Лявонавiч думаў, што ён будзе вяртацца назад - вулiца-ж канчаецца абрывам - але, колькi ён нi стаяў перад вакном, яго болей ня вiдно было. Паказаўся i зьнiк. Навёў страху i пайшоў, пакiнуўшы загадку пра сябе. Але тут ня было нiякай загадкi. Бронь пачала вылазiць з лесу, адкрыта паказвацца на вачох. Чуваць ужо дыханьне фронту, пахне крывёю, сасьмяглым жалезам i порахам. Глуха ўздыхае зямля. Туды i назад шнуруюць самалёты. У Касьцюковiчы прыбываюць няспыннай чарадою амбулянсы з параненымi, акрываўленымi немцамi. Партызаны паралiзавалi чыгунку. Iм трэба чым-небудзь апраўдаць сваё доўгае сядзеньне ў лясох. Прыйдуць свае i ў iх запытаюцца, што яны рабiлi, якiя iх баявыя дзеяньнi, змагалiся яны цi хавалiся пад спаднiцамi, каго яны болей зьнiшчылi немцаў цi сваiх. Яны зашавалiлiся, рыскаюць па ўсiх дарогах, ловяць, затрымлiваюць, дапытваюць. Яны думаюць - пра iх даносяць ворагу. Яны надта пiльныя. У тыле ворага яны стварылi спрыяльныя перадумовы для пасьпяховага наступу Чырвонай армii. Ачысьцiлi тыл ад здраднiцкiх элемэнтаў. Ведаюць усё, дзе якая небясьпека i як яе папярэдзiць. Яны падрыхтавалi насельнiцтва для сустрэчы пераможнага шэсьця Чырвонай армii. Яны няздарма пралiвалi кроў - сваю i чужую, пакутвалi, мёрзьлi, гэтымi iхнымi пакутамi забясьпечана перамога.
Мокрае Першае i Другое жылi дасюль няпрыкметным жыцьцём. Яно iшло на глыбiнi, недаступнай пабочнаму воку, было прыглушаным i цiхiм. Вёскi жылi ў няведаньнi, у чаканьнi свайго лёсу. I вось яны дачакалiся: спакутваныя воiны iдуць да iх, нясуць iм вызваленьне, хоць iх i няма ад чаго вызваляць. Яны былi тут забытыя, пакiнутыя на самiх сябе. Ды радасьць, а з ёй разам i трывога разварушылi збалелыя душы: "Нашыя йдуць. Слава Богу, вяртаюцца. Iдуць да матак сваiх i сясьцёр, да жонак i нявестаў сваiх. Iдуць сасьмяглыя, зьнясiленыя, спакутваныя. Няма слоў радасьцi i гору нашаму. А цi-ж вернецца мой? А цi-ж вернуцца мае? А цi-ж вернуцца ўсе, што пайшлi адсюль? Ой, ня ўсе вернуцца! Ой, ня ўсе прыйдуць! Густа ляглi яны. Усю зямлю ўкрылi".
Вайна далёка была - боль тупейшы быў. А наблiзiлася, кроўю, потам запахла - сэрца разрываецца: цi пабачу свайго? Цi ўгледжу? Я-ж сьнiла яго жывым i цэлым. Бачыла такiм, якiм ён пайшоў. А мо прыйдзе i пойдзе далей, не пабачыўшыся са мною? Яшчэ далёкая дарога ў яго.
Лявонавiч нiкога не чакаў - у яго ня было такой радасьцi. У яго было засмучэньне. Нехта прыйдзе, вернецца сюды, на сваё селiшча, а ён мусiць пакiдаць сваё. Ён ня хоча глядзець у вочы тым, хто прыйдзе. Ён спадзяваўся на iншае, а яно не наступiла. Ён ня хоча, каб над iм насьмiхалiся. Ён лепей пойдзе адсюль у сьвет, захавае свой боль пры сабе. Няхай ведаюць, што я нескароны. Мо скажуць - i я быў-бы ўсьцешаны тым - пакiнуў усё сваё, а даказаў. Такi быў ён, гэты пакутлiвы i абыйдзены шчасьцем чалавек. Нат шкада яго.
Балюча зракацца таго, што было сэнсам твайго жыцьця, што было набыта, створана табою, а яшчэ перад табою - тваiмi бацькам i дзедам, балюча пакiдаць свой кут, дзе ты пражыў усё сваё жыцьцё, дзе нарадзiлiся й вырасьлi твае дзецi, узварушвае да сьлёз растаньне з усiм, табе блiзкiм i родным, стоптаным i сходжаным табою, зросься, зраднiўся ты з кожнай драбнiцай, табе мiлай i дарагой, i ўсё-такi з усiм гэтым мой бацька вырашыў раськвiтацца. У хаце засмучанасьць, пакора, маўклiвасьць. Рукi нi за што не бяруцца, ня прыстаюць. Трэба тое схаваць, а гэна закапаць - усяго з сабою ня возьмеш. Гаршчок, чыгун, мiска, лыжка, патэльня просяцца ў рукi, а як гэта ўсё возьмеш? Усё, што нажывалi цяпер трэба пакiдаць. Перажываць гэта - вышэй чалавека. Мацi ня ведае за што ўзяцца. Начамi яна насiла дачцы ў Красны Вугал усё, што яна магла несьцi. Кошку, i тую аднясла, каб не засталася адна ў пустой хаце. Мы пераправiлi сястры ў Красны Вугал авечак, парсючка, курэй, крупы, жыта, ячменю. Шмат чаго закапалi на агародзе - будзем прыходзiць з Касьцюковiчаў i пакрысе забiраць. З сабой мы мала чаго можам ўзяць - у нас няма каня. Карысталiся iм па радоўцы.
I так я накiроўваюся ў Касьцюковiчы - шукаць для ўсiх нас нейкага прытулку. Яшчэ добра не сьцямнела, пусьцiўся ў дарогу. Iду на Вараноўку. Трэба завiтаць да Агапкi. Гэта мне па дарозе. Чуў - яна ўсё яшчэ там. Жыве ў школьным будынку. Ужо ссутунела, калi я прыйшоў ў Вараноўку. Падыйшоў да школы. У вуглавым пакоi гарыць лямпа. Вакно зацягнутае, i я не магу разгледзець, хто ў хаце. Але заходжу. Усё роўна - адна яна цi з кiм. Стукаюся. Адчыняе. Бясконца радая. Знаёмiць мяне з прысутным - старэйшым чалавекам. Той, аднак, пачаў зьбiрацца выходзiць i Агапка не затрымлiвала яго. Цалуе. Пытаецца, як гэта я надумаўся. Садзiць за стол. Пытаецца, цi хацеў-бы я выпiць што напачатку.
- Але - не. Перш раскажы, што ты робiш? Да каго ты там прыклеiўся, што вачэй не паказваеш? Нi слыху, нi дыху ад цябе. Добры з цябе таварыш. Расказвай усё падрабязна. Часу-ж у нас хопiць. Заначуеш у мяне. Дарэчы, куды йдзеш? Чаму ты захацеў мяне тут пабачыць? Я табе маю таксама шмат чаго расказаць. Ну дык расказвай, Мiкола.
Я сказаў, што йду ў Касьцюковiчы.
- А чаго процi ночы? - I жартам: - У мяне хацеў перабыць?
- Не. Рад-бы. Ды сьпяшаюся. Справа ёсьць.
- Цi не надумаўся ты здуру ўцякаць? Але што мы гаворым так, на суха. Давай чаго глытнем за сустрэчу. Такую дарагую для мяне.
Падыйшла. Абняла. Потым дастала з шафы пляшку гарэлкi, стаканы. Выпiлi.
- Дык можа-б ты цяпер разгаварыўся? Мяне цiкавiць перш бабскае дзела. Я-ж баба. Ты мо ажанiўся? Зрэшты, цi гэта мае якое значэньне цяпер? Я жанатая, але што з таго? Пакiньма гэта. Пра гэта потым. Ты-ж хiба ведаеш - нашыя не за гарамi. Блiзка ўжо. Дык мо сапраўды хочаш драпака даць? Чаго-ж у Касьцюковiчы? Мяне ня бойся. Гавары. Я з табою нарасхлiст.
Падыйшла i, ужо трохi ап'янелая, абвалiлася на мяне.
- Гапа, паслухй мяне. Ты пытаешся - чаго ў Касьцюковiчы? Хачу пакiнуць Мокрае. Назаўсёды. З бацькамi i з...
- Са мною? Дурылка, нiкуды ня йдзi. Заставайся ў мяне.
- Пачакай, Гапа. Раскажы ты. Як ты жывеш? Што новага ў цябе? Мне цiкава.
- Ты нейкiм багамольцам стаў.
Села на сваё мейсца.
- Дай я табе яшчэ падальлю. А сама я ўжо ап'янелая. Кажаш, хочаш пакiнуць Мокрае? Я таксама хацела-б выбрацца адсюль. Збрыдла. Коцiк, паедзем з табою ў Менск? Хацела-б туды. Можа-б я пабачыла свайго, калi ён - малюся - жыў. Возьмеш мяне? Куды-ж мне адной?
Села мне на каленi. Закiнула рукi за шыю.
- Нiкуды ня пушчу. У Менск... у Менск. - Цалуе. Прыпала да маiх грудзей. Я стамiлася, Мiкола. Я памагала нашым у лесе. Колькi магла. Шкада iх. Але-ж i сябе шкада. Ты шкадуеш мяне? - Утуляецца. - Колькi ўсякага ў iх! I ўсё страшное. Не магу прымiрыцца. Ты-ж мо чуў, што Вяркеева няма ў жывых? Дзесьцi iх закуталi. Божачка. Гэта-ж i твой таварыш.
Ейнае "гэта-ж i твой таварыш" ацьвярозiла мяне. Я ўзьняўся з крэсла, адвёўшы Гапкiны рукi.
- Хочаш мо чым падсiлкавацца?
- Дзякую, Гапа. Я пайду. Мне трэба, Гапа. Дзякую за пачастунак.
Абнiмаю яе крэпка-крэпка. Цалую. Гарну да грудзей. Прытуляю ў сьцiшнасьцi i жарсьцi. Яна супакоiлася. У супакоенасьцi самi па сабе пайшлi ў яе сьлёзы. Яны заблiшчэлi на ейных вейках, калi, вызвалiўшыся з маiх абдымкаў, яна паглядзела на мяне.
- Мiколка, iдзi, куды йдзеш. Трымаць цябе ня буду. Мо стрэнемся ў Менску?
I кiнулася яшчэ раз мне на грудзi. Апамятавалася. Падала руку. Я накiраваўся да дзьвярэй i, спынiўшыся на момант у цiхiм разьвiтальным паклоне, выйшаў.
У Касьцюковiчах я атрымаў месца бухгальтара на маслазаводе. З гэтага заводу ўцёк бухгальтар, забраўшы з сабою ўсю выручку. Мне далi ягоныя бухгальтарскiя кнiгi i папрасiлi адразу-ж распачаць працу. У нейкiм напоўразбураным будынку адвялi мне кватэру, вялiкi пусты пакой, накшталт нейкай салi, бяз кухнi, вады, ложкаў i ўсяго iншага, патрэбнага для жыцьця. Паставiлi толькi стол, з канапай побач. На гэтым стале я й пачаў разглядаць бухгальтарскiя кнiгi. Гартаў iх, углядаўся ў запiсы. зробленыя папярэднiм бухгальтарам, гартаў i нiчога не разумеў - дзе дэбiт, дзе крэдыт. Дырэктар маслазаводу - падазроны для мяне чалавек - у першыя днi на коратка заходзiў да мяне паглядзець што я за бухгальтар. Як ён паяўляўся ў дзьвярох, я пачынаў ляскаць на сваiм лiчыльнiку косткамi, ганяючы iх направа i налева, каб паказаць, што я нешта раблю, але па тым, як я гэта раблю, дырэктар, бязумоўна, здагадваўся, што я нiколi ня трымаў у сваiх руках гэтай прылады. Запытаецца ў мяне пра што-небудзь, коратка i суха, i пойдзе, а я застаюся сядзець над кнiгамi, спрабуючы разабрацца ў iх. Дырэктар папрасiў мяне зрабiць нешта накшталт рэвiзii, праверыць па кнiгах, што там i як. Колькi я нi бiўся, у мяне нiчога ня выходзiла. Нiяк ня мог праверыць балансу: кожны раз на лiчыльнiку ў мяне атрымлiвалася розная, ня тая самая лiчба. Падлiчваю адзiн i той-жа слупок па некалькi разоў, а вынiковая лiчба ўсякi раз не сыходзiцца. Стамляюся. Кiдаю. Пачынаю зноў. Нарэшце, пераконваюся, што гэта праца мне не па плячы. Асаблiва занепакоiўся, калi пачуў, што мой дырэктар маслазаводу быў у супалцы з сваiм папярэднiм - што ўцёк - бухгальтарам i што ён узяў мяне, недасьведчанага чалавека, у надзеi што iхнай афэры я не раскрыю, а яшчэ больш заблытаю i такiм парадкам магу яшчэ сам улезьцi ў гэта нячыстае дзела. Кляну сябе, што прыняў гэтую працу, хоць нiякiх iншых магчымасьцяў у мяне i ня было. Балазе, што мне паабяцалi кватэру, пiльна патрэбную мне. Удзень я б'юся над кнiгамi, а ўвечары - хоць задавiся. Сяджу адзiн у сваёй кватэры-пустэльнi. Ня ведаю, дзе дзецца. Баюся тут спаць. А лягу - сплю трывожна, мармычу, крычу, у сьне шукаю пры сабе Дусю, грабаю рукамi, а яе няма. Пуста. Яна мусiла-б ужо й быць. Але, вiдаць, нейкая затрымка, ды й не так лёгка выбрацца адтуль. Шкадую, што ня прыйшоў сюды разам з ёю. Як яна можа з дзiцем дабрацца сюды? Не дадумаў. Ня ўлiчыў усiх абставiнаў. Сапраўды, пакiнуў на "страд". Безадказна. Нясур'ёзна. Не памужчынску. У часе абеду забягаю на рынак - можа прыпадкам пабачу каго з Мокрага. Прыходзяць-жа сюды, каб здабыць што, з самых далёкiх куткоў, пераважна за сольлю. Ды нiкога з сваiх на рынку ня бачу i, занепакоены, iду назад, у сваю багадзельню. Саджуся за мае кнiгi. Гляджу ў iх, а думаю пра iншае, пра тых, каго са мною няма, а мусiлi-б ужо быць. Прачынаюся рана. Бягу на дарогу, што йдзе з Сьцюдзянца, паглядзець - можа йдуць яны, усе разам, з Дусяй. Нi па якой iншай дарозе яны ня могуць iсьцi. Ад Сьцюдзянца сюды толькi дзьве вярсты i гэта ўжо самы бясьпечны адцiнак дарогi. Пабачыў-бы iх, каб iшлi, але ня йдуць. Няма. Пануры, вяртаюся назад. За сваю бухгальтэрыю не бяруся ўжо. Знайшоў тры ложкi i матрацы да iх - прыйдуць, будзе на чым легчы. Але ня прыходзяць. Настае дзень, бягу зноў на дарогу i зноў - няма. Мокрае патанула ў нейкiм мроiве, хачу ўявiць яго, а яно - як па-за сьветам, як няма яго. А то наадварот - зырка бачу ў сваёй уяве то Дусю, як яна iдзе з дзiцем сюды, то бацькоў i сястру з клумкамi за сьпiною. Але гэта толькi ўява. Iх няма. А тут, у мястэчку, усё болей i болей нарастае трывога - чуцён фронт. Вязуць параненых, здаецца толькi што падабраных з поля бiтвы. Мой дырэктар маслазаводу патайна рыхтуецца да адступу, зафрахтаваў сабе цэлы вагон, каб калi надыйдзе той час, пакiнуць Касьцюковiчы з усiм сваiм скарбам. Ходзяць самыя розныя чуткi: немцы ўжо пакiдаюць Фэльдкамэндатуру, раённае начальства гатова змыцца ў кожную хвiлiну, палiцыя перабегла да партызанаў, на цягнiк бяруць толькi тых, хто гэтага даможыцца. А я? Я нiкога тут ня ведаю i мяне нiхто. У мяне нiякiх сувязяў. Я чуюся тут чужым i ўсё тут для мяне чужое.