейных "гусiных" часоў.
Нам час разьвiтацца, пакiдаць сваю духмяную пасьцель. Гавару Дусi: "Iдзi. Трошкi здрымнi ў клецi. Яшчэ рана. А я пабягу дахаты". Дуся й пытаецца: "А дзе цяпер твая хата, Юзiк?" Сьмяючыся адказваю: "У цябе".
Бягу ўнiз праз рэчку дахаты. А ў хаце - засмучэньне. I мацi, i бацька, i сястра былi ўжо падняўшыся. Сядзелi. Нiчога не рабiлi, як-бы некага чакалi. Пэўна, майго прыходу. Адразу-ж паведамiлi мне: "Можа якую гадзiну назад партызаны павялi з двара нашу жаробку". Мацi ў сльязах: "Заб'юць на мяса. Не на работу-ж. З гаршка кармiла. Паiла. Гадавала i выгадавала злыдням". "Ня чуваць, каб у каго яшчэ бралi што. Толькi ў нас, - дадае бацька. - За калгас, за зямлю, за турму нам помста. Як-бы пайшоў да iх у лес i з iмi разам рабаваў - не чапалi-б. А як-жа табе йсьцi ў лес? Гэта-ж такая абiда, што сьцерпiць нельга. Пасадзiлi. Адпакутваў. Выратаваўся, а цяпер - давай хадзi! Каб прыдушыць дзе".
Я супакойваю бацькоў, як магу. Бацьком шкада жаробкi. Яна была ў нас, як дзiцё. Сядзем, бывала, дзе на полi падчас працы есьцi - i яна ўжо каля нас. Пакiдае мацi сваю - кабылу. Просiць есьцi. Язык так ня скажа, як яе вочы. Гнедзенькая. Прыгожанькая. Толькi яшчэ ад матчынай цыцкi. Сысунец яшчэ. Бывала, калi бацька быў на начлезе з коньмi, прыбяжыць да агню. Ляжа сьпiною да бацькавай сьпiны. Грэецца, баiцца начы цi з удзячнасьцi да гаспадара. I вось цяпер няма. Як-бы чалавека забралi ад нас. Асаблiва заходзiцца мацi па ёй. Яна болей за ўсiх хадзiла за ёй, i цяпер яна не магла ўявiць сабе што яе зьядуць.
Бацька бачыў у вакно, як партызаны, не заходячы ў хату, iшлi на двор. "Чаго-б гэта, думаў ён. - Што ў мяне на двары? Адна кляча. Дык iм-жа яна нi да чога". Ня выходзiў з хаты. Чакаў, што будзе далей. Аж бачыць - вядуць жаробку. Бацька з хаты. Просiць пакiнуць яму жаробку: "Навошта яна вам такая маладая?" Партызаны - усё невядомыя людзi - i слухаць ня хочуць. Вядуць. Бацька ўсё ўпрашвае. А адзiн з iх: "Iдзi, стары, спаць, а то й цябе павядзём". Яшчэ й дадаў: "На вяровачцы". "Бачыш, сын, - зьвярнуўся да мяне бацька, - нам помсьцяць. Ты ў турме сядзеў - ужо ты чалавек для iх ня свой, а я "зажыўся". Маё дабро колiць iм вочы. А таго ня хочуць знаць, што тое маё дабро з мазаля майго, з майго поту, з майго нядосыпу. Дык вось цяпер i йдуць за тым маiм дабром. Ета-ж, канешне, свае падказалi. Наслалi на нас. Але гора - горам. Горам не пракормiшся. Жывому - жывое. Паедзем у Супырыцу закладваць стог. Пагода будзе харошая. Iдзi запрагай кабылу. Бяры жэрдзь, вiлы, граблi, вазавую вяроўку, пiлу, тапор. Мацi з Дар'яй прыйдуць пазьней. А мы тым часам зробiм стажарышча".
З працы да хаты прыехалi поцемкамi. Селi за стол, а ў хату - як нейкi прывiд - Вяркееў. Прывiтаўся i сьмела да стала. Згроб мяне ў свае лапы, тармозiць за плечы, глядзiць у вочы: "Пазнаю. Пазнаю. Той самы. Выздаравiў? Цi не? Ну, ня злуйся. Вiтаю з паваротам. Рады бачыць цябе, Мiкола. Рады, што цэл i неўрядзiм".
Прывiтваецца з бацькам, з мацi, з сястрой. "Даўно ня бачылiся, Лявонавiч, а? Я ўжо не гавару пра Мiколу. З iм гадкоў з пяць. Цi ня так? Але паглядзеце, Лявонавiч, ён цяпер рыхтык сiбiрскi чалавек. Падужэў целам". I да мяне: "Спадзяюся i - духам. Я ў пiльнай справе да цябе, Мiкола".
Тымчасам мы ўсадзiлi Вяркеева за стол, i я пабачыў знаёмага мне чалавека энэргiчнага ў рухах, жывога, рашучага, можа трохi пастарэлага i агрубелага аблiччам. Ня ведаючы яшчэ, як мне паставiцца да яго, стараюся быць стрыманым, але не магу - нешта мяне трывожыць, я рады i ня рады яго прыходу, ведаю, што не дзеля нашай нейкай дружбы завiтаў ён да нас, да мяне.
- Ня шкодзiла-б i выпiць за Мiколу, ды няма болей каперацiву ў Мокрым.
Бацька вылазiць з-за стала. Iдзе ў сенцы. Вяртаецца адтуль з пляшкай гарэлкi.
- Узнаю Лявонавiча!
Вяркееў загарэўся. Пацiрае рукi.
- Але аднэй гарэлкай, Лявонавiч, Мiкола сёньня ў мяне не адкупiцца.
I як-бы спахвацiўшыся:
- Няма чым зацемнiць вокны. А то яшчэ якi палiцай нарвецца. Хоць з Мiколам мне ня страшна - гэта-ж яго цяпер улада, - засьмяяўся.
Уквелены, я адказваю яму:
- У мяне ня было i няма нiякай улады. Улада твая.
- Ну чаго ты ўсьпятушыўся - жартую.
Бацька разьлiў у шклянкi гарэлку.
- Ну дык за што вып'ем? - узьняўшы шклянку, пытаецца Вяркееў. - Я ўсё-ткi за Мiколу. За ягоныя пакуты.
- Ды так-жа, - адказаў бацька.
Выпiлi за "мае пакуты". Бацька й пытаецца:
- А дзе-ж вы сiчас, Сямёнавiч?
- Я не хаваюся, Лявонавiч - у лесе, у партызанах, у партызанскiм штабе. Напужаў?
- Ды не. Чаго-ж? Ета ўсё харашо, а вот атбiраць, Сямёнавiч, у людзей што-б там нi было - нi гадзiцца.
- Мы не адбiраем, Лявонавiч. У вас мы ўзялi што-небудзь?
- Узялi. Сёньня-ж.
- Што ў вас узялi?
- Кабыла нядаўна ажарабiлася, дык дзяцёнка ад яе атнялi. На мяса! Нашто-ж болей? Прагаладалiся?
Бацька сказаў гэта зьядлiва i Вяркееў ня ўзьлюбiў:
- Так, мы церпiм i голад, Лявонавiч. Не сакрэт. I калi нам нехта не спагадае, ня хоча дапамагчы нам, мы i - адбiраем. Скажу вам больш - i забiваем. Бо забiваюць нас. Пашчады нiкому, хто стаў на бок ворага. - Зiрнуў на мяне: - Ты ня вораг! Да ворага я ня прыйшоў-бы i ня сеў-бы за стол. Ня прыняў-бы пачастунку.
- А вот-жа ўпяклi чалавека ў турму. За што? Вораг? I цяпер, калi чалавек прыйшоў, дык зноў пагражаюць. Спакою нiма. Чалавек не начуе ўжо ў хаце. Мусiць хавацца.
- Хто пагражае?
- Вашы-ж.
Вяркееў перапынiў гаворку з бацькам. Зьвярнуўся да мяне:
- Бачу, тут нейкае непаразуменьне, Мiкола. Хачу пагаварыць з табою сам-на сам. Лявонавiч, выбачайце. Мы выйдзем з Мiколам. Пагаворым. Прагуляемся.
Мацi й сястра трывожна пераглянулiся мiжсобку, а бацька:
- Iдзеце сабе. Вы свой чалавек i можа што парадзiце нам.
Мы выйшлi на двор.
- Ты ня бойся мяне. Я цябе не здраджаў. Спадзяюся i ты ня здрадзiш мяне. Куды пойдзем? Куды-небудзь на бок. Дык хто табе пагражае?
- Прызнацца, дакладна ня ведаю, хто. Напачатку нехта прыходзiў уначы адзiн. Хацеў мяне бачыць, гаварыць са мною. У хаце мяне ня было, i я ня ведаю, хто гэта быў. Ён гаварыў з бацькамi. Прызначыў мне спатканьне на наступную ноч. Прыйшоў зноў. Мяне зноў ня было. Я не хацеў яго бачыць. Прызначыў мне i трэйцяе - апошняе - спатканьне. Я ня прыйшоў i на гэтае спатканьне. Было iх ужо трох, з Мiколам Бугровым на чале. Ты-ж ведаеш яго. Хацелi замест мяне ўзяць сястру. Перадумалi. Нехта з iх сказаў бацьку, што "отныне всякая связь с ним (гэта значыць, са мною) прекращается. Пусть он запомнит это".
- Здорава. Здорава. Хто-ж гэта так мог адчыканiць, - нiбы зьдзiвiўся Вяркеў. - Дай падумаць. З нашых, мясцовых людзей, так нiхто ня скажа. Гэта ўжо нехта з чысьцюсенькiх расейцаў, з прыежджых. Але пастой! Пастой! Здагадваюся! Гэта-ж каломенскi iнтэлiгенцiк! Быў тут у нас такi спэц па акопах, прысланы з раёну. Стаяў у Пiлiпа. Але чаму ён быў з Бугровым? У Бугрова-ж, наколькi нам вядома, толькi свае, тутэйшыя людзi. Бугроў, каб ты ведаў, пакiнуты тут для мясцовых апэрацыяў. I ты, дарэчы, асьцерагайся яго, каб цябе ён не падпiльнаваў. Ты-ж, здаецца - нам усё вядома - ходзiш да маёй Дуськi. Малайцом! Я ўхваляю. Напасьцiўся-ж. Але Бугроў - твой супернiк. Улiп у тваю Дуську па самыя вушы. Дамагаўся ўзаiмнасьцi. А тая, знай - адбрыквацца. Хацеў забраць яе ў лес, ды яна - нi ў якую. I гэта заела яго яшчэ больш. Дык глядзi - чалавек ён шалёны. Ёсьць пагроза для цябе i з другога боку - з боку каломенскага iнтэлiгеньцiка. Ён паляваў за Дуськай. Ня ведаю, цi ўпаляваў. Ты пра гэта мусiш ужо сам ведаць. Я перад табой, Мiкола, на чыстую - ня гневайся! Мы з табой усё-ткi сябры. Не хачу я выклiкаць у цябе i рэўнасьцi. Навошта яна, тая рэўнасьць? Дуся - добрая дзеўка i табе, думаю, яна - якраз. Наслаждайся. Вось я гавару гэта i ў думках разматваю клубок далей. Думаю, i каломенскi iнтэлiгеньцiк (выбачай, не сказаў табе - ён сам з Каломны) не здарма тут. Ня выпадкова ён быў з Бугровым. Ён заадно з iм. Тут, думаю, справа Дуськi. Дык глядзi. Пужаць цябе ня хочу. Але беражыся. Памойму, найлепшы выхад для цябе узяць Дусю з сабой i да нас. У штаб. Ты да зарэзу нам патрэбны. Няма каму газэту рабiць. Лiстоўкi састаўляць. Лiстоўка - ты ведаеш - ня менш дзейсная, чымся аўтамат. Я разумею цябе - прывязаўся да маладой спаднiцы. Але-ж трэба нешта рабiць i большае за спаднiцу. Што ты тут выседзiш? Нiчога. Ды каб-жа яшчэ - нiчога: таго глядзi, галавой накладзеш. Разумееш, пад маркай партызана ходзяць i банды. Над iмi мы кантролю ня маем. Удзень такi партызан сядзiць у лесе, а ўначы выходзiць рабаваць, а то й забiваць. У лепшым выпадку сьпiць у якой-небудзь салдаткi. Бойся, Мiкола, такiх партызанаў. Ты сядзiш тут i, думаю, нiчога ня бачыш, што дзеецца вакол цябе. Тут можа быць чыста асабiстая помста. Я цябе, паўтараю, ня пужаю i не агiтую. Я толькi раскрываю табе вочы. Ты можаш стацца нявiннай ахвярай. А пойдзеш да нас - зберажэшся. Гарантыi, канешне, няма. Але шансы выжыць у нас у цябе большыя, чымся пад крылом Дусi.