Сястра мая, даўно цябе ня бачыў
ад самага крывавага жнiўя.
Балюча мне за ўсе мае няўдачы,
за ўсе мае грахi, што аплацiў не я.
Калi-б нi я, усё было-б iначай,
я стаўся ўсяму вiной:
жыцьцё сваё i ваша перайначыў,
i ўсё пайшло ня тою стараной.
Яшчэ калi баi iшлi далёка,
а ўжо ў перадсьмяротны час
страшней вайны аднекуль з боку
наш лёс насоўваўся на нас.
Адно другога ўсё трагiчней,
i страшна - гора бяз турбот
збываў я песьняю лiрычнай,
замест каб стаць на эшафот.
Вясна ўжо выбухнула зялёнымi выбухамi купчастых дрэў. Мокрае абнавiлася, патанула ў гэтых выбухах. Павеяла вясновым ветрам, заблiшчэла поле краскамi, узьнялося сонца i сьвецiць павясноваму радасна, блiскотна, урачыста. I я зноў на новым пад'ёме. Адчуваю ў сабе прыток новай сiлы. Уваскрасаю разам з прыродаю. Шмат пiшу. Уклаў зборнiк сваiх вершаў. Старанна перапiсаў атрымалася цэлая кнiга. Засунуў пад наша застрэшша на двары. Некалi мо вярнуся, дык буду мець, дык, паехаўшы ў Менск, аддам у выдавецтва.
Тое, што недзе ўначы гудуць самалёты мяне анi ня турбуе. Тое, што выбухi з кожным тыднем як-бы наблiжаюцца, успрыймаецца мною як нешта пабочнае. Вёска рыхтуецца да Вялiкадня. Белiць у хаце печы, чысьцiць, прыбiрае, пячэ пасхi, фарбуе яйкi. Бацька напачатку ня думаў - як звычайна перад Вялiкаднем - бялiць печ, нешта перарабляць, перастаўляць у хаце, прыбiраць на панадворку i вакол хаты, але перадумаў - узяўся. Як-жа адступаць ад даўно заведзенага? Не глядзi на нiшто. Памiрай, а жыта сей. Мацi з сястрой льлюць на падлогу гарачую з чыгуноў ваду, адскрабаюць нарослы за зiму на цэлы корх бруд. Падлога, як новая, засьвяцiлася сваiмi сасновымi палавiцамi. Каб не насьлядзiць, захаваць падлогу чыстай i на сьвята, бацька заслаў яе саломай i мы ходзiм па ёй дзень, а то й два, пакуль не адкрыем на сьвята. Хата, пасьля чысткi i ўпарадкаваньня - як ня тая: Вялiкодная, сьветлая, радасная.
Заўзята рыхтуецца да Влiкадня i Хiма. У яе ўжо ўсё гатова: пасха, кулiчы, сыр, шынка. Яна павязе пасху ў Папову Гару сьвяцiць - кажуць, там ёсьць поп. Дуся дапамагае мацi ва ўсiм. Я-ж майструю люльку - Дуся будзе хутка раджаць. Яна выглядае цяпер яшчэ прыгажэй i зайздросьней. Жывот толькi трохi выпiрае пад ейнай балахонкай яго амаль ня вiдаць. Яна яшчэ як дзеўка, толькi трошкi як-бы папаўнела, акруглiлася, паходка сьцiшаная, ейны стан тоiць у сабе нешта такое, што мне да спадобы, прыгожы, прывабны, на ёй блюзка-бязрукаўка, грудзi заяўляюць пра сябе болей, як раней, шыя - тонкага крою, вочы - як у iконкi, толькi цяпер больш глыбокiя i супакоеныя. Дуся, стоячы над сталом, фарбуе, расьпiсвае яйкi i ўсьмешка ў яе, як у нованароджанай. Зьверху, з покуця, на яе глядзiць Божая мацi i мне здаецца, што цяпер iх дзьве. Прыбраная хата, сьветлыя вокны, накрыты белым абрусам стол, Дуся каля яго, запаленая лямпадка пад абразамi i нават тое, што я майструю люльку, стругаю гэблiкам дно пад яе i мне пад ногi спадаюць закручастыя стружкi - усё гэта мае нейкi асаблiвы сэнс, ва ўсiм гэтым адчуваньне нечага, што мае хутка наступiць, адчуваньне, што яно ўжо тут, у хаце, варта толькi нейкай нябачнай завесе расьхiнуцца - i зьявiцца цуда. Толькi трэба ўчуцца i чакаць. Усё ў чаканьнi - i Дуся, i люлька, i хата, i я.
Я ўсё сваё жыцьцё чакаў. Думаў, што ўсё маё яшчэ наперадзе. Што прыйдзе тое сапраўднае, маё, чаго я хачу i да чаго iмкнуся. Што тое, чым я жыву цяпер - гэта яшчэ не маё я, што маё я яшчэ будзе, мае наступiць. А што такое маё я, якое яно, я й сам ня ведаў. Ды й ня думаў пра гэта нiколi. Але ўсё-ткi недзе, у падсьведамасьцi, было спадзяваньне нечага, хоць мне i няяснага. Я ня ведаў, што яно такое i ня меў клопату пазнаць яго. Гэта я ўжо цяпер "аналiзую". Тады-ж я нiчога ня ведаў i ведаць не хацеў. У мяне ня было нiякай патрэбы да майго я. Я быў шчасьлiвейшым чалавекам без яго. Нашто яно было мне? Мне было добра жыць без яго, без майго я. Гэта ўжо неяк бацька прабудзiў тое маё я.
У Першую сусьветную вайну бацька мой быў салдатам, звычайным салдатам, ня ўмеў нi пiсаць, нi чытаць. Быў ён на фронце недзе ў Румынii. Умовы на пазыцыях цяжкiя, у тым лiку - санiтарныя - завялiся вошы i блохi. Заелi, скусалi салдатаў. Бацькаў камандзiр, якога ён паважаў, як адукаванага i разумнага чалавека, вазьмi i напiшы верш пра вош. Бацька ня гаварыў "напiсаў верш", а "складна ўняў пра вош". У тым вершы, зьвернутым да вашы, камандзiр радзiў ёй, вашы, пакiнуць грызьцi беднага салдата ў зямлянцы, худога i зьнясiленага, а запаўзьцi пад кашулю афiцэра, ён гладзейшы, у яго больш крывi, чыстая бялiзна i наогул куды лепшыя ўмовы, як у таго абяскроўленага салдата. Камандзiр прачытаў свой твор салдатам i тыя, канешне, былi ў захапленьнi ад яго. Гэтую гiсторыю бацька расказаў мне, калi я хадзiў у трэйцюю клясу. Закончыў бацька пра свайго камандзiра словамi: "Складна ўмеў пiсаць. Вот чалавек быў! Галава!"
Я й захацеў быць той "галавой", захацеў "складна" пiсаць. Гэтак пачалося ўсьведамленьне майго я. I цяпер я - як-бы на самай справе я. Але гэтае маё я завяло мяне, вiдаць, ня туды. Я пакутваю ад яго. I ня толькi я, а й мае блiжнiя. Я паддаўся свайму я. Яно перамагло мяне. Дзе цяпер я? Дзе цяпер яно? Нiдзе. Да майго я зьвяртаецца цяпер бацька, просiць, каб маё я нешта парадзiла. Што нам рабiць i куды дзецца? Але маё я слабое. Яно ня здольна на нейкi рашучы крок. Я ў палоне майго я. Над iм не стаiць розум. Маё я не падпарадкоўваецца розуму. Я раблю ўсё насуперак розуму. Мне, напрыклад, трэба было-б пайсьцi ў партызаны. Паслухацца Вяркеева, а яшчэ перад iм - тых, што заходзiлi да нас, дамагалiся сустрэчы са мною. Выпускаў-бы газэту. Складаў-бы лiстоўкi. Я-ж навучыўся ўжо пiсаць "складна". Быў-бы ў лясным партызанскiм штабе. Мог-бы ўзяць з сабою i Дусю, цi хадзiць да яе з лесу. Каб у мяне быў розум, ён падказаў-бы мне толькi такi варыянт. Але маё я не захацела. Адкiнула такi вырыянт. Пайшоўшы ў лес, я мог-бы выжыць у лесе: лес усё-ткi - ня фронт. А прыйшоў-бы той сапраўдны фронт, ён хiба ацанiў-бы мае лясныя партызанскiя заслугi i ўзяў-бы мяне на сваё ўзбраеньне, як чалавека, што ўмее складна пiсаць? I гэтак я пераседзеў-бы недзе ўсю вайну, як яе пераседзелi шмат якiя майстры складна пiсаць. Таго глядзi, я мог-бы быць сёньня ў маёй шматпакутнай Беларусi народным. Але маё неразумнае я не пайшло па гэтай дарозе, засталося сваiм я. Мне не наканавана было быць народным. I гэтак я застаўся з сваiм я. Я ня ведаю, цi гэта добра. Цешу сябе толькi тым, што, не зрабiўшыся народным, я меў магчымасьць сказаць пра сваё я. Часамi прыходзiць дума, якую я, канешне, нiкому ня выказваю, што гэтае маё маленькае я некалi перацягне на вазе справядлiвасьцi народнага гладкапiсца. Але гэта толькi мiж iншага.
Ды як-бы там нi было, майму я прад'яўлены цяпер рахунак. I я плачу па iм. Ужо заплацiў самай дарагой i жудкай цаной. Нарэшце, маё я прывяло да таго Зыходу, пра якi я гаварыў раней.
Застаўшыся з сваiм рахункам сам-на-сам, я сяджу цяпер i думаю. Не, я нават ня думаю. Маё я ня думае. Яно ня ўмее думаць. Цi можа ня хоча. Ня хоча азмрочваць свайго iснаваньня, як я.
Пайду да Дусi. Я даўно ўжо ня быў у яе. Ад самага Вялiкадня. Працаваў у сястры, што ў Красным Вуглу. Ейны муж прыйшоў быў з палону, але не пабыў у хаце i тыдню, як яго сьцягнулi з печы партызаны i забралi з сабою. Мiж iншага, пазьней ён загiне ў Бэрлiне, пры ўзяцьцi Рэйхстагу. Калi я прыйшоў да Дусi, у яе былi пачаўшыся ўжо схваткi. Цэлую ноч ня спала. Прайшлi болi, а цяпер зноў. Мацi супакойвае яе, кажа, што гэта яшчэ толькi "зьвяшчэньне". Пры мне Дуся хоча трымацца бадзёра, але гэта ёй ня надта ўдаецца. У сьлязах гаворыць мне: "Памру, Юзiк", просiць быць з ёю. Яна перайшла ў нашу Сьвятлiцу, за шырму. Лягла на ложак. Я каля яе. Цалую яе. Супакойваю. Хачу адхiнуць коўдру, якой яна накрылся, хачу паглядзець, як будзе йсьцi Юзiк, а яна просiць не глядзець на яе, гаворыць, яна цяпер няпрыгожая. Сьцiхла. Мусiць, заснула. Хiма просiць мяне адыйсьцiся ад Дусi - няхай пасьпiць. Я выйшаў з Сьвятлiцы, узяўшы з Дусiнай палiчкi ейны сшытак i алавiчок. Сеў за стол. Хачу нешта напiсаць Юзiку. Даць яму нейкае настаўленьне, якiм-бы ён кiраваўся ў жыцьцi. Думаю. I ўжо, хутчэй мой розум падказаў мне: