Дуся прыносiць з сабой i яду, i мы тады застаемся ў полi даўжэй. Да паўдня сходзiм яго ўсё. Гэта-ж тое самае поле, якiм я бег, уцякаючы ад партызана, што страляў па мне. Дуся дакладна вызначае мой сьлед, той сьлед, iдучы якiм, яна знайшла мяне з Дар'яй у Вiроўцы. Гэтай вясной, калi сагнала сьнег, яна змагла сабраць усе гiльзы ад тых куль, што былi выпушчаны па мне. Яны клалiся радком i Дуся лёгка знаходзiла iх. З падваконьнiку ў нашай хаце, дзе яны цяпер ляжаць, iх нiхто ня прыймае. Калi сястра, выцiраючы пыл, закране iх, яны скрануцца i пакоцяцца, каб потым зноў супакоiцца.
Я люблю глядзець, як Дуся, седзячы ў траве, кормiць Васiлька. Вынiмiць, вызвалiць свае цыцы i дае яму, ён рупна бярэцца за сваё i, задаволiўшыся, засынае ў яе на руках. Калi яна кормiць яго, яна сьцiшаецца, як-бы прыслухоўваецца, замiрае, аддаецца яму ўся i чуе, як Васiлёк яе цягне. Гэты цяг ёй дужа падабаецца. Гаворыць: "Няхай цягне, набiраецца сiлы, дужэе, расьце".
Дзень пачаўся нязвычайным зьявiшчам. Густа ўкрылася самалётамi неба над Мокрым. Нiзка лятуць i садзяцца дзесьцi недалёка, за лесам. А адтуль, з-за лесу, узьнiмаюцца iншыя, iдуць насустрач. Разьмiнаюцца. Як адны, гэтак i другiя - нямецкiя самалёты. Плаўна iдуць над вёскай, пакалыхваюцца пузам, аглушаюць навакольле. На тых, што ўзьнiмаюцца з-за лесу - чырвоныя крыжы: вязуць параненых. Што йдуць туды - на тых падмацаваньне. Усiх iх гэтулькi, што ад iх цёмна ў небе. Ценi ад iх пнуцца па зямлi. Праляцiць адна хваля, а за ёю - другая. Хоць яны йдуць над Мокрым няхутка - усё роўна як плывуць - але яны лятуць у сьпешцы, быццам ад таго, як яны справяцца, залежыць быць iм цi ня быць. Там, куды яны лятуць, iдзе гарачае жнiва - крывавы бой, у разьзяўленае жэрла якога кiдаюцца ўсё новыя i новыя ахвяры, i самалёты з чырвонымi крыжамi, здаецца, не спраўляюцца вывозiць iх адтуль. Тыя, што йдуць туды, зьнiжаючыся над лесам, здаецца, спаўзаюць па ягоных верхавiнах унiз. А адтуль выныраюць iншыя. Узьняўшыся настолькi, каб не зачапiцца за дрэвы, яны пралятаюць над хатамi гэтак нiзка, што здаецца гатовы ўсмактаць iх. Яшчэ людзi не пасьпелi выгнаць статак на поле, i ён з перапуду шалее ў хлявох. Людзi, што дасюль ня бачылi вайны, мiрна сядзелi ў сваiм забалоцьцi, напалоханыя гэтым насланьнём, ня ведаюць цяпер, што дзеецца. Але вось, як па якой камандзе, лёт перапынiўся. Нi туды, нi адтуль - нiводнага самалёту. Людзi высыпалi на вулiцу, зьдзiўленыя i напалоханыя. Пытаюцца адзiн у ваднога - што гэта будзе? Iнвалiд Першай сусьветнай вайны, Вусаты Якаў, акружаны бабамi, тлумачыць: нашы здорава дзяруцца, душна немцу, дык i ратуюцца во. Гэта ясна. Праз дзень-два - пабачыце - нашыя будуць тут. Немец не ўратуецца. Бачаце, як яго калоцiць лiхарадка.
Але па абедзе самалёты хлынулi зноў гэтак-жа нечакана, як i ранiцою. Толькi самалёты ўжо iншыя - чорныя, цяжкiя, раўма равуць, рэжуць неба, магутныя. З-за лесу, як-бы з-пад зямлi, крута ўзьляцела ў неба некалькi малых самалётаў. Яны разьвярнулiся ў небе, iмклiва i рашуча, у вадно iмгненьне, шчапiлiся ў бiтве i адзiн з iх, з хвастом дыму i скогатам упаў на лес. Бiтва iшла высока ў небе. Мiж кiм яна йшла - людзi з Мокрага ня ведалi. Толькi бачна было, што з малымi самалётамi шчапiлiся iншыя, такiя-ж малыя самалёты. I было страшна глядзець, як яны рэзалiся, узьляталi, падалi, зноў узьляталi. У ваднаго з iх адарвалася крыло, i самалёт тарчма ўпаў у Махавое балота. Бой трываў нядоўга, адна з старон - чыя яна? - вiдаць было, не ўстаяла i змылася з неба гэтак-жа хутка, як i наляцела.
Надзвычайнае вiдовiшча, пра якое я толькi што гаварыў, застала мяне з Дусяй i Васiльком у полi. Дуся прыйшла рана, калi было яшчэ ўсё спакойна. Я быў зьдзiўлены, калi заўважыў яе з Васiльком яшчэ ў выгане i ў страху падумаў, што нешта здарылася нядобрае. Ужо па тым, як яна iшла, па ейнай паходцы, зразумеў - ня з добрымi весьцямi. Пабег ёй насустрач i Дуся ў сьлязах: "Бугроў!" Бяру ў яе Васiлька. Выцiраючы сьлёзы, яна: "...прыставаў, пагражаў. Я кармiла якраз Васiлька - праснуўся ўначы i не хацеў спаць. Колькi ня люляла, не хацеў ляжаць у люльцы - прасiўся на рукi. Чую - нехта пачаў тармасiць дзьверы. Бацька зьлез з печы - адчыняе: наставiўшы на бацьку лiхтарык, улазiць Бугроў i з iм яшчэ нейкiх двое. Я як трымала на руках Васiлька, так i засталася сядзець з iм на ложку. Адразу да мяне - ад яго тхнула гарэлка "Пазнаеш гэтага рабёнка"? Уталопiўся ў Васiлька: "Так табе гэта ня пройдзе!" I сунецца да мяне. Я ў крык i, прыцiскаючы Васiлька да грудзей, адсоўваюся задам да сьцяны. Бацька як стаяў сярод хаты, схапiў у парозе таўкач i, замахнуўшыся, гатовы быў выцяць яго ззаду, ды тыя двое, што стаялi таксама з лiхтарыкамi, схапiлi бацьку i навотмаш кiнулi на падлогу. Мацi кiнулася да мяне. Засланяе мяне. Крычыць на ўвесь голас: "Людзi добрыя, ратуйце! Памажэце, людзi добрыя!" Бугроў аголтаўся. Адступiў. Бацька, устаўшы, падыйшоў да яго: "Што табе трэба ў нас? Выйдзi, прашу цябе па добраму!" Калоцiцца ўвесь. Не можа стрымацца. Двое тыя кiўнулi Бугрову галавой - адыходзiць! Ён-жа не йдзе. Абазваў мяне абiднымi словамi. I ў парозе ўсё яшчэ крычаў: "Пазнаеш па чым хунт табаку!" Выходзячы, тыя двое паказалi бацьку на таўкач: "Глядзi, каб ён не пахадзiў па тваёй галаве." I выйшлi".
Дуся абыймае мяне i ў плачы просiць: "Юзiк, калi ты любiш мяне, калi табе дораг Васiлёк, пойдзем адсюль. Пойдзем, куды хочаш, абы ня быць тут. Мы ня можам заставацца тут. Ён азьвярэў, седзячы ў лесе. Ён уходаець i мяне, i Васiлька, i цябе. Яму трэба людзкая кроў. Куды нам дзецца, Юзiк? Шукай для нас мейсца. Чаго-ж мы тут дачакаемся?"
Плача... З Васiльком на руцэ прыцiскаю Дусю да сябе. Яна ўхапiлася за нас, абаiх, а тут - самалёты. Адкуль нi ўзялiся, наплываюць. Сунуцца. Адзiн па адным. Хвалямi. Пакрываюць неба. Гудуць. Нiзка. Над самай галавой. Дуся ў бяспамцьстве - што i адкуль? Хапаецца за Васiлька. У сполаху глядзiць на мяне. Гавару ёй: "Ня бойся. Нас не зачэпяць. Пралятуць".
Толькi, калi ачысьцiлася неба ад самалётаў, сьцiх iхны гул, мы пакiнулi поле. Прыйшлi да Дусi ў хату. Пiлiп i Хiма былi ў засмучэньнi i, вiдаць, ня надта задаволеныя мною. Хiма зноў пачала зьвяртацца да мяне: "Масеевiч".
- Масеевiч, трэба-ж нешта думаць. Не пакiдаць-жа Дусю з дзiцем на страд.
Яго бачылi, як ён iшоў па вулiцы - адкрыта, не хаваючыся, спаважна. Ён iшоў так, каб яго прыкмецiлi, каб яго пазналi, хто ён такi. Iшоў, нiкога i нiчога не баючыся - сярод белага дня. Не аглядаўся па бакох - iшоў проста па вулiцы, акамянелы i суровы. Iшоў не пазiраючы ў вокны, але з выглядам, што ён усё бачыць, ведае, чым хто дыша, каго хто чакаў, на што спадзяваўся. Апаясаны патранташам i з наганам пры боку, ён дэманстраваў свой паварот, паказваў, што ён ня згiнуў, прыйшоў во i будзе тут, як i быў. Уся ягоная постаць гаварыла, што скончыўся час у тых, хто яго ўжо не чакаў. Прайшоўшы вулiцу з канца ў канец, ён вярнуўся, каб прайсьцi яе яшчэ раз. Дайшоў да будынку сельсавету, узыйшоў на ганак i, як гаспадар, азiрнуўся навокал - глядзiце, як стаяў я тут, так i стаю. Сыйшоўшы з ганку, агледзеў звонку колiшнюю сваю рэзыдэнцыю - вокны з пустымi праёмамi i ўзломаным франтонам. Глядзеў, упэўнены, што яго бачаць i што ягоная прысутнасьць робiць адпаведнае ўражаньне. Пастаяў перад апусьцелым i разгромленым Сельпо. Пайшоў на мост, каб прайсьцiся i па вулiцы Мокрага Другога. З мосту яшчэ зiрнуў на школу, што паказалася яму вызваленымi ад бляхi страпiламi. Уступiў у вулiцу. Коўратаў, якiмi яна зачынялася, няма. Направа i налева - першыя, знаёмыя яму хаты. Ён не аднойчы быў у iх. Выпiваў. Абмяркоўваў важныя пытаньнi з людзьмi, блiзкiмi яму. Наступная хата зьлева... Ён ня можа ўстрымацца, каб ня кiнуць вокам на яе. Кiнуў - а там, у вакне, матнулася нечая постаць. Убачылi яго? Яшчэ пабачаць! Пайшоў далей, у самы канец вулiцы.