Гэта жартуе Вусьцiн. Ён сядзiць памiж дзяўчат, шчыплiць iх, лезе з рукамi куды ня трэба. Абараняючыся, яны калоцяць яго кулакамi, невядома - напраўду, цi ўяўна.
- А можа яны ўжо былi ў клецi i другi раз можа не захочуць, - адказала Вусьцiну нейкая, вiдаць, самая баявiтая.
- Калi-б былi ў клецi, рана так-бы ня выйшлi.
- Зашмат ты ведаеш, мой ты Вусьцiнчык, - кпiла з Вусьцiна баявiтая i абнiмаючы яго, прыгаварвала:
- Дай я цябе, мiленькi, пацалую.
- Вытры перш свае лыпы... тады, - падняўся Вусьцiн i падыйшоў да мяне. Я насьцярожыўся - што ён скажа? Вусьцiн узяў мяне за плячо, адвёў у бок i цiха, каб не пачулi, прамармытаў:
- Пойдзем. Завяду. Да Агапкi. Яна хоча цябе.
А потым:
- Чаму ты не зайшоў да мяне?
- Вусьцiн, пакiнь мяне, прашу, - адказаў я ў злосцi i мяне пачулi дзяўчаты.
- Ня хоча! - як адсек Вусьцiн.
Дзяўчаты выбухнулi сьмехам.
Абсьмяяныя, мы ня ведалi, як адыйсьцiся ад iх. Ды гонар загаварыў у нас i мы пайшлi.
- Узыйдзем да ветрака? - запытаўся я.
- Не. Пайду спаць. Правядзi мяне да моста i я пайду. А ты йдзi да ветрака.
Я рады быў, што ён пайшоў. Але мне сумна аднаму. Мне не хапае некага. Некага, хто мог-бы быць разам са мною. Вяркееў ня быў са мною. Ён быў з сабою, далёкi мне. Я быў з iм, але мая душа адварочвалася ад яго, баранiлася. Вяркееў кажа, што я нерэальны, а я ня люблю яго, рэальнага.
Вяркееў пайшоў, а я застаўся адзiн на мосьце. Ад месячнага сьвятла мяне баронiць, хавае ў свой цень сьхiленая над мостам разлогая вярба. Месяц залiў, напоўнiў сваiм сьвятлом усю паднебную прастору. Куды нi зiрнеш - усюды сьвятло. Я люблю такую ноч. Ад месячнага сьвятла вочы ня жмурацца, як ад сонца. Зрок вайстрэйшы, больш пранiклiвы. Месячнае сьвятло хмелiць, п'янiць, узьнiмае сiлу i табе хочацца загаварыць з цэлым сусьветам.
З моста я ўзьняўся на свой узгорысты, дзе школа, бераг. Адсюль, з узгорку, пабачыў агеньчык у ейным вакенцы. Гэтак позна? Агеньчык выдаўся мне гэткiм цёплым, мяккiм. I мне захацелася пайсьцi на гэты агеньчык. Спусьцiўся зноў на мост. Перайшоў яго. I я пад ейным вакном. Гляджу - сядзiць за сталом. Твар асьветлены лямпай. Засяроджаная. Вейкi апушчаныя - чытае. Вось яна прыўзьняла галаву - кiдкi пагляд. На ёй - узорыстая ночная кашулька, адкрытая на грудзёх. Што яна чытае? Вось яна вылазiць з-за стала, звабная, стройная. Тушыць, дзьмухнуўшы ў пузырок, лямпу. I я больш ня бачу яе. Застаўся ў вачох толькi ейны вобраз.
Назаўтра, прачнуўшыся (гэта была нядзеля) даведаўся, што мае адбыцца нейкi важны сход калгасьнiкаў i што дзеля гэтага перапыняюцца ў калгасе ўсе працы, нягледзячы на тое, што пагода стаiць добрая i можна было-б шмат чаго надрабiць у полi. Мая пастанова пайсьцi сёньня касiць ня зьдзейсьнiцца.
У хату ўваходзiць старшыня калгасу - чаго гэта ён? - ветлiва вiтаецца, загаварвае з бацькам.
- Я, Лявонавiч, гэта да сына твайго.
I ўжо да мяне:
- Масеевiч, сёньня ты нам патрэбен. Пушчаем на подпiс "Лiст беларускага народу таварышу Сталiну". Лiст напiсалi беларускiя паэты, дык каму яго чытаць i тлумачыць, як не табе. Ты-ж сам, можна сказаць, пiсьменьнiк i добра ведаеш iхныя рыфмы. Гэта табе будзе як грамадская нагрузка. А як-жа, ты-ж студэнт, дзяржава цябе вучыць, дык мусiш ёй адплачваць. Ня ўсё-ж табе лынды бiць.
Старшыня ўручыў мне "Лiст", сказаў падрыхтавацца да выступленьня на дванаццатую гадзiну. Сход будзе на вулiцы, ля нашай-жа хаты. Вынясуць для прэзыдыюму стол, а людзi расьсядуцца дзе як хто, не вялiкае панства.
"Лiст" я ўжо чытаў у пэрыядычным друку. Напiсаны ён беларускiмi паэтамi калектыўна, на чале з Янкам Купалам. Першымi напiсалi вершаваны лiст Сталiну грузiны, i ад iх пачалi браць прыклад iншыя рэспублiкi, адна перад адной навыперадкi, сьпяшаючыся засьведыць сваю адданасьць правадыру, усхваляючы яго на ўсе лады, выказваючы яму падзяку за ўсе дасягненьнi, якiх ня было-б без яго. Усё забавязанае ягонаму генiю. У "Лiсьце" было намалёвана самае бязбеднае жыцьцё ў Беларусi. Асабiстыя подпiсы беларусаў павiнны пацьвердзiць гэта.
I вось я за сталом у прэзыдыюме. Побач мяне старшыня, Вяркееў, брыгадзiры, рахункавод, кладаўшчык. Наўкола разьмясьцiлiся калгасьнiкi - мужчыны i жанчыны, хто дзе: на прынесеных лаўках, услончыках, на жэрдзях пад плотам, а найбольш - на зямлi, падмеценай i цьвёрдай, як ток. Дзяўчаты купкамi стаялi наўзбоч. Перад сталом, унiзе, паселi малыя.
Для слова адкрыць сход падняўся старшыня. Гоман прыцiх: што ён скажа? Чаго гэта так сагналi ўсiх?
Старшыня - ён быў ужо выпiўшы - пачаў:
- Ну, чаго вы разьвесiлi вушы? Манны ад мяне чакаеце, цi што? Бачу, сабралiся сюды дружна, ня так як на працу, вашу... Ну ды ладна. Наш паважаны студэнт, пiсьменьнiк, наша, можна сказаць, кроў, Мiкола Масеевiч, прачытае вам зараз лiст нашаму дарагому Сталiну. Слухайце i ня сьмейцеся, такую вашу... Падпiшаце ўсе, як адзiн, гэты лiст - умее хто цi ня ўмее стаўляць каракулi. Круцiць хвастамi, прашу, ня круцiць. Вашы подпiсы пойдуць у сельсавет, у раён, а там i далей, аж да саменькага Сталiна. Прашу, Масеевiч.
Я пачаў чытаць. Прызнаюся, што ня так, як трэба было-б. Я чытаў занадта хутка, гнаў - як-бы перада мною сядзелi самi паэты, якiя яго напiсалi. Чытаў з запалам, натхнёна, спадзяючыся, што такiм спосабам я дасягну найбольшага эфэкту. Ды ня тут тое было. Напачатку, можа якую хвiлiну-дзьве, мяне слухалi ўважлiва, а потым, калi стамiлiся ад майго малачэньня, перасталi слухаць, пачалi гаманiць, кiдаць рэплiкi, якiх я не разумеў, смяцца. Каб гэта быў нехта iншы, напрыклад прадстаўнiк з раёну, цi хто з сельсавету, яны церпялiва слухалi-б, а я быў свой, мяне не баялiся, мяне можна й ня слухаць.
Старшыня, рашчырванелы, заклiкаў да парадку, але гэта яму мала ўдавалася (ён таксама быў свой). Чытаньне маё перарывалася. Вяркееў падказваў мне, каб я чытаў павальней, не сьпяшаўся, больш тлумачыў. Ды ўжо сход выйшаў з-пад кантролю, i яго цяжка было наструнiць. Дзяўчаты пырскалi ад сьмеху, нешта паказвалi мне на пальцах, а я яшчэ болей бянтэжыўся: я ўпяршыню выступаў на такiм людным сходзе. Асаблiва я быў зьбiты з тропу, калi дайшоў да таго месца ў "Лiсьце", дзе апiсвалася заможнае жыцьцё калгасьнiкаў. Узьняўся яшчэ большы гоман, сьмех, пайшоў у ход досьцiп, i я ня ведаў, як мне быць. Ды мае аднавяскоўцы, вiдаць, шкадуючы мяне, трохi ўгаманiлiся, далi мне магчымасьць чытаць далей. Але зноў-жа не маглi стрымацца, калi я дайшоў да радка "i дзяўчаты ходзяць у шаўку". Выбухнуў сьмех. Дзяўчаты, што стаялi збоч, былi ня толькi не ў "шаўку", а босыя. "Глядзеце, як надзеў iх Сталiн - прост вулiцу мятуць шоўкам". "Чытай, чытай, Масеевiч, далей - што там яшчэ?" Яны пачалi ўважлiва слухаць мяне, але я, зьбянтэжаны, пачаў зьбiвацца, чытаць нявыразна, рабiць памылкi быццам бачыў гэты тэкст упяршыню. Неяк дачытаў. Сеў, засаромлены. Вяркееў кiнуўся ратаваць справу, зьвярнуўся да калгасьнiкаў з словам пра значэньне "Лiста", сказаў, што кампанiя па збору подпiсаў праводзiцца па ўсёй Беларусi i што працоўныя рэспублiкi з энтузыязмам ухваляюць "Лiст", кладуць свае подпiсы пад iм. Гаварыў, што "Лiст таварышу Сталiну" натхняе працоўных на далейшыя зьдзяйсьненьнi. Падпiсацца ўсiх настойлiва заклiкаў i старшыня калгасу. Але шмат хто не хацеў падыходзiць да стала падпiсвацца.
- Як нашы подпiсы пойдуць у сельсавет, у раён i далей, дык я не падпiшуся, хоць вы тут трэсьнiце. Я ня ведаю, што там зробяць з маiм подпiсам. Як на яго паглядзяць.
Гэта сказала Хадоска, удава, што не прапусьцiць нiводнага сходу i не пасаромiцца сказаць, што ёй узбрыдзе на вум. Любiць "шарахнуць", як пра яе гавораць.
- Нiчога з табой ня станецца, як падпiшышся. Як не падпiшышся, во тады... - даймаў яе старшыня.
Старшынёва папярэджаньне было ўспрынята сходам, як пагроза, i ўсе падпiсалiся пад лiстом Сталiну.
Я страшэнна быў незадаволены сабой. "Называецца, выступiў". Пайшоў у хату - мацi гукала есьцi.
Толькi селi за стол, як прыйшла Агапка, нашая вясковая дзяўчына. Яна скончыла сямiгодку, i нiбыта хоча параiцца са мною, куды ёй паступiць далей. Але ейны прыход быў успрыняты iнакш - яе цiкавiць не вучоба, а нешта iншае. Гэта ўжо ня першы раз, што яна прыходзiць да нас у хату, робiць мне нязручнасьць, запрашае мяне куды-небудзь пайсьцi з ёю - то ў калгасную канцылярыю рабiць насьценную газету, то на танцы, то проста пагуляць, прайсьцiся з ёю па вулiцы. Але я не магу прыняць нiводнай ейнай прапановы: не хачу з ёю зьвязвацца. Аднойчы было й пагадзiўся, выйшаў з ёю на вулiцу, дык яна адразу мяне пад руку, шчыльна тулiцца, а мне ад сораму хоць праз зямлю правалiся - я нiколi нi з кiм не хадзiў пад ручку, ды яшчэ па вулiцы, каб усе глядзелi на цябе. Гэта толькi яна можа вытрымаць, ня гнуцца пад позiркам усёй вулiцы. I я зарокся - нiкуды не хадзiць з ёю. Але й не хацеў яе крыўдзiць. Я-ж студэнт i мушу абыходзiцца з ёю культурна, не паказваць сябе дзiкуном. Яна бяз мала таксама студэнтка, калега мне. Пасвойму мне нават шкада яе. Вось i цяпер - сядзiць на лаўцы, спрабуе загаварыць, але нi бацька, нi мацi, нi сястра ў гаворку з ёй ня ўступаюць. Маўчу i я. Ветлiвасьць вымагала-б запрасiць яе за стол, але гэтая традыцыя была парушаная ў дачыненьнi да яе: бацькi ня лiчылi яе роўнай мне i паставiлiся да яе досыць няпрыхiльна. Ёй няёмка, яна ня ведае, як ёй быць, круцiцца, ёрзае на лаўцы. Я сяджу, як на вуглёх, раблю перад бацькам выгляд, што ня цiкаўлюся ёю. Мне здаецца, што мацi добра ведае, чаго яна прыйшла, i гэта яшчэ больш бянтэжыць мяне. Мне сорамна, што дзяўчына сама завiтала да мяне ў хату гэтак адкрыта. Трывае нязносная напружанасьць i маўчанка, толькi чуваць, як бацька сярдзiта сёрбае, паскорана сiляючы з мiскi капусту. Нарэшце, мы скончылi есьцi. Я вылажу з-за стала, яна злазiць з лаўкi, гэстамi i рухамi выводзiць мяне з хаты. За дзьвярыма ўлавiла маю руку i, разагрэтая, зiхатлiвая, у нецярпеньнi мала ня цягнiць мяне праз варотцы ў наш сад, дзе яшчэ з мiнулага лета стаяў будан: бацька начаваў там, калi дасьпявалi яблыкi, каб нiхто не абтрос iх. Агапкiны бацькi - нашыя суседзi, iхны i наш двор перагароджаны толькi нявысокiм плотам i канешне-ж Агапка ведае пра iснаваньне ў нашым садзе гэтага будана. Ашчаперыла мяне аберуч за шыю i сунецца задам, цягне да будана. Пры самым уваходзе ў яго, падае наўзнач. Самлелая, цiха ляжыць, як у няпрытомнасьцi. Я маруджу... Рыпнулi варотцы мацi. Я ўскочыў. Мацi ўжо выходзiла праз заднiя дзьверцы ў поле, як-бы нiчога не пабачыўшы. Агапка, узьняўшыся, аплявушыла мяне з усяго маху. Пайшла прэч, не азiрнуўшыся.