Эма загаворвае з бацькам Ягоркi, прыглядаецца да Дусi. Ягор дастае з свайго куфэрку нейкiя рэчы - падарункi для мацi i бацькi. Я стаю i гляджу. Дуся чакае, што дасьць "брацiк" ёй.
- Табе дасьць нешта Эма.
Эма выцягвае з свайго "багажу" (яны яшчэ не распакавалiся) прыгожую блюзку:
- Надзень-ка, цi падыйдзе.
- Ськiнь-жа перш кашульку, - сказала Дусi ейная мацi.
Дуся ня слухаецца.
- Ну пасьля прымераець. Саромiцца Масеевiча. Грудкi вунь пайшлi ўжо, сказала Хiма.
Узяла з рук Эмы блюзку, павесiла ў шафе. Захадзiлася па хаце, пачала, сьпяшаючыся, рыхтаваць - i тое, i другое, i трэцяе, накрываць на стол, садзiць гасьцей, у тым лiку i мяне. Ейны "стары" дастаў з падпольля дзьве бутэлькi "сiвухi", свайго вырабу самагонку. Запалiлi вiсячую над сталом лямпу. Сьвятло ўпала на белы, чысьцюсенькi абрус, настала сьвята. Хiма ўжо ўсiх усадзiла за стол, толькi я стаю - мне трэба дахаты, мяне там чакаюць. Гадаюць, дзе я? Што са мною? Не вячэраюць - ждуць мяне. А мяне тут садзяць. Дусiна мацi ўгаворвае мяне, я аднекваюся. Я мусiў-бы быць ужо дома. Стаю, не саджуся за стол. Няўгледна Дуся (дзiўна, я называю яе ўжо Дусяй i мне стала гэта падабацца) пасьпела ўжо надзець блюзку, што ёй падаравала Эма, i цяпер, седзячы за столом, уся зiхцiцца, прычэсаная, зыркая, радасная. Хiма ўсё-ткi ўгаварыла сесьцi мяне за стол i якраз усадзiла мяне побач Дусi. Насупраць мяне, праз стол, сядзiць Эма, Дусiн бацька з Ягоркам сядзяць на покуце. Дусiна мацi пачала падаваць на стол. Сама не садзiлася яшчэ. Сказала, яна прымосьцiцца дзе-небудзь як управiцца, - "кыла сваёй дарагой нявестачкi". Гаспадар налiў у шклянкi гарэлкi - усiм, апрача Дусi. Ёй мацi прынесла малака з белым хлебам, што, вiдаць, прывёз Ягорка з Вiцебску. Выпiлi за прыежджых, за гасьцей. У лiк гасьцей Дусiн бацька залiчыў i мяне. Пiлi ўжо па другой, заядаючы. Я саромiўся, што са мною гэтак блiзка сядзiць Дуся, ня мог з ёю гаварыць. Распачаў гаворку праз стол з Эмай. Ад гарэлкi язык мой разьвязаўся. Эма была радая, што я зачапiў яе - разгаварылася са мною, як-бы з даўнiм знаёмым. Выклала ўсё: i дзе яна нарадзiлася, i хто ейныя бацькi, i дзе яна вучылася, i што яна робiць, i як яна пазнаёмiлася з "сваiм Ягорушкай". Дусiна мацi прысела да яе i ўважлiва слухала, вывучала "нявестачку". Гаспадар гаварыў найбольш з сынам, не забываючы частаваць гасьцей сваiм "першаком", самай моцнай гарэлкай, што iдзе з апарату на самым пачатку. Пазьнейшая гарэлка - гэта адгон. Ён слабейшы. "Пяршак" гарыць, як сьпiрт, адгон - не. Хiма зацягнула на вокнах "гардыны" з мяшка. Стала больш утульна. Хоць гэтая ўтульнасьць пачулася хутчэй ад "першаку". Стол ужо загаманiў, гудлiва, працяжна, голасна. Асаблiва была звонкай Эма, яна заглушала ўсiх, ня слухала, што гавораць iншыя, зьвярталася толькi да мяне, выцягваючы сваю доўгую, белую шыю i кладучыся на стол сваiмi адвiслымi грудзьмi. Глядзела на мяне як-бы спадыспаду - зьнiзу ўгору, на мае грудзi, а ня ў вочы мне. Хiма пазiрала на яе з нейкiм зьдзiўленьнем - думаю, Эма рабiла на яе хутчэй адмоўнае ўражаньне. Я гавару з Эмай, але чую каля сябе Дусю, што, прытаiўшыся, слухала маю з Эмай гаворку i быццам шукала зручнага моманту перапынiць яе. Эма, пабачыўшы, што я станаўлюся няўважлiвым да яе, павярнула сваю гаварыльню да свае сьвякрухi i было вiдаць як Хiма ўжо здаволiлася ёю, сваёю, можна ўжо сказаць, нявесткай: глядзела на яе ўсьмешлiва-ласкава, датыкалася да ейнага пляча рукой, нахiлялася да яе, калi гаварыла ёй нешта на вуха. Ягор, захоплены, выглядала, увайшоў з бацькам у нейкую дзелавую гутарку i не зьвяртаў увагi на iншых. Мяне для яго як-бы ня было. Я ўзяўся за сваю шклянку, пацягнуў яшчэ раз. Адчуў цяплыню. Гарэлка пайшла па жылах. У вушох зашумела. I мне было гэтак добра - ад шуму-дажджу ўнутры, ад таго, што выпiў i ад таго, што побач Дуся. Яна сядзела каля мяне, як пад крылом i, сьцiшаная, маўчала, быццам слухаючы мяне. Ейны бацька (пара-ж яго ўжо назваць) Пiлiп, што дасюль, можна сказаць, не зьвяртаў на мяне нiякай увагi, i, здавалася, быў ня надта задаволены маёй прысутнасьцяй, прывiтаў мяне, быццам толькi цяпер, угледзеўшы мяне за сталом:
- Што там чуваць у тваiм Менску? Там-жа ўсе новасьцi, у нас тут нiчога не пачуеш, - на вайну не заносiцца?
Я сказаў, што не, не заносiцца.
- Ну дык во й вып'ем за тое, што не заносiцца. Пабяруць-жа вас, калi што. I цябе, майго Ягорку, i ўсiх.
Пiлiп ужо быў п'яны. Праз нейкую паўзу загаварыў зноў:
- А ты, чуў, нешта пiшаш у газэты, Масеевiч? Але што ты можаш напiсаць, малакасос? Ты-ж ня ведаеш жыцьця. А выдумаць - што ты можаш выдумаць? Нiчога. А калi й выдумаеш, дык гэта будзе няпраўда. Вы ўсе цяпер пiшаце няпрўду. Хочаш, я табе раскажу адну праўду. Нiдзе - нi ў кнiжках, нi ў газэтах гэтага ня знойдзеш.
I ўжо хацеў быў пачаць...
- Татачка! - закрычэла Дуся. - Зноў пра ката будзеш?
Спалохалася, з мальбою ў вачох, зiрнула на мацi.
- Ды кiнь ты, стары дурань, ката свайго. Людзi абсьмяялi цябе i нас з табою - дражняць катом тваiм.
- Ды я хачу Масеевiчу расказаць, ён гэта ў газэце прапiша, i нас з табою, дура ты гэткая... Вот-жа, Масеевiч, наш кот, можна сказаць...
- Тата! Любенькi! Ня трэба. Ня будзем слухаць! - зноў занепакоiлася Дуся i сваёю даланёй накрыла бацьку рот. - Ня дам табе гаварыць, папачка!
Эма была запярэчыла: "Не мяшайце-ж чалавеку - няхай раскажа". Але Ягор махнуў ёй рукой: "Ня трэба! Сядзi там!"
Ягор найболей цярпеў ад бацькавага ката. Кожны дзень, бывала, калi ён прыходзiў у школу (у Мокрым яшчэ), вучнi пыталiся ў яго нiбы сур'ёзна:
- Ну, колькi ваш кот налавiў сёньня ўночы рыбы пад мостам? Усю прынёс дахаты, цi з'еў i табе нiчога не засталося?
На школьнай дошцы ў класе рысавалi ката, мост, рэчку. Кот апушчае свой хвост у ваду i на яго бярэцца рыба. Пад рысункам надпiсвалi: "Кот-рыбалоў". А побач рысавалi Ягорку з торбай праз плячо, гатовага класьцi злоўленую катом рыбу.
Даймалi ў школе гэтым катом-рыбаловам i Дусю. А пайшло ўсё ад таго, што Дусiн бацька - Пiлiп - выпiўшы ў кампанii, заўсёды пачынаў сваю байку пра ката-рыбалова, якi ня толькi сам кармiўся рыбаю, а й забясьпячаў ёю сям'ю свайго гаспадара. Кот выходзiць уначы на рэчку i там вудзiць - замест вудзiльна - сваiм хвастом. Есьць сам i дахаты прыносiць. Мяўкае пад дзьвярыма (з рыбаю), каб адчынiлi яму.
Пiлiп апавядаў пра свайго ката гэтак красамоўна, цiкава, праўдападобна, што яму можна было нават паверыць. Гэтым сваiм мастацтвам Пiлiп, Дусiн бацька, праслыў на цэлую ваколiцу. Да Пiлiпа ставiлiся паблажлiва, i пры кожнай нагодзе прасiлi яго расказаць пра свайго нязвычайнага ката. Пiлiпавы слухачы перамiргвалiся, сам-жа ён гэтага не заўважаў i з усёй пераканаўчасьцяй, захоплены сваiм апавяданьнем, выхваляў мастацтва свайго вучонага ката.
Вось i цяпер Дуся i Ягор баялiся, што ён зноў, як i заўсёды, пачне пра свайго ката.
- Як вы ўжо гэтак закрычэлi, дык я, халеры, паддамся вам. Вып'ю во. А ты чаго гэта прылiпла да чалавека? - строга зiрнуў Пiлiп на сваю дачку. - Дыхнуць свабодна не дасi.
Дуся страпянулася, як пракiнуўшыся ад сну.
- Ну, чаго ты накiнуўся на дзiцё? - заступiлася Хiма за дачку.
- Дзiцё... - прамырмытаў Пiлiп.
Я хачу пайсьцi, ды чамусьцi не магу адважыцца вылезьцi з-за стала. Сяджу. Каб я ня быў выпiўшы, я ўжо пайшоў-бы - у мяне не хапiла-б адвагi сядзець гэтак доўга за чужым сталом... пагатоў побач Дусi. Разабрацца-б, што мне Дусiна сям'я? Што мне Дуся сама? Што мне Ягор? Чаго я прыйшоў сюды? Мяне паманiлi i я - гатоў?
Вылажу з-за стала. За мной вышмыгнула i Дуся. Разьвiтваюся - спачатку з гаспадыняй, потым з Эмай. Дуся думае, што я падам руку i ёй - чакае. Зiрк вачэй - цёплы, ласкавы, прыхiльны. Ягор з бацькам застаюцца яшчэ на покуце. Няхай сядзяць. Падыходжу да парогу, каб ужо выйсьцi. Ягор з-за стала ўзьняў руку:
- Пачакай - правяду.
- I я з табою, - сьмела сказала Дуся.